Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Даручэнне з сакрэтам

Што такое юбілей — хоць чалавека, хоць прадпрыемства — не мне вам казаць. Да свята яшчэ колькі тыдняў, а калектыў ужо на вушах, бо хочацца ж, каб усё атрымалася, каб людзі запомнілі, а таму...

Напярэдадні шасцідзесяцігоддзя на нашым прадпрыемстве ўзняўся сапраўдны гармідар. Супрацоўнікі бегалі за начальнікамі аддзелаў, тыя — за намеснікамі дырэктара, намеснікі — за ім самім... Пісаўся і перапісваўся сцэнарый, «выбіваліся» грошы, складаліся вось спісы гасцей...

Над гэтым, апошнім, пунктам я — тады старшыня прафкама — карпела некалькі дзён: уносіла ў спісы ўсіх заслужаных-адзначаных-узнагароджаных, некага выкрэслівала, зноў дапісвала... Адных былых дырэктараў назбіралася амаль на старонку, якую ўрэшце я аддала сакратарцы — для ўзгаднення з начальствам.

І вось сяджу неяк на сваім рабочым месцы, пазіраю на гадзіннік (у абед навастрылася ў суседнюю краму), як раптам званок з прыёмнай: мяне кліча шэф, прычым тэрмінова.

Заходжу. Сяргей Іванавіч (назавём яго так) жэстам запрашае сесці, а сам круціць у руках нейкую паперку — здаецца, той самы спіс «былых генеральных»?

І сапраўды, бо кажа, што ўсё ў ім добра, але ж (даслоўна): «У мяне да вас вялікая просьба: калі будзеце тэлефанаваць вось гэтаму таварышу (дырэктар пазначыў фламастарам адно з прозвішчаў), то, калі ласка, запрасіце яго так... каб ён не прыйшоў!»

На маім твары адбілася, мусіць, зашмат нейкіх эмоцый. Сяргей Іванавіч нават пачырванеў, але ж тлумачыць нічога не стаў. Спытаў:

— Вам усё зразумела?

— Усё! — бадзёра адказала я і выйшла з кабінета.

Увесь той дзень, вечар і нават ноч з галавы не выходзіла гэта дзіўнаватае даручэнне. Ды і назаўтра, на паслязаўтра... Я злавалася на сябе, на калег (бо ў іх быў цудоўны настрой — яны рыхтаваліся да свята), на Сяргея Іванавіча, думала пра сваё двухсэнсоўнае становішча...

І вось нарэшце (адкладваць не было куды) тэлефаную таму былому дырэктару.

— Дазвольце, — пачынаю з месца ў кар'ер, — запрасіць вас на юбілей роднага прадпрыемства!

— Дазваляю, — паблажліва адказвае мне спадар Балбатуновіч (як звалі яго за вочы). — Запрашайце!

Ну мяне і панесла... Я сказала, што свята ладзім за горадам, у прыватным атэлі. Што дабірацца туды будзем на аўтобусе і, на жаль, невялікім... З мэтай эканоміі...

— Во... Дажыліся! — пачуўшы гэта, узрадаваўся (!) мой суразмоўнік. — А калі я быў дырэктарам...

Аб гэтым (мяне папярэдзілі) ён можа расказваць да раніцы, калі слова даць. Таму я, набраўшыся нахабства, стала гнуць сваё: ну, што ад'язджаць плануем у пяць гадзін вечара, а вяртацца, можа, і пад раніцу. Што ў праграме — конкурсы з пераапрананнямі, актыўныя гульні на свежым паветры, лазня і начная дыскатэка...

— До, — спыняе мяне былы генеральны. — Я ўжо не танцую. Так што давайце без мяне... Сустрэнемся іншым разам.

Я спрабую дзеля прыліку пашкадаваць, але ён кладзе трубку. А значыць, ура: справа, здаецца, зроблена?!

З той радасці я кірую ў кабінет генеральнага. Той адразу ж:

— Ну... Пагаварылі з Віктарам Пятровічам?

— Так.

— І што?..

— Ён падзякаваў і сказаў, што прыйдзе...

Вочы ў шэфа, бачу, акругліліся, бровы ўзняліся... Выгляд стаў настолькі разгублены, што я тут жа даравала яму ўсе свае хваляванні і спешна дадала:

— ...Але ж іншым разам.

— Вы ўпэўнены? — перапытаў шэф.

— Як у самой сабе, — адказала я, і гэта была чыстая праўда.

...За той месяц па выніках работы нам выдалі чарговую прэмію. І мая, трэба сказаць, аказалася чамусьці большай, чым звычайна. Можа, проста да юбілею грошай падкінулі, а можа...

Ірына М., г. Мінск


Разлік «па-даросламу»

Фота sovetok.com

...Шмат хто помніць сваю першую настаўніцу, першае каханне, спатканне, пацалунак, а я — і, відаць, да скону — буду помніць свой першы заробак.

Мне тады было гадоў, можа, пяць ці шэсць. Факт, што чытаць яшчэ не ўмеў, але ж да бабулі хадзіў самастойна, хоць жыла яна ў іншым канцы мястэчка. Гэта вярсты за дзве, калі ісці па вуліцах, а калі напрасткі, праз поле...

Шлях мы звычайна зразалі з мамай, а тут я адважыўся сам. Іду па вузенькай сцежцы і раптам бачу, што на ўзбочыне, у траве, нешта чарнеецца. Кашалёк! Ды такі аб'ёмны...

Я тут жа адкрыў яго, зазірнуў ва ўсе кішэнькі і зусім расстроіўся, бо грошай там амаль не было, а вось нейкіх непатрэбных папер — хоць адбаўляй.

Пакруціў я іх у руках, паднёс да блізкага рова — хацеў спусціць па вадзе, але потым стрымаўся: дай, думаю, бабулі пакажу.

Прыбег да яе ў гарод. Тая кінула ў градках разараную бульбу, пайшла да студні, памыла рукі, акуратна перабрала ўсе паперы, а потым сказала, які ж я малайчына, што, падабраўшы гэты бумажнік, нічога з яго не выкінуў — ні пашпарта, ні ашчаднай кніжкі, ні правоў, ні пропуска на завод...

— Гэта вельмі важныя дакументы... Бедны Пятро... Можа, ён галаву скруціў, іх шукаючы, — паспачувала чалавеку бабуля. — Дык ты ўжо, унучак, збегай да яго — аддай.

Акрылены, я, вядома ж, запомніў, дзе жыве той гаротнік, і сарваўся з месца.

Хату знайшоў без праблем (бабуля яе дакладна апісала), а вось брамку адчыніць не здолеў: высокая зашчапка — дзеці, мусіць, там не хадзілі? Таму я праз дзірку ў плоце зазірнуў у двор, адкуль (і сабакам, можна сказаць) адразу ж забрахала нейкая звяглівая цётка: маўляў, чаго гэта я прыпёрся, якой халеры ля іх туляюся? Можа, што выглядаю — шукаю, каб... скрасці?

Чуць вось такое было вельмі крыўдна, але ж я не разгубіўся. Па-даросламу (без бацькаў хлопцы рана сталеюць) адказаў ёй, што шукаць трэба якраз ім, а калі не знойдуць, то хай прыходзяць да нас, да бабулі Васіліны — вуліца Касцельная, дом пяць.

...Каля гэтага дома на лаўцы я затым прасядзеў аж да вечара: чакаў, што нехта прыйдзе, але ўсё было марна. І тады я адважыўся на яшчэ адну спробу: падышоў да знаёмага плота, босай пяткай пагрукаў у брамку і той самай звяглівай цётцы, што карміла ў двары куранят, сказаў, каб паклікала мне Пятра Пятровіча (на яго імя былі ўсе дакументы)...

— Яшчэ што загадай мне! Навошта? — з ранейшай злосцю пракрычала цётка і, відаць, прагнала б мяне, але з хаты выйшаў гаспадар, расчыніў перада мной брамку...

Я працягнуў бумажнік.

— Гэта ваш?

Мужчына імгненна змяніўся з твару. Спытаў:

— Дзе ты ўзяў?

— Ля рова, на сенажаці знайшоў: ля куста валяўся.

— Але ж мяне там не было! — разгубіўся дзядзька.

— Гэта, мусіць, я, — прызналася яго звягліўка. — Раніцай дождж накрапваў, дык я тваю куртку на плечы ўскінула. Казу ў ёй пасвіла. І што — нейкія грошы згубіла?

— Ну калі ж ты мазгаўню сваю дурную згубіш?! — з болем спытаў у яе мужчына. А мяне, узяўшы за руку, павёў у хату.

Я, вядома ж, спадзяваўся, што зараз ён нечым смачным пачастуе. А яшчэ лепш — пакатае на сваёй машыне. Аднак дзядзька падвёў мяне да секцыі ў зале, сказаў, што цукерак, на жаль, няма, і даў дзве... бутэлькі гарэлкі, каб занёс бабулі.

Яна — як цяпер разумею — была вельмі мудрай жанчынай, таму, убачыўшы нечаканы прэзент, аж запляскала ў ладкі. Сказала, што я ў сям'і — сапраўдны здабытчык, што, дзякуючы мне, яны з мамай і бульбу змогуць дакапаць, і дровы пасекчы — зажыць зімой, як сапраўдныя пані!

Трэба сказаць, што прыкладна так яно і атрымалася... Можа, нават лепш, бо з тога дня Пятро Пятровіч заўсёды падвозіў нас на сваёй машыне. А я зразумеў, як важна, як трэба, як урэшце выгадна рабіць дабро.

А. Драздовіч, г. Гродна

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце!», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены ў пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.