Вы тут

Як наведаць Ісландыю за 200 еўра?


Як наведаць Ісландыю за 200 еўра? А праехаць 6000 кіламетраў па ЗША? Гэта і многае іншае ведае вандроўніца Кацярына Валадыгіна. Яна не проста атрымлівае ўражанні ад краін, але і стараецца падзяліцца сваім досведам з цікаўнымі.


Кацярына ў Ісландыі.

Да 22 гадоў дзяўчына нідзе не была, акрамя некалькіх гарадоў Украіны і Расіі. А потым у яе жыцці з'явіўся чалавек, які ўспрымаў вандроўкі як штосьці абсалютна шараговае. Першай краінай, куды яны запланавалі паехаць, стала Шатландыя. Віза каштавала 120 еўра, плюс патрабаваліся білеты. Агульны кошт пытання склаў 300 долараў. Для маладой спецыялісткі гэта былі касмічныя грошы, а візу ж маглі і не адкрыць.

— Добра памятаю, як усё ж такі рашылася, — кажа Кацярына. — А потым сядзела ў Шатландыі: перада мной быў акіян, за спінай — горы... Думала: хіба можна было не рызыкнуць? Тады я паабяцала сабе, што заўсёды, калі паўстане выбар, буду рабіць яго на карысць вандровак.

А потым была Амерыка. З маршрутам дапамагалі сябры, якія жывуць там некалькі гадоў і шмат падарожнічаюць. Самым яркім успамінам стала паездка да Вялікага каньёна. Было тры варыянты, адкуль ім любавацца: заходні, паўднёвы ці паўночны пункты.

— Мы з маладым чалавекам вырашылі спыніцца на першым, найбліжэйшым для нас. Аднак месца аказалася не самым лепшым для наведвання: для турыстаў дарагавата (60—80 долараў з чалавека), на сваёй машыне заехаць нельга, фатаграфаваць самастойна — таксама. Нам усё гэта не спадабалася. «Колькі да наступнага (паўднёвага) пункта? — падумалі мы. — 300 кіламетраў? Наперад!» Калі дабраліся, ішоў дождж і пачынала змяркацца. Прачнуліся ў пяць гадзін раніцы і паехалі сустракаць світанак на Вялікім каньёне. «Ніхто ж так зрабіць не дадумаецца, толькі мы...» І — убачылі натоўп людзей. Не самы рамантычны момант у жыцці. Потым так атрымалася, што мы блізка апынуліся і да паўночнага пункта. Да заходу сонца 45 хвілін, а ехаць — гадзіну. Нам трэба было паспець! І гэта быў самы атмасферны, нялюдны пункт, з неверагодным рэстаранам на абрыве. Уляцелі як віхор. Быў самы запамінальны дзень вандроўкі, — прыгадвае суразмоўніца.

Маштабная паездка ў ЗША стала канчатковым пераломным момантам у жыцці. За тры тыдні на машыне з сябрам яны праехалі 6000 кіламетраў, паглядзелі ўсе самыя папулярныя штаты і мясціны. Тады дзяўчына канчаткова ўмацавалася ў думцы, што хоча жыць па-іншаму. Не сядзець у офісе, дзе яна ўжо не магла працаваць, а займацца тым, чым сапраўды жадае.

А хацелася Кацярыне арганізоўваць мерапрыемствы, дзе будзе панаваць абстаноўка для знаёмстваў і стасункаў. Там можна падзяліцца любым досведам (з вандровак ці з асабістага жыцця), не баяцца расказаць пра праблемы і страхі, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Адзін з такіх івэнтаў, пра вандроўкі ў Ісландыю, дзяўчына арганізавала разам з іншым вандроўнікам Арнольдам Гаральскім. З гэтай краіны Каця прывезла адны з самых яркіх успамінаў. Дарэчы, пабывала яна там двойчы, у розныя поры года.

— Узімку больш за ўсё ўразіла гісторыя з паўночным ззяннем. Не столькі яно само, таму што мы бачылі не самае яркае, колькі тое, як мы яго пільнавалі, вырашалі, каму ў які час дзяжурыць. У выніку адзін чалавек з групы прыродную з'яву заўважыў выпадкова. Відовішча было цудоўнае. А пошук гарачых крыніц у Блакітнай лагуне! Як гэта можа спалучацца: кіпень, лёд і снег? Мы бачылі, як адкалоўся вялізны кавалак лёду і перавярнуўся на другі бок! Зверху ён белы, а знізу блакітны. Такі грукат стаяў! Дарэчы, гэта рэдкая з'ява, — расказвае Кацярына.

Ісландыя. Уявіце... Гарачая крыніца, чэрвень, дзве гадзіны ночы.

Падобнымі гісторыямі вандроўнікі і дзеляцца на арганізаваных сустрэчах. Там цікаўныя могуць даведацца, што білет можна набыць усяго за 50 еўра, калі ўхапіць яго ў правільны час, шмат рэчаў увогуле браць неабавязкова. А калі ехаць вялікай кампаніяй, то і жыллё, і арэнда аўтамабіляў будуць недарагія.

Напрыканцы аповедаў прысутныя звычайна настолькі хочуць паехаць у падарожжа, што некаторыя застаюцца і адразу ж купляюць білеты на самалёт разам з Арнольдам. А вяртаюцца з паездкі ўжо сябрамі, пачынаюць бачыцца на радзіме.

...У 29 гадоў у суразмоўніцы за плячыма ўжо каля 30 краін. Што для яе азначаюць вандроўкі?

— Гэта маленькае жыццё. Са сваімі праблемамі, якія трэба хутка вырашаць. Я заўважыла, што ў людзей, якія шмат падарожнічаюць, нібыта іншае адчуванне часу. Тыя моманты, якія ў іншых былі нядаўна (напрыклад, студэнцтва), у мяне адбываліся быццам дзесяць жыццяў таму. Мінулае стагоддзе! Вяртаешся з трохдзённай вандроўкі, а такое адчуванне, што цябе тры месяцы не было. Прынята лічыць, што, калі ты прыязджаеш на месца прызначэння, толькі тады і пачынаюцца прыгоды. Але гэта не так! Вось, напрыклад, гульня: бачыш самалёт — і спрабуеш здагадацца, куды ён ляціць. Ёсць праграма, якая дазваляе потым даведацца пра яго сапраўдны маршрут, — кажа Кацярына.

І дадае, што пачынаць вандраваць не абавязкова за межамі Беларусі. У нас таксама ёсць цудоўныя месцы, дзе можна выдатна адпачыць на прыродзе пасля будзённага тлуму: Браслаўскія азёры, возера Свіцязь і нават балоты...

Юлія АДАМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.