Вы тут

Як у Траянаўцы талакой ставяць на шлях выпраўлення аматара выпіўкі


«Да вас звяртаюцца члены праваабарончай арганізацыі, неабыякавыя да чужой бяды людзі. Пачынаючы з красавіка, мы сочым за лёсам Віктара Д. (прозвішча з этычных прычын не называем. — «МС») , былога работніка аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі «Траянаўка» Барысаўскага раёна. Ён з пятнаццаці гадоў працаваў пастухом, а пасля на ферме. Вясной у яго памерла маці. Пасля яе пахавання ў сына пачаліся збоі ў рабоце — стаў піць. Кіраўніцтва гаспадаркі звальняла яго разы са тры і брала зноў. А затым развіталіся з ім канчаткова. Віктар стаў дэкласаваным элементам, можна сказаць, бамжом. Заклапочаныя яго далейшым лёсам людзі званілі, пісалі кіраўніцтву, прасілі аднавіць на рабоце, даць тэрмін для выпраўлення. Гэтыя просьбы былі праігнараваныя. Сёння мужчына застаўся без сродкаў да існавання. Лета выжыў за кошт збору грыбоў і апрацоўкі агародаў пенсіянерам. А што будзе зімой? Просім дапамагчы вярнуць работніка назад». Такое пісьмо атрымала рэдакцыя.


Фота мае ілюстрацыйны характар. Аўтар: Анатоль Кляшчук.

Галоўнае патрабаванне — дысцыпліна

Пісьмо, дарэчы, ананімнае, без подпісаў, зваротнага адрасу, кантактных даных. Таму мы не змаглі звязацца з «праваабаронцамі». Патэлефанавалі намесніку генеральнага дырэктара па сельгасвытворчасці аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі «Траянаўка» ААТ «БАТЭ» — кіруючая кампанія холдынга «Аўтакампаненты» Уладзіміру Несцяронку. «Прыязджайце, калі ласка, нам няма чаго ўтойваць, усё пакажам і раскажам», — запрасіў Уладзімір Мікалаевіч.

Дарога да цэнтральнай сядзібы сельгасарганізацыі — няблізкая, шэсцьдзясят кіламетраў. Гэта самая аддаленая гаспадарка ў Барысаўскім раёне.

У красавіку 2011 года Уладзімір Несцяронак прыняў яе ў дрэнным стане: надоі на карову былі на ўзроўні 3,5 тысячы літраў малака, ураджайнасць збожжавых — 19 цэнтнераў з гектара. Асабліва адчуваўся недахоп спецыялістаў — ні заатэхніка, ні ветурача. Пачыналі падымаць гаспадарку на той час з аграномам, а цяпер кіраўніком аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі Уладзімірам Гудзем.

Зараз гаспадарка стабільна займае другое-трэцяе месцы ў раёне. Ураджайнасць збожжавых павысілася да 33 цэнтнераў з гектара, налета плануюць атрымаць па сем тысяч літраў малака на карову. У рэйтынгу надояў у разліку на адну «рагулю» па краіне яны ў першай сотні — 48 месца.

— Маё самае галоўнае патрабаванне было і застаецца нязменным — працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, — кажа Уладзімір Мікалаевіч. — Без гэтага нельга дасягнуць вынікаў. — Да майго прыходу ў гаспадарцы квітнелі п'янства і разгільдзяйства. З тымі, хто не стаў на шлях выпраўлення, развіталіся.

Атрымаў зарплату — выпіў, страціў работу

— У нас створаны належныя ўмовы для працы. Хто хоча працаваць, той працуе і зарабляе, — лічыць Уладзімір Гудзь. Што датычыцца Віктара Д., то ў пісьме сітуацыя прадстаўлена ў іншым святле, чым ёсць на самай справе. На работу яго прынялі 14 чэрвеня 2016 года, звольнілі 25 красавіка 2019-га па пагадненні бакоў. За гэты час Віктар Д. здзейсніў пятнаццаць прагулаў. У выніку, каб іх закрыць, давалі яму дні водпуску за ўласны кошт, даравалі, думалі, што выправіцца. Але безвынікова. Апошняй кропляй цярпення стала, калі ён апоўначы пакінуў без догляду кароў на пашы і сышоў. Статак знайшлі раніцай за тры кіламетры ад пашы. У выніку мы недабралі каля 10 тон малака.

Акрамя таго, мужчыну неаднойчы кіраўніцтва спрабавала закадзіраваць, але ён катэгарычна адмаўляўся. Хто хацеў прайсці кадзіраванне, той гэта зрабіў, тым больш што гаспадарка да раённай паліклінікі падвозіла ўсіх ахвотных сваім транспартам.

Ці ёсць дарога назад?

Пацікавілася я і бытам Віктара Д. «А вы самі з'ездзіце і паглядзіце», — пагадзіўся паказаць мне дарогу Уладзімір Гудзь. Ён застаўся ў машыне, каб не бянтэжыць сваёй прысутнасцю гаспадара.

Насустрач мне выйшла жанчына, якая прадставілася сужыцелькай Віктара, на добрым падпітку.

У двары — беспарадак, у хаце — антысанітарыя. Сіратліва глядзіцца паўразбураны хлеўчык.

— Гаспадара няма дома, дапамагае людзям у суседняй вёсцы, — растлумачыла суразмоўніца. — У нас ёсць конь і жарабя. Але восеньскія работы ў вяскоўцаў хутка закончацца. Хацелася б, каб Віктара ўзялі назад на ферму.

Самога мужчыну мы засталі за ўзворваннем агарода знаёмым.

— Гэта вы пісалі пісьмо ў рэдакцыю? — пацікавілася ў яго.

— Не, не я, і нават не ведаю, хто гэта зрабіў, — адмоўна кіўнуў ён у адказ. — Але вельмі хачу вярнуцца на ранейшае месца работы. Нават згодны закадзіравацца.

— Але ж вы раней адмаўляліся, казалі, што грошай няма.

— Цяпер знайду — прадам жарабя, — запэўніў мужчына.

Калі б Віктар Д. прыйшоў, пагутарыў, запэўніў, што стаў на шлях выпраўлення, магчыма, і пайшлі б яму насустрач, разгледзелі яго просьбу, — такая пазіцыя кіраўніцтва. Ды ён нават не забраў працоўную кніжку. Выслалі яму па пошце заказным пісьмом з паведамленнем, дзе яна ляжыць і да гэтага часу.

Лячэнне і працоўная тэрапія як выйсце

Бясспрэчна, па чалавечы мужчыну шкада. Але ж запойны работнік нікому не патрэбны. Які ж выхад з сітуацыі? Адзіны — кадзіраванне або тэрапія ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.

З гэтым згодны і ўчастковы інспектар Сяргей Швайбовіч, які неаднаразова наведваў сям'ю. Змясціць Віктара Д. у ЛПП можна, калі на працягу года тры і больш разоў ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення. «Будзем кантраляваць сітуацыю, і калі зловім п'яным, запратакалюем факт і будзем вырашаць пытанне», — рэзюмаваў Сяргей Уладзіміравіч.

— У Віктара Д. у сям'і пілі і маці, і бацька. Таму дачасна і пайшлі з жыцця. Хлопец закончыў базавую школу. Падчас вучобы на дом часта наведвалася былая дырэктар школы, выхоўвала, ушчувала бацькоў, літаральна прымушала гаспадыню прыбраць у хаце, — расказаў старшыня Маісееўшчынскага сельвыканкама Аляксандр Паўлавец. — Але па слядах бацькоў пайшоў і сын. Атрымаў зарплату — выпіў, не выйшаў на работу. Хто такога будзе трымаць? Паверце, мы змагаемся з такім кантынгентам усімі сіламі. Вось і Віктара выклікалі на пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку, ды ён не з'явіўся. Гэты дом мы трымаем пад кантролем, разумеем, што можа здарыцца і пажар, і што заўгодна, рэгулярна наведваем са спецыялістамі, правяраем спраўнасць электраправодкі, печы. Прымусілі паставіць супрацьпажарны апавяшчальнік.

Што датычыцца ЛПП, то старшыня сельвыканкама ўпэўнены, што працоўная і лячэбная тэрапія пойдуць Віктару на карысць, калі ён сам гэтага захоча, задумаецца над тым, як змяніць свой спосаб жыцця.

Як лічаць спецыялісты, у ЛПП дзейнічае не медыцынскі, а хутчэй за ўсё эканамічны фактар, які дапамагае хворым на алкагалізм у працоўнай занятасці, дае магчымасць набыць спецыяльнасць. Выздараўленне пацыентаў немагчыма без іх свядомага моцнага жадання. Сюды яны трапляюць па рашэнні суда, а не добраахвотна. Акрамя таго, рэабілітацыя і адаптацыя грамадзян, якія змешчаны ў працоўныя прафілакторыі, патрабуе сучаснага падыходу. Магчыма, у будучым тут з'явяцца рэабілітацыйныя цэнтры, дзе з імі будуць працаваць псіхатэрапеўты, псіхолагі.

Але на сённяшні дзень такія ўстановы маюць і свае плюсы: лячэнне ад алкагольнай залежнасці, спадарожных захворванняў, здаровы спосаб жыцця на працягу 12 месяцаў, часовую перадышку для блізкіх суседзяў, гарантыю, што ніхто не спаліць дом у п'яным чадзе, не зломіць нос жонцы, не кінецца ў бойку на вуліцы. Ды, урэшце, не ўкрадзе чужога, не здзейсніць іншага правапарушэння, каб апахмяліцца і трапіць за краты.

Ну, а так званым праваабаронцам варта параіць не пісаць лісты без зваротнага адрасу, а сапраўды паклапаціцца разам з кіраўніцтвам гаспадаркі, мясцовымі органамі ўлады і праваахоўнымі органамі, каб вярнуць чалавека да нармальна жыцця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Добраахвотна нельга прымусова

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.