Вы тут

Пагадненне аб карыстанні жыллём можа выратаваць ад доўгіх судовых цяжбаў


Калі звяртаешся да судовых спраў, пра якія пойдзе гаворка ніжэй, зноў і зноў прыгадваецца булгакаўскае «Людзей сапсавала кватэрнае пытанне». Відаць, большая частка іскаў грамадзян адно да аднаго датычыцца жылля, яго дзяльбы, высялення і засялення, выдзялення долі ў карыстанні. Усе падобныя справы разглядаюцца на падставе Жыллёвага кодэкса краіны, новая рэдакцыя якога ўступае ў сілу 1 студзеня будучага года. Артыкулы і палажэнні кодэкса час ад часу змяняюцца. Нязменнымі застаюцца праблемы, якія заканадаўства вымушана рэгуляваць. Таму многія рэчы грамадзянам варта ведаць загадзя, перш чым выбудоўваць адносіны са сваякамі.


Падарыўшы — не вернеш

Так здараецца, што грамадзяне прэтэндуюць на жыллё, якога яны па ўсіх мерках не заслугоўваюць, а некаторыя, наадварот, пазбаўляюцца сваіх метраў па неабачлівасці альбо з прычыны няведання законаў. Даволі часта здараюцца разборкі, калі старэйшы сваяк перапіша кватэру на маладога ў спадзяванні, што былога гаспадара будуць даглядаць да самай яго смерці ў знак удзячнасці за жыллё. Але так можа і не стацца. І гэта ўжо катэгорыі маральныя. А паводле закона, кватэра належыць новаму гаспадару, які будзе распараджацца ёй і паводзіць сябе так, як палічыць патрэбным. Тады, спахапіўшыся, былы ўласнік, бывае, бяжыць у суд, просіць: «Вярніце мне маё!» Але такое часцей за ўсё становіцца немагчымым, калі не было заключана пісьмовае пагадненне. Пра апошняе людзі, як правіла, забываюць.

Яшчэ адзін невясёлы сюжэт развіваецца, калі людзі не заключаюць шлюб у загсе, а жывуць у грамадзянскім шлюбе. Скажам, памерла грамадзянская жонка нейкага грамадзяніна К., а яе дзеці ўзялі і выставілі гэтага грамадзянскага ўдаўца за дзверы. А ён сам хворы, ісці яму няма куды, родныя дзеці не раскрываюць абдымкаў бацьку, які шмат гадоў утрымліваў кватэру чужой цёткі, вёў сумесную з ёй гаспадарку. Даказаць у судзе свае правы гэтаму ўмоўнаму грамадзяніну К. будзе не проста. А ўсё таму, што загадзя не паклапаціўся пра фармальнасці.

Адмовіцца ад сваяцтва

Калі «засвеціць» нейкая нерухомасць альбо хоць бы доля на яе, людзі, бывае, забываюць і пра сваяцтва, не зважаюць на маральныя прынцыпы. Не так даўно ў адным сельсавеце расказвалі, як сястра з братам дзялілі бацькоўскую хату. Згаданыя сваякі ўжо даўно пенсіянеры. А некалі падчас выдачы пасведчання аб нараджэнні была дапушчана памылка. У дакуменце, які выдалі брату, прозвішча адрознівалася адной літарай ад бацькавага. Напрыклад: Адамовіч і Адамковіч. Але ж чалавек не зважаў, пражыў век з гэтым прозвішчам. Сястры ж нехта падказаў варыянт, і вясковая жанчына рашыла пакінуць бацькоўскі дом сабе цалкам. Калі суддзя падчас пасяджэння спытаў яе, паказваючы на брата: «Хто гэта?», жанчына без ценю сумнення адказала: «Не ведаю». Усе вяскоўцы да гэтай пары з абурэннем прыгадваюць тую гісторыю. Суд прыслухаўся да паказанняў сведак, якіх можа быць цэлая вёска. Але ж сам факт красамоўна сведчыць пра тое самае пытанне, якое папсавала людзей. І ўжо ўнучка, якая прыязджае першы раз у дом бабулі толькі пасля яе смерці, каб заявіць свае правы на метры, нікога не здзіўляе. Так што трэба кватэрнае пытанне вырашаць загадзя.

Калі былога не выселіш

Некалькі гадоў таму мне давялося пісаць пра адну жыццёвую гісторыю брастаўчанкі, у многім тыповую. Адразу пасля заключэння шлюбу яна зарэгістравала мужа ў кватэры, якую купіла самастойна нашмат раней. Не вельмі каб шчаслівым аказалася тое сямейнае жыццё, калі праз паўтара года яны вырашылі расстацца. Развод аформілі як і шлюб, у вызначаным законам парадку. Ну, вядома, жонка спадзявалася, што экс-муж збярэ чамаданчык ды ціха сыдзе з яе жыцця. Каб паскорыць працэс, яна нават замкі змяніла ў кватэры. Толькі ў мужа былі іншыя планы. Ён падаў у суд. Апошні ў сваю чаргу, яму, як былому члену сям'і, выдзеліў пакой, у якім ён можа пражыць хоць да скону. А другі суд абавязаў экс-жонку выдаць ключы ад уваходных дзвярэй, ды яшчэ спагнаў з яе на карысць былога мужа пэўную суму, якую ён патраціў на адваката.

Такі закон. Для нашага чалавека ненатуральным выглядае пры прапісцы мужа альбо жонкі падпісаць пагадненне аб карыстанні жыллём. І дарэмна, пра наяўнасці такога пагаднення ў выпадку скасавання шлюбу кожны застаўся б з чым быў. А так муж быў прапісаны як член сям'і, і гэта дало яму правы.

За апошнія сем гадоў Жыллёвы кодэкс мяняўся, удасканальваўся, некаторыя спрэчныя пытанні цяпер вырашаюцца іначай. І ўсё ж вырашаюцца яны вельмі і вельмі складана.

Каб упэўніцца ў сказаным, можна пайсці ў любую бібліятэку, наведаць там Цэнтр прававой інфармацыі, зайсці ў электронны банк даных прававой інфармацыі Беларусі «Эталон» і азнаёміцца са шматлікімі прыкладамі з судовай практыкі краіны. Дык вось менавіта ў згаданым раздзеле аўтар гэтых радкоў прачытала вытрымкі са справы, якая цягнулася даволі доўга, але скончылася на карысць заяўніцы, маці сямейства. Жанчына з мужам даўно ў разводзе, пабудавала кватэру пасля спынення сумеснага жыцця з бацькам сваіх дзяцей. Але скарыстаўшыся тым, што дагавор на будаўніцтва жылля быў заключаны гаспадыняй на некалькі месяцаў раней, чым пастанова аб скасаванні шлюбу, былы муж праз многа гадоў падаў у суд і патрабаваў засяліць яго ў спрэчную кватэру. Адказчыца прадставіла ўсе дакументы аб тым, што яна сама аплачвала будаўніцтва жылля, і суд палічыў гэты факт даказаным. Яму адмовілі ў засяленні.

Ёсць і другі факт, калі домаўладальнікі не змаглі выселіць былую нявестку са сваёй кватэры. Іх сын скасаваў шлюб з жонкай, але ў кватэры застаўся зарэгістраваны ўнук. І паколькі, згодна са шлюбным кантрактам сям'і, якая распалася, сын застаецца жыць з маці, яна мае права пражываць разам з дзіцем да яго паўналецця. Хоць па іншых дакументах жанчына не мае ніякага права на гэтыя квадратныя метры.

Лепш дакумент, чым суд

Сапраўды самымі складанымі выглядаюць справы, калі яны датычацца высялення былых мужоў, жонак, зяцёў, нявестак. Потым ён горка пашкадуе, а вось напісаць у пагадненні аб парадку карыстання жыллём, што сваяк рэгіструецца на час шлюбу, для нашага чалавека амаль што азначае прызнанне гэтага шлюбу часовым. Але ж можна ў ЖЭСе альбо ў старшыні кааператыва заключыць пагадненне спачатку на пэўны тэрмін: на год, два, пяць. Не саромеюцца ж работадаўцы браць спецыяліста альбо рабочага на працу з выпрабавальным тэрмінам. Дык чаго ж саромецца тут, калі рэгіструеш у сваім жыллі зяця, нявестку, а то і мужа альбо жонку? Час пакажа, працягваць тэрмін пражывання ці не. І нават запіс «на час шлюбу» не выглядае абразлівым, калі шлюб заключаецца на ўсё жыццё. Проста загадзя трэба абгаварыць гэтыя моманты з чалавекам і рабіць усё цывілізавана, не асабліва зважаючы на эмоцыі, рэплікі, паводзіны таго, хто ўсяляецца. Заўсёды можна сказаць яму, што ў сваё ўласнае жыллё ён зможа ўсяляць каго захоча і як захоча, а тут хай выконвае правілы гульні гаспадара.

І яшчэ. Варта помніць, што нават не вельмі прыемная размова з новым родзічам лепш, чым судовыя цяжбы з невядомым фіналам. Некаторыя гаспадары кватэр гадамі, а то і дзесяцігоддзямі пакутуюць побач з былымі сваякамі. Гэта перарастае ў зацяжныя канфлікты, сапраўдныя войны, у выніку якіх трацяцца спакой, сілы і здароўе. Таму лепей усё ж улічваць магчымыя рызыкі загадзя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Метры разладу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».