Вы тут

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы


Столькі прыдатнага для перапрацоўкі смецця сабралі летась беларусы. Цяпер у краіне выкарыстоўваецца прыкладна 20 % камунальных адходаў, хоць яшчэ ў 2010-м лічба была меншая больш чым удвая. Аднак праблемы якаснай сарціроўкі, захоўвання і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), якія не трапілі ў смецце, застаюцца. Шкло, папера і пластык адпраўляюцца ў амаль 85 тысяч кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, аднак іх усё роўна патрэбна ўдвая больш. А вывозяць асобна сабраныя адходы часта адным смеццявозам. Пра акалічнасці работы з другаснай сыравінай расказалі эксперты.


Адказны збор смецця: 90 % паперы, 28 % батарэек

Айчынныя зборшчыкі і нарыхтоўшчыкі ДМР у асноўным забяспечваюць патрэбы краіны ва ўсіх відах другаснай сыравіны. Плюс да таго летась, напрыклад, экспартавалі прадукцыі на 12,5 мільёна долараў.

У Беларусі дастаткова магутнасцяў для перапрацоўкі практычна ўсіх асноўных відаў ДМР, якія збіраюцца. У краіне дзейнічае сем смеццесарціровачных заводаў і 80 ліній сарціроўкі, на якіх можна апрацаваць мільён тон адходаў. Гэта прыкладна 30 % ад аб'ёму смецця, які ствараецца ў краіне.

Сфера абарачэння з ДМР, іх збор і перапрацоўка развіваюцца ў Беларусі ўстойліва і актыўна. Па некаторых відах работа была толькі пачатая, але ўжо дасягнула добрых вынікаў. У параўнанні з лічбамі 2010-га, паперы летась сабралі ў 1,6 раза больш, шкла — у 3,9 раза, палімераў — у 2,8, шын — у 2,3 раза, заўважыў Анатоль ШАГУН, начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з ДМР ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— Такіх вынікаў можна дасягнуць толькі дзякуючы сістэмнай зладжанай рабоце ўсіх складальнікаў гэтай сферы, пачынаючы ад зборшчыкаў: ЖКГ, арганізацый спажыўкааперацыі, прыватных арганізацый і канчаючы перапрацоўшчыкамі. Гэтая сфера стала цікавая і бізнесу. Сіламі прыватных прадпрыемстваў, дарэчы, збіраюць больш за палову ДМР. Вынікі збору другаснай сыравіны ў Беларусі па некаторых відах перавышаюць паказчыкі нават Еўрасаюза. Сёння збіраюць каля 90 % адходаў паперы, колькасць збору шкла і матацыклетных шын набліжана да 80 %. Дастаткова поўна збіраюцца адходы маслаў у камунальным сектары (каля 75 %). Пакуль адстаём ад Еўропы па аб'ёмах збору адходаў палімераў (31 %), электрычнага і электроннага абсталявання (48 %). Хоць сістэмы збору апошніх створаны толькі чатыры гады таму, так што рост за гэты час лічбаў збору таксама значны. Вяртаецца і 28 % рэалізуемай колькасці батарэек, і гэта таксама добры паказчык, ён трымаецца выключна на свядомасці людзей, якія добраахвотна і бясплатна прыносяць батарэйкі ў спецыялізаваныя кантэйнеры. Гэта пацвярджае, што мы сёння гатовыя да адказнага збору смецця.

У кастрычніку ўрад прыняў пастанову № 715, якая зацвердзіла канцэпцыю стварэння аб'ектаў па сарціроўцы і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) на палігонах для іх захавання і мае на мэце пераход ад раённага ўзроўню кіравання адходамі да рэгіянальнага.

— Гэтым дакументам прадугледжаны падзел тэрыторыі краіны на 30 рэгіёнаў, у кожным з якіх павінен быць аб'ект па сарціроўцы і выкарыстанні ЦКА і збудаваны сучасны палігон для захоўвання рэшткаў смецця, якія выкарыстаць інакш немагчыма, — растлумачыў Анатоль Шагун.

Здаў макулатуру — аплаціў «камуналку» за месяц

Спачатку сабраць шкло, паперу, пластык асобна, потым вывезці разам адным смеццявозам, пасля зноў адправіць на дасарціроўку. Такая сітуацыя часта паўтараецца ў сістэме работы з другаснай сыравінай, і спецыялісты заклікаюць мяняць такі падыход.

— Збіраючы розныя віды ДМР у адну ёмістасць для вывазу, мы маем патрэбу ў наступнай сарціроўцы. Падчас перавозкі якасць сыравіны таксама псуецца. Церпіць і дыскрэдытуецца ў вачах людзей праз такі падыход і сама сістэма раздзельнага збору. Грамадзяне не разумеюць і пытаюцца, навошта збіраць асобна, калі ўсё ссыпаюць у адно, — сцвярджае Вольга САЗОНАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды. — Кантэйнераў для асобнага збору таксама недастаткова. У пераліку на тысячу гарадскіх жыхароў сметніц патрэбна ўдвая больш, чым існуе.

Мяркуецца, што ў мэтах удасканальвання тэхнічнага боку сістэмы раздзельнага збору другаснай сыравіны ЖКГ і Мінпрыроды распрацуюць ТКП з правіламі абарачэння з адходамі. Тут дакладна трэба прапісаць агульныя падыходы да арганізацыі сістэмы збору ДМР. У тым ліку патрабаванні да таго, як наладзіць сістэму раздзельнага збору ў насельніцтва.

У краіне вядзецца работа па стварэнні пляцовак для кампасціравання арганічнага складальніка адходаў. Зацверджаны агульнадзяржаўны класіфікатар адходаў, якія ўтвараюцца ў Беларусі.

Закупкай і зборам макулатуры, шклабою, поліэтылену ў «чыстым» выглядзе ад насельніцтва займаюцца як прыватныя нарыхтоўшчыкі, так і ў Белкаапсаюзе. Купленая непасрэдна ў чалавека сыравіна значна чысцейшая і якасная, аднак у краіне ўсяго 750 стацыянарных нарыхтоўчых пунктаў і 150 перасоўных для сельскай мясцовасці, і такой колькасці недастаткова. Такім чынам насельніцтва пазбаўляюць выбару, што рабіць са сваім смеццем. У іх застаецца адзін шлях — у кантэйнеры, і добра, калі яны ёсць на пляцоўцы каля дома, упэўнена Аксана СКІНДЭР, начальнік упраўлення нарыхтовак Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў «Белкаапсаюз»:

— Каб насельніцтва збірала смецце раздзельна, яго трэба матываваць. Грашыма. Летась мы купілі ў насельніцтва 403 тысячы тон другаснай сыравіны. Людзям выгадна працаваць напрамую з прыёмна-нарыхтоўчай сеткай, бо гэта магчымасць не толькі заробку, але і кампенсацыі часткі затрат на камунальныя плацяжы. Сям'я з чатырох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры, збіраючы на працягу года адходы асобна, можа аплаціць за атрыманыя грошы «камуналку» за месяц. Да таго ж і якасць сабранай такім чынам сыравіны значна вышэйшая, чым у той, што з кантэйнераў. Папера не вільготная, шкло не бруднае... Тым больш што сучасныя нарыхтоўчыя пункты — гэта часовая пляцоўка, якая можа перамяшчацца па горадзе. Умоўна гэта месца з вагамі, агароджанае плотам. Сетка нарыхтоўчых пунктаў павінна быць такой жа даступнай, як і кантэйнерныя пляцоўкі.

Аксана Скіндэр раіць жыхарам самім выбіраць, што рабіць з адходамі. А на заканадаўчым узроўні — устанавіць нарматывы забяспечанасці прыёмна-нарыхтоўчымі пунктамі, як гэта зроблена пры размяшчэнні кантэйнераў для раздзельнага збору.


Белая макулатура і чысты шклабой — у дэфіцыце

Так сцвярджаюць эксперты галіны другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Хоць аб'ёмы асобнага збору штогод павялічваюцца і паперы ў краіне збіраюць ужо каля 90 %, а лічбы па шкле набліжаюцца да 80 %, але сыравіны для работы прадпрыемствам, з аднаго боку, не хапае, а з другога — не ўсё, што трапляе ў кантэйнеры, можна перапрацаваць. Сёлетні дзяржзаказ на збор другаснай сыравіны ў краіне, дарэчы, 280 тысяч тон адходаў паперы і 111 тысяч тон — шкла. Пры гэтым макулатуру прымаюць па цане 6—10 капеек за паперу і каля 15 — за кардон, а за шкло прапануюць ад 2 да 12 капеек.

Сіламі сямі арганізацый холдынга «Белрэсурсы» ў краіне нарыхтоўваецца каля 7 % ад агульнага аб'ёму збору ДМР. З 2012-га тут наладзілі трохзменны рэжым работы па сарціроўцы змешанага шклабою. Існуе сем рэгіянальных накапляльных пляцовак ва ўсіх абласцях краіны. Аднак пры магчымай магутнасці 120 тысяч тон тут штогод працуюць з 90—95 тысячамі тон шкляной сыравіны. На айчынным рынку сёння запатрабаваны паўбелы шклабой, у невялікіх аб'ёмах — карычневы. Зялёнае і іншых колераў шкло ідзе на экспарт, за што холдынг атрымлівае каля 3,5 мільёна долараў штогод.

— Максімальныя магутнасці прадпрыемства вызначаны з улікам паступлення больш якаснай сыравіны. Аднак у нас большасць паставак — са смеццесарціровачных заводаў, дзе шкло забруджана прымесямі, у тым ліку арганічнымі, што, вядома, памяншае прапускную здольнасць, — расказаў Гадад ГАЛІМАЎ, намеснік генеральнага дырэктара холдынга «Белрэсурсы». — Рэзервы для перапрацоўкі змешанага шклабою мы маем, ніякіх абмежаванняў прыёму няма, не хапае толькі шклабою. На ўнутраным рынку ён, дарэчы, каштуе на 40 % ніжэй, чым пры яго экспарце.

Макулатуру, якой існуе ажно 13 відаў, у краіне перарабляюць 11 прадпрыемстваў, 10 з якіх аб'яднаны ў канцэрн «Беллеспаперапрам». Для шасці з іх папера — адзіны від сыравіны, з якім яны працуюць. Для работы канцэрна трэба каля 313—320 тысяч тон сыравіны. Летась у рамках дзяржзаказу яны атрымалі 274 тысячы тон.

— Мы можам вырабляць з макулатуры запатрабаваную прадукцыю, больш за 70 % якой адпраўляецца на экспарт, — кажа Аляксандр ПШОННЫ, начальнік упраўлення цэлюлозна-папяровай і лесахімічнай вытворчасці канцэрна «Беллеспаперапрам». — Аднак у агульным аб'ёме пастаўкі ў нас недахоп высакаякаснай макулатуры — белых відаў. 20—30 тысяч тон (або 10 % ад таго, што перарабляем) даводзіцца імпартаваць з Расіі і Еўропы.

Сумесна з ЖКГ і аператарам ДМР мы праводзім праграму па мадэрнізацыі вытворчасцяў, што дазволіць палепшыць якасць перапрацоўкі нізкагатунковай макулатуры. Тое, што цяпер у краіне не запатрабавана як сыравіна, таму што яго немагчыма перарабіць, — з 2020-га мусіць перастаць быць праблемай. У канцы наступнага года ў канцэрне змогуць працаваць з любой макулатурай, якая будзе збірацца на смеццеперапрацоўчых заводах і нарыхтоўчых станцыях.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.