Вы тут

Чаму шматдзетная сям'я з Аршанскага раёна не можа дабудаваць дом?


Каб жыць у сваім доме, трэба разлічваць не толькі на дапамогу дзяржавы, але і ўлічваць уласныя магчымасці

У адным з кастрычніцкіх нумароў мы паведамлялі, як на прыём да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалая Снапкова прыехала шматдзетная сям'я. Прасілі дапамагчы паспрыяць у заканчэнні будаўніцтва дома. Уласны карэспандэнт па Віцебскай вобласці пасля публікацыі адправіўся ў аграгарадок Крапіўна Аршанскага раёна, дзе жывуць заяўнікі, каб на месцы высветліць падрабязнасці.


Ма­рыя Хо­дас у не­да­бу­да­ва­ным до­ме.

Вось гэты дом...

Ад Оршы да населенага пункта Крапіўна ехаць на аўто хвілін пятнаццаць. Марыя Ходас, якая і звярнулася з просьбай да намесніка кіраўніка Адміністрацыі, нагадала, як кажуць, сутнасць праблемы. Гутарылі, дарэчы, у доме, які будаваўся для сям'і, ды стаў даўгабудам. У вяскоўцаў выхоўваюцца шасцёра дзяцей: чацвёра сваіх і двое — на апецы. Усе непаўналетнія.

Шматдзетная мама родам з Аршанскага раёна. Жыла ў розных вёсках. Муж працуе грузчыкам на дзяржаўным прадпрыемстве. Марыя марыла, каб сям'і было ўтульна ў вялікім доме, сцены і дах якога ўзведзеныя на месцы невялікага драўлянага. Яго рэшткі можна і цяпер убачыць.

Канешне, рэканструкцыя пачалася з выкарыстання льготнай дзяржаўнай падтрымкі, бо шматдзетным сем'ям — асаблівы клопат і дапамога. Чаму не дабудавана жыллё — гісторыя заблытаная. Зразумець дакладна прычыну, калі не ўнікаць гадзінамі ва ўсе нюансы цяжка.

На асабістым прыёме Мікалая Снапкова жанчына, ледзь не плачучы, растлумачыла, што жыве сям'я зараз у здымным жыллі: двухпакаёвай кватэры шматкватэрнага дома ў тым жа аграгарадку. Гаспадар жылля, як сцвярджала шматдзетная мама, папрасіў вызваліць «метры», бо хоча там пасяліць сваяка... Што і было зроблена 1 лістапада. А жыць у недабудаваным уласным доме немагчыма: няма яшчэ сістэмы ацяплення, водазабеспячэння, падачы газу...

Не хапіла грошай...

У чэрвені яна сустрэлася з кіраўніком камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама. Па выніках гэтага было прапанавана звярнуцца ў райвыканкам па пытанні выдзялення жылля камерцыйнага выкарыстання. Але сям'я адмовілася.

У афіцыйным адказе таксама адзначалася, што няма магчымасці павялічыць крэдыт на рэканструкцыю жылога дома.

У адным з адказаў з аблвыканкама (ад 23 верасня) гаворыцца, што як шматдзетнай сям'і ім выдзелена субсідыя на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу па гэтым крэдыце на рэканструкцыю жылога дома. Зроблена гэта ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам, які прадугледжвае падтрымку пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылых памяшканняў.

Прывяду цытату: «Максімальная велічыня крэдыту на рэканструкцыю жылога дома і для выдзялення субсідый была ўстаноўлена ў памеры 71,8 тысячы рублёў...»

Далей гаворыцца, што калі ў чэрвені мінулага года прымалі неабходныя дакументы, растлумачылі, што неабходны ўласныя грошы 52,22 тысячы рублёў — на пакрыццё розніцы паміж коштам работ на рэканструкцыю і банкаўскім крэдытам. І ў канцы адзначана, што ў сувязі з нараджэннем чацвёртага дзіцяці памер субсідыі павялічаны да 86,16 тысячы рублёў.

Марыя сказала, што проста напэўна не зразумела ўсіх нюансаў і таму атрымалася тое, што ёсць... Як сцвярджае жанчына, калі толькі яна пісала лісты вышэйшым службовым асобам у Мінск, у прыватнасці, на імя кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, рэакцыя мясцовых службаў была, можна так сказаць, «на апярэджанне».

«Раптам праяўлялі інтарэс да нас. Прасілі, каб не скардзілася, бо можна дапамагчы на мясцовым узроўні, — кажа Марыя. — У прыватнасці, у райвыканкаме папрасілі газавікоў, прадстаўнікоў службы водазабеспячэння, дапамагчы, хто чым можа. Напрыклад, з'явілася магчымасць купіць газавую пліту і кацёл у растэрміноўку. Але ж на батарэі ў нас грошай няма, як і на ўнутраныя работы па ўстройстве ацяплення і іншае...»

Часова пасяліліся ў сястры

Калі мы гутарылі, гаспадыня паказала мне шмат афіцыйных адказаў. Адзін з іх — зноў жа — з райвыканкама, у якім адзначана, што банк не мае падстаў для дадатковага льготнага крэдытавання. Ніжэй паведамляецца, што аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама ўстаноўлены шэраг адступленняў ад праектнай дакументацыі... Але Марыя не разумее, чаму так канстатуецца.

«Наогул, калі вялося будаўніцтва, ніхто з чыноўнікаў якасць працэсу не кантраляваў. Нікога не хвалявала, як будуецца жыллё для шматдзетнай сям'і», — разважае жанчына.

Калі сапраўды ў дакументах адлюстравана рэчаіснасць, міжволі напрошваецца вывад: дык чаго тая жанчына хоча? Адказы банальныя: разумець, што будзе далей, дзе будуць жыць і што рабіць з домам.

Зараз сям'я жыве ў гэтым жа населеным пункце часова ў сястры Марыі, але тая таксама шматдзетная, мама пяцярых дзяцей... Жыве ў адносна невялікім доме. І гэтае жыллё, дарэчы, знаходзіцца насупраць таго, дзе павінны былі б справіць наваселле Марыя з мужам і дзецьмі.

Які механізм вырашэння праблемы?

У камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама растлумачылі ўсе нюансы праблемнай сітуацыі і параілі, што рабіць. Калі коратка, як той казаў, папросту, сям'я на тое, каб адбудаваць новы дом, выдаткавала грошай больш, чым прадугледжана адпаведным заканадаўствам. І на сёння законных падстаў для павелічэння крэдыту няма.

Пры гэтым, улічваючы, што насамрэч у жыллё, якое не здадзена пад ключ, немагчыма засяліцца і няма грошай на завяршэнне ўсіх неабходных работ, Ходасам прапанавалі жыллё камерцыйнага выкарыстання...

Акрамя таго, згодна з дзеючым указам аб сямейным капітале, з 1 студзеня наступнага года ёсць магчымасць датэрмінова выкарыстоўваць гэтыя грошы для паляпшэння жыллёвых умоў. Гэта значыць, што заяўніца мае права звярнуцца ў райвыканкам па дазвол на выкарыстанне сямейнага капіталу дзеля таго, каб урэшце завяршыць рэканструкцыю дома.

Гісторыя Ходасаў, бадай, нетыповая. Мы будзем сачыць за працягам гэтай заблытанай сітуацыі.

Неабходны каментарый

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Аршанскага райвыканкама Таццяна Галеева:

— Райвыканкаму было даручана разглядзець пытанне забеспячэння жыллём сям'і Ходас да вырашэння праблем, звязаных з рэканструкцыяй іх дома. Марыі Дзмітрыеўне на сённяшні дзень прапанаваны тры варыянты — дзве трохпакаёвыя кватэры і адна двухпакаёвая агульнай плошчай ад 50 да 70 квадратных метраў у розных частках Оршы. З ёй абгавораны ўмовы арэнды жылля і аплаты камунальных паслуг. Жанчына да канца гэтага тыдня абяцала вызначыцца з рашэннем і паведаміць, які варыянт яе задавальняе. Пакуль яна пражывае ў сваёй сястры ў аграгарадку Крапіўна. Астатнія пытанні знаходзяцца на кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта і Віцебскага аблвыканкама.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара


У тэму

Падчас прыёму грамадзян кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай у Расонах Віцебскай вобласці сваёй праблемай падзялілася шматдзетная сям'я — Ірына і Дзмітрый Кірыловічы з Асіповіч.

Яны паведамілі, што разам з чатырма дзецьмі жывуць у малагабарытнай кватэры і жадалі б палепшыць сваё жыллёвае становішча. «Мы хочам купіць дом на другасным рынку і ўжо знайшлі прыдатны, але сутыкнуліся з тым, што кошт дома па ацэнцы Агенцтва па нерухомасці і зямельным кадастры ніжэйшы за тую суму, якую просіць прадавец. І тут узнікае праблема з выдзяленнем субсідыі», — паведамілі сужэнцы.

Наталля Качанава патлумачыла, што будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў — прыярытэтная задача для дзяржавы і Прэзідэнт трымае гэтае пытанне на кантролі. Існуе даручэнне забяспечыць шматдзетныя сем'і жыллём на працягу двух-трох гадоў. «У вашай сітуацыі ёсць розныя варыянты вырашэння, і вам будуць іх прапаноўваць. Іншая рэч, калі вы будзеце адмаўляцца. Мы возьмем вашу сітуацыю на кантроль, дапаможам», — запэўніла кіраўнік Адміністрацыі.

Як паведаміў старшыня Асіповіцкага райсавета дэпутатаў Сяргей Сувееў, мясцовыя ўлады прапанавалі заяўнікам наступны варыянт:

— Цяпер сям'я жыве ў трохпакаёвай кватэры, дадаткова ёй раней прапаноўвалі крэдыт на пабудову яшчэ адной, двухпакаёвай кватэры ў памеры 30 тысяч рублёў. Гэта тая сума, на якую яны маюць законнае права. Дом, куды яны збіраюцца пераехаць, каштуе прыблізна 100 тысяч беларускіх рублёў. Калі яны сваю кватэру бязвыплатна аддадуць дзяржаве, яны атрымаюць крэдыт 86 тысяч рублёў. Сям'я пагадзілася на такі варыянт. З 1 студзеня яны змогуць атрымаць «мацярынскі капітал», які таксама плануюць укласці ў гэты дом. Калі ўся неабходная сума на дом будзе ў іх на руках, яны пераедуць на новае месца жыхарства.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.