Вы тут

Дзевяцікласнік стварыў электронную кнігу для невідушчых


Стварыць свой сайт, правесці экскурсію па невядомых месцах, убудаваць у дом АRM-мікракантролер або зрабіць электронную кнігу для невідушчых дзяцей — гэта толькі малая частка таго, што яны могуць. Менавіта з такімі ініцыятыўнымі, амбіцыйнымі і, безумоўна, таленавітымі хлопцамі і дзяўчатамі мы пазнаёміліся на Мінскім абласным этапе конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі.


Пе­ра­мож­цы прад­ста­вяць Мін­скую воб­ласць  на за­ключ­ным эта­пе рэс­пуб­лі­кан­ска­га  кон­кур­су ў 2020 го­дзе.

У гонар Года малой радзімы многія яго ўдзельнікі заняліся даследаваннем сваёй краіны і развіццём турызму. Так, напрыклад, Уладзіслаў Данілковіч, вучань 11 класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, стварыў экскурсію па дузе Струвэ.

— Яна была створана каля 150 гадоў таму з мэтай дакладна вымераць форму і памеры Зямлі, уяўляе сабой сетку з геадэзічных пунктаў, якая праходзіць па шэрагу краін. У Беларусі такіх 19, пяць уваходзяць у спадчыну ЮНЕСКА. Менавіта па іх і па славутасцях, што знаходзяцца побач, мы і задумалі пракласці наш турыстычны маршрут. Калі правялі пробную экскурсію, надумалі зрабіць на сайце электронную карту для любога, хто жадае азнаёміцца. Збіраемся працягваць праект, спадзяюся, што пачынанні перарастуць у штосьці маштабнае, — падзяліўся юнак.

Вучаніца 10 класа Турэц-Баярскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Вікторыя Паўлоўская вырашыла ўдасканаліць звыклую ўсім форму экскурсіі і стварыла мабільную праграму, якая дазваляе праходзіць адмысловы квэст на аснове тапанімічнага матэрыялу.

— Па тых, хто побач, — сябрах, аднакласніках — я зразумела, што вельмі мала хто з нас сам праяўляе жаданне з'ездзіць на якую-небудзь экскурсію. У асноўным, усе цяпер проста «заліпаюць» у тэлефонах. Таму і вырашыла аб'яднаць мабільныя гаджэты і магчымасць пазнаць нашу краіну. З дапамогай навуковага кіраўніка зрабіла праграму, праз якую кожны можа не толькі пазнаёміцца з прыродай і славутасцямі таго ці іншага раёна, але і прайсці розныя тэматычныя заданні.

Падобная ідэя ўзнікла і ў Ягора Шыкаўца, вучня 10 класа нарачанскай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна. Яго праект — вэб-сайт «Мая Нарач» — для прыцягнення турыстаў на сваю малую радзіму.

— Адкрыўшы яго, можна адразу ўбачыць інфармацыю аб возеры і нашым курортным пасёлку, розныя навіны, фотагалерэю. А яшчэ ёсць віртуальная карта, дзе госці Нарачы могуць паглядзець усе славутасці і адразу выбраць сабе жаданы маршрут. Цяпер мы працягваем удасканальваць сайт: распрацоўваем рэкламу, паляпшаем афармленне і тэхнічныя магчымасці, у прыватнасці, плануем увесці розныя мовы для наведвальнікаў. Я лічу, што пра Нарач павінны даведацца як мага больш людзей, бо гэта не проста возера, а самы прыгожы і вялікі курорт Беларусі, — расказаў Ягор.

У час інфармацыйных тэхналогій цяжка адкрыць нешта новае ў гэтай сферы, але ўдзельнікі конкурсу здолелі здзівіць журы. Іх вынаходкі аказаліся не толькі цікавымі, але і карыснымі.

Максім Жыдовіч, вучань 11 класа дзяржынскай гімназіі № 1, прадставіў праграму кросплатформеннага «разумнага дома» на АRM-мікракантролеры. Яна дазваляе кантраляваць усе электрычныя прыборы і святло ў жыллі і кіраваць імі.

— Гэтая праграма не з'яўляецца навінкай у свеце, проста ў Беларусі яна чамусьці не так папулярная, як за мяжой. Аднак у майго праекта ёсць некалькі адметнасцяў, якія робяць яго лепшым за замежныя аналагі. Калі выводзіць яе на рынак, яна будзе ў некалькі разоў таннейшай, дзякуючы выкарыстаным матэрыялам. Не трэба купляць ніякага габарытнага абсталявання, рэгістравацца, нават інтэрнэт не патрэбны, трэба проста падключыцца да сістэмы і ўвесці ў пошукавы радок патрэбны ІР-адрас. І вы зможаце кантраляваць свой дом з любой часткі свету, — расказаў аўтар распрацоўкі.

Вучань 9 класа бярэзінскай гімназіі Кірыл Цітоў узняў важную сацыяльную праблему і змог знайсці яе рашэнне. Ён стварыў электронную кнігу для невідушчых.

— Гэта, хутчэй, буквар для дзяцей, — патлумачыў хлопец. — Для яго мы абралі найбольш распаўсюджаны шрыфт Брайля. Наш праект яшчэ не завершаны, мы будзем развіваць яго. Хочацца, каб у будучыні такія электронныя кнігі палегчылі жыццё людзям без зроку.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Загаловак у газеце: З характарам даследчыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Грамадства

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра.

Грамадства

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Без мiлiцыi мы нiяк», — рэзюмаваў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з мiнiстрам унутраных спраў Юрыем Караевым, маючы на ўвазе сiтуацыю з каранавiрусам. 

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.