Вы тут

Як Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр адзначыць 500-гадовы юбілей


Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр рыхтуецца адзначыць уласны 500-гадовы юбілей і 550-годдзе з'яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці. Як плануецца, ключавыя ўрачыстасці пройдуць на Гродзеншчыне і ў Мінску 19—20 мая 2020 года.


«Падзея, якую мы будзем адзначаць налета, важная не толькі для вернікаў, але і ў цэлым для беларусаў, бо цудатворная ікона Божай Маці — адна з найвялікшых святыняў і духоўных сімвалаў нашага народа», — падкрэслівае выкладчык мінскай духоўнай семінарыі і насельнік Жыровіцкага манастыра іераманах Яўстафій Халіманкоў.

Сярод высокіх гасцей на ўрачыстае богаслужэнне чакаюць у тым ліку кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Запрашэнне накіраванае таксама кіраўніку нашай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Не выключаюць арганізатары і ўдзелу першых асоб суседніх краін.

А цяпер, па словах памочніка архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Аляксандра Сцяжко, працягваюцца сумесныя работы дзяржавы і Беларускай праваслаўнай царквы па прывядзенні манастыра ў належны выгляд. Так, зусім нядаўна здадзены ў эксплуатацыю новая трапезная і гасцініца для паломнікаў, зараз ідзе рэканструкцыя з элементамі рэстаўрацыі аднаго з найстарэйшых будынкаў — першага брацкага корпуса, адліваецца набор новых званоў для манастыра, рамонт і добраўпарадкаванне чакаюць і сам аграгарадок Жыровіцы. У планах — устаноўка помніка аднаму з настаяцеляў манастыра Серафіму Жыровіцкаму, дзякуючы місіянерскай дзейнасці якога ва Усходняй Беларусі былі адкрыты 74 храмы.

Рыхтуюцца да свята і студэнты і выкладчыкі Мінскай духоўнай семінарыі, якая размешчана ў манастыры, і духоўнай акадэміі, што знаходзіцца ў Мінску. Гэтыя навучальныя ўстановы рыхтуюць не толькі будучых святароў, але і даследчыкаў, і ў 2020 годзе акумулююць увесь свой навуковы патэнцыял для правядзення міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 500-гадовай гісторыі Жыровіцкай абіцелі, — цягам двух дзён удзельнікі канферэнцыі будуць працаваць на базе духоўнай семінарыі і акадэміі, Інстытута гісторыі і Інстытута філасофіі НАН Беларусі. На лістапад будучага года запланаваны семінар студэнтаў і маладых вучоных з беларускіх ВНУ, якія таксама абмяркуюць гісторыю манастыра, яго ролю і значэнне праваслаўнай царквы ў гісторыі і культуры Беларусі.

Падчас святкавання акцэнт зробяць не толькі на слаўнай гісторыі абіцелі, але і на яе сучаснай ролі ў жыцці беларускага грамадства. У Мінску і абласных цэнтрах будуць зладжаны шматлікія круглыя сталы, навукова-практычныя канферэнцыі, творчыя конкурсы і выстаўкі, плануецца стварыць цыкл тэматычных тэле- і радыёпраграм.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.