Вы тут

Ігар Петрышэнка: Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі


Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі наведаў Літву з афіцыйным візітам. Ён прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў у Вільнюсе.


Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў у Вільнюсе. У складзе беларускай дэлегацыі — супрацоўнікі дыпмісіі нашай краіны ў Літве, прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук, служачыя Следчага камітэта Беларусі. Разам з прэзідэнтамі Літвы і Польшчы Ігар Петрышэнка прыняў удзел у святой імшы ў Кафедральным саборы-базіліцы Святога Станіслава і Святога Уладзіслава. Раніцай у пятніцу у гэтым саборы былі выстаўлены труны кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання для грамадскага развітання.

Пасля цырымоніі ўскладання кветак кіраўнікі дэлегацый выступілі з прамовамі.

Цырымонія — гістарычны момант, аднолькава важны для беларускага, літоўскага, польскага, украінскага і латышскага народаў, лічыць намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.

«Падзеі 1863–1864 гадоў, якія закранулі тэрыторыі адразу некалькіх дзяржаў Усходняй Еўропы, адбываліся і на нашых землях. Большасць асобаў, якім мы сёння аддаем даніну памяці, з’яўляюцца сынамі беларускай зямлі, звязанымі з ёй агульным лёсам. Для беларусаў гэта не толькі ўспамін мінулага, але і — што нашмат больш важна — магчымасць аддаць належную пашану нашым продкам, спачыўшым на гэтай зямлі», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Па словах віцэ-прэм’ера, запаветы змагароў не страцілі актуальнасці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны «За моцную і квітнеючую Беларусь», у нашай працы па стварэнні дзяржавы для народа. «Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі, як і падзеі паўстання 19 стагоддзя», — падкрэсліў намеснік кіраўніка ўрада. 

Памяць аб Кастусі Каліноўскім увекавечана ў нашай краіне ў Свіслачы, дзе ён вучыўся, у творах беларускіх пісьменнікаў, мастакоў і скульптараў, у назвах вуліц, школаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны адна з партызанскіх брыгад насіла яго імя.

«Калі літоўскія навукоўцы яшчэ ў 2017 годзе выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя астанкі могуць належаць удзельнікам паўстання, наша краіна ўключылася ў працэс па іх ідэнтыфікацыі па дыпламатычнай, навуковай, гістарычнай і следчых лініях», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Дарэчы беларуская мова прысутнічае ў афармленні мемарыялу, дзе будуць пакоіцца паўстанцы.

Ігар Петрышэнка падзякаваў літоўскаму боку за праведзеную працу, плённае супрацоўніцтва і магчымасць усім разам быць у Вільнюсе дзеля ўшанавання нашых землякоў.

«Перакананы, што капліца на могілках Роса стане тым месцам, куды будуць прыходзіць беларусы, літоўцы, палякі, латышы і ўкраінцы, каб аддаць пашану памяці сваім землякам»,— упэўнены намеснік прэм’ер-міністра.

У заключэнні ён падкрэсліў, што постаць Каліноўскага не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах, а наадварот — гэта старонка сумеснага мінулага нас аб’ядноўвае зараз.

Ігар Петрышэнка ў складзе пешай працэсіі разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Науседай і Польшчы Анджэем Дудай рухаюцца да месца пахавання ўдзельнікаў паўстання на могілках Роса. Пасля заканчэння цырымоніі запланаваны ўдзел кіраўніка беларускай дэлегацыі ў сустрэчы прэзідэнта Наўседы з кіраўнікамі замежных дэлегацый.

У тэму

Пахаванні былі знойдзены 3 студзеня 2017 года падчас узмацнення схілаў гары Гедыміна ў Вільнюсе. Калі стала зразумела, што гэта рэшткі ўдзельнікаў паўстання, пошукі працягнуліся і былі выяўлены пахаванні 20 чалавек. Кураўнікоў і ўдзельнікаў падаўленага паўстання 1863–1864 гадоў пакаралі смерцю праз павешанне або расстрэл па прыказе віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва на Лукішскай плошчы Вільнюса. Дакладнае месца пахавання забітых было невядома, каб яно не не стала кропкай прыкланення паўстанцам.

У пачатку гэтага тыдня МЗС Беларусі перадаў літоўскаму боку, які прадстаўляў Пасол Літвы ў нашай краіне, вынікі экспертызы (у тым ліку ДНК) матэрыялаў з магчымага пахавання Віктара Каліноўскага, сваяка арганізатара паўстання Кастуся Каліноўскага, у Свіслачы. Гэта было неабходна таму што ідэнтыфікацыя рэштак Кастуся Каліноўскага мае верагоднасць толькі 95 %. Аналіз матэрыялаў Віктара дапамог бы павялічыць верагоднасць, што было знойдзена месца пахавання менавіта кіраўніка паўстання.

Беларускі МЗС супрацоўнічаў з літоўскімі калегамі па ідэнтыфікацыі парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Пасольства Беларусі ў Літве па запрашэнні літоўскага боку наведала месца археалагічных раскопак на гары Гедыміна ў Вільнюсе яшчэ ў 2017 годзе. На працягу 2017 года адбыўся шэраг сустрэч беларускіх дыпламатаў з літоўскімі навукоўцамі і экспертамі, якія непасрэдна кіравалі археалагічнымі працамі на гары Гедыміна. У 2018 годзе Літву наведала афіцыйная група беларускіх экспертаў Акадэміі навук, Дзяржаўнага Камітэта Судовых Экспертыз.

«У 2019 годзе кантакты Пасольства Беларусі ў Літве з літоўскім бокам былі працягнуты. Абмяркоўваліся арганізацыйна-тэхнічныя пытанні правядзення цырымоніі перапахавання, а таксама забеспячэння прысутнасці беларускай мовы на мемарыяльных дошках, — паведаміла на сваім Фэйсбук-акаунце прэс-служба МЗС Беларусі.— Сённяшняя перадача дазволіць параўнаць вынікі ДНК-экспертыз з Беларусі і Літвы, што неабходна для поўнай ідэнтыфікацыі магчымых астанкаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Гарантыі, што перададзеныя астанкі належаць менавіта Віктару Каліноўскаму, мы даць не можам, але гэты шлях з навуковага пункту гледжання трэба прайсці да канца, гэта наш унёсак, таму лічым сваім абавязкам сумесна з літоўскімі калегамі працаваць над устанаўленнем праўды. Любая, нават самая маленькая зачэпка можа апынуцца ключавой».

Марыя ДАДАЛКА, г. Вільнюс

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.