Вы тут

Пройдзе міжнародны ваенна-гістарычны фестываль «Бярэзіна-1812»


23—24 лістапада ў Барысаве і ваколіцах пройдзе міжнародны ваенна-гістарычны фестываль «Бярэзіна-1812». На мерапрыемстве, якое актывісты руху гістарычнай рэканструкцыі штогод ладзяць пры падтрымцы Барысаўскага райвыканкама і пасольства Францыі ў Беларусі, удзельнікі з розных краін свету аднаўляюць падзеі бітвы 1812 года і пераправы Напалеона цераз Бярэзіну блізу вёсак Студзёнка і Брылі.


Фота БелТА.

Адкрые сёлетні фэст парад барысаўскіх уніфармістаў і клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, які пройдзе ад прывакзальнай плошчы да Чычагаўскіх батарэй — чакаецца, што ў ім возьме ўдзел каля 500 чалавек. Таксама ў праграме рэканструкцыі — баталія, цырымоніі па ўшанаванні памяці загінулых французскіх і рускіх салдат, тэатралізаваная пастаноўка, рэканструкцыя бітвы на Брылёўскім полі і нават... спаборніцтвы па плаванні! Фарсіраваць раку, як гэта зрабілі французы 207 гадоў таму, рашыліся не толькі замежныя госці, але і спартсмены Беларускай федэрацыі загартоўвання і спартыўнага зімовага плавання.

Дарэчы, у 1812-м пераправу для напалеонаўскай арміі наводзілі 400 пантанёраў, але пры 23-градусным марозе выжыў толькі адзін... У сучасным Барысаве за бяспекай удзельнікаў і гасцей маштабнай гістарычнай рэканструкцыі будуць сачыць медыкі, ратавальнікі МНС і Таварыства выратавання на вадзе. «Ваенныя выдзяляюць нам армейскія намёты з печкай, каб удзельнікі заплыву маглі сагрэцца і пераапрануцца ў камфортных умовах, таксама прадугледжана лазня, абавязкова будуць наладжаны пункты з гарачым чаем і харчаваннем», — дадае в.а. кіраўніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Ала Ленкіна.

Паралельна адбудуцца тэматычныя культурныя імпрэзы. Краязнаўчы цэнтр раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева правядзе цэлы тыдзень падзей памяці 1812 года, супрацоўнікі Барысаўскага аб'яднанага музея запрашаюць наведвальнікаў на выстаўкі «Тэма Напалеонікі ў філакартыі» і «Вайна 1812 года ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве». Таксама будуць прадстаўлены новая гістарычная карціна з батальнай майстэрні Уладзіміра Сайко і монаспектакль «Вялікая гісторыя аднаго маленькага гузіка» Вольгі Калачовай. Ваенны аркестр з Тулузы, які прыедзе на фэст упершыню, дасць для гараджан канцэрт духавой музыкі, а ў Палацы культуры адбудзецца грамадскі баль, падрыхтоўка да якога ідзе поўным ходам — ахвотныя развучваюць полькі, вальсы і мазуркі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: З Тулузы ў Барысаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч».

Культура

У Гродне знойдзены арыгіналы некалькіх франтавых малюнкаў Васіля Быкава

У Гродне знойдзены арыгіналы некалькіх франтавых малюнкаў Васіля Быкава

Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках Сяргей Шапран, біёграф пісьменніка.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра гарманіста, жаніха ды шыццё.