Вы тут

Як брат і сястра з Мазыра стварылі ўласны бізнес


Бывае, што брат з сястрой цяжка сыходзяцца характарамі, у іх часта розныя захапленні, але гэта дакладна не той выпадак. Уладзіслаў і Аляксандра САНЬКО з Мазыра заўсёды хацелі мець уласны бізнес. Кожны спрабаваў сябе ў розных сферах, але ажыццявіць мару атрымалася толькі сумесна.


Уладзіслаў: — Усё пачалося з не самай добрай гісторыі... Аляксандра нечакана моцна захварэла і амаль жыла ў бальніцах. Каб яна не думала пра дрэннае і не сумавала, я стараўся адцягваць яе размовамі пра стварэнне бізнесу, літаральна кожны дзень мы абменьваліся рознымі планамі. На шчасце, сястра хутка пайшла на папраўку, а ўсе нашы ідэі пачалі развівацца. Аднойчы прачыталі, што спажыванне кавы расце штогод. І зразумелі: адкрыццё кавярні — наш шанц! Бо гэта той прадукт, які заўсёды будзе запатрабаваны. Да таго ж падчас вучобы я падпрацоўваў у сферы грамадскага харчавання, таму нейкі досвед у мяне ўжо быў. Акрамя таго, для адкрыцця кавярні патрэбны адносна невялікі бюджэт. Супаставіўшы ўсе факты, мы вырашылі, што знайшлі свой ідэальны варыянт. Вялікім плюсам у нашых пачынаннях была наяўнасць адпаведнай адукацыі. Я скончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі па спецыяльнасці «эканаміст-менеджар».

Аляксандра: — Я, наадварот, больш творчы чалавек. Пасля школы пайшла ў архітэктурны каледж, таму што «ўмею, магу і хачу». Спраўлялася з вучобай добра, пасля паступіла ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна на фізіка-інжынерны факультэт. Веды ў галіне архітэктуры спатрэбіліся пры выбары месца і будаўніцтве самой установы.

Праўда, у нашым горадзе цягам паўгода месца мы так і не знайшлі, а выкупляць дзяржаўную зямлю на аўкцыёне (як нам прапаноўвалі) было занадта маштабна, таму вырашылі паспрабаваць у Калінкавічах, гэта зусім недалёка ад Мазыра. І вось тут знайшлі тое, што шукалі. Нарэшце пачаўся этап будоўлі, але цяжкасці не скончыліся. Вядома, што пры стварэнні свайго бізнесу, як ты ні разлічвай, не пазбегнуць фінансавых цяжкасцяў. Таму давялося прадаць аўтамабілі, пазычаць грошы ў сваякоў, знаёмых і сяброў.

Наступным этапам было стварэнне дызайну. Яго замаўлялі ў кампаніі, нам распрацоўвалі брэндбук і лагатып, знешні выгляд першага гандлёвага модуля. Я вельмі хацела стварыць нешта ў тэме бясконцасці. Мы выбралі тэматыку космасу. На рынку яшчэ не было «касмічных» кавярняў, і гэта тое, што нас вылучае сярод канкурэнтаў.

Уладзіслаў: — Што да назвы, то тут быў сапраўдны мазгавы штурм! Мы разглядалі розныя варыянты, якія былі б віруснымі, лёгка чыталіся і даносілі сутнасць адразу. У выніку спыніліся на CoffeeCos.

Аляксандра: — Мы каля васьмі месяцаў працавалі самі, гэта зніжала нашы пастаянныя выдаткі і дазваляла зразумець і адчуць бізнес знутры. Цяпер з'яўляемся ў кавярні дзесьці раз на месяц, каб пачуць ад гасцей, што ім не падабаецца і дзе трэба нешта выправіць. Гэта насамрэч прымушае працаваць больш і дапамагае імкнуцца да лепшага.

Уладзіслаў: — Нядаўна наведалі маштабны бізнес-форум. Пасля яго нашы патрабаванні пры выбары персаналу крыху змяніліся. У першую чаргу важна, каб чалавек мог прыцягнуць увагу госця. Набіраем работнікаў самі з дапамогай платформаў па пошуку работы. Што датычыцца сяброў, то мы атрымалі шмат урокаў і цяпер бяром толькі незнаёмых людзей.

Аляксандра: — Нам вельмі хочацца сказаць дзякуй бацькам, якія верылі ў нас. Яны заўсёды казалі: «Спрабуйце!» Вельмі шмат дапамагалі з рамонтам кавярні: Улад з бацькам фарбавалі сцены, клалі плітку, рабілі многае іншае, мама займалася дэкорам і дызайнам. Бацькі ніколі не адмаўлялі, а шчыра ганарыліся намі.

Цяпер, калі мы дасягнулі таго, да чаго так імкнуліся, хочацца падбадзёрыць іншых. Бізнесменам ты не можаш нарадзіцца, але можаш ім стаць. Самае галоўнае — калі ты сапраўды нечага хочаш, то павінен ісці да апошняга. У нас усё атрымалася таму, што мы не здаліся!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Загаловак у газеце: Праз церні — да «касмічнай» кавярні, або На што здольныя настойлівасць і падтрымка блізкіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.