Вы тут

Наколькі цяжка працаваць зваршчыцай жанчыне?


Напэўна, ужо не існуе такой сферы дзейнасці, у якой не змагла б рэалізаваць сябе сучасная жанчына. Аднак ёсць прафесіі, дзе іх да гэтага часу не вельмі звыкла бачыць. Мы пагутарылі з 32-гадовай электразваршчыцай чацвёртага разраду Дзяржынскага эксперыментальна-механічнага завода Надзеяй Канаковай і высветлілі ўсе нюансы яе працы.


— Наогул па першай адукацыі я швачка-кравец, але неяк з тым не склалася. А вось працаваць зваршчыцай падабаецца! (Смяецца.) Мне часта задаюць пытанне: чаму пайшла менавіта ў гэтую сферу? Я шмат чаго ведала аб прафесіі, бо мой муж працуе зваршчыкам, ён часта расказваў пра свае будні, і мяне яго расповеды прыцягвалі. У нейкі момант проста зразумела, што мне ўсё гэта цікава і што я хачу паспрабаваць сябе ў новай справе. Вядома, блізкія людзі былі здзіўлены маім выбарам, калі шчыра, нават цяпер, праз сем гадоў, многія яго па-ранейшаму не разумеюць.

Варта нагадаць, што прафесія зваршчыка вельмі складаная, а часам нават небяспечная. Далёка не ва ўсіх атрымліваецца асвоіць яе з першага разу, але гэта дакладна не пра нашу гераіню.

— Лёс мне ўсміхнуўся: я вучылася адразу на заводзе. Прыйшла туды па аб'яве, пачала працаваць, і, на маё здзіўленне, усё атрымлівалася з лёгкасцю. Я думаю, усё выходзіла так проста, таму што ў мяне было жаданне, а таксама разуменне таго, як гэта ўладкавана. Бо калі чалавек мэтанакіраваны, то ў яго ўсё будзе атрымлівацца, — дзеліцца Надзея.

Праз нейкі час пасля навучання дзяўчына атрымала другі разрад, потым трэці, а цяпер ужо чацвёрты з шасці магчымых! Яна даўно паўнавартасны член каманды і выконвае тую ж работу, што і мужчыны. Займаецца металаканструкцыямі, катламі пад ціскам і многім іншым. Працаваць, гэтаксама, як і вучыцца, у суразмоўніцы, паводле яе слоў, атрымліваецца з лёгкасцю, і, што важна, яна кожны дзень ідзе на завод з усмешкай і добрым настроем.

Надзея — не адзіная жанчына-зваршчык на прадпрыемстве, ёсць яшчэ каляжанка. Аднак нейкага асаблівага стаўлення да сябе яны не адчуваюць: патрабаванні да іх такія ж, як і да ўсіх астатніх работнікаў, ніхто не робіць паслабленняў, як той казаў, за прыгожыя вочы...

— У калектыве мы ўсе адно аднаму дапамагаем. Але ў нас здзельная заработная плата, і калі я не буду працаваць як усе, то, натуральна, грошай атрымаю менш, чым астатнія. Адчуваю ад калег не спачуванне, а павагу за тое, што якасна выконваю свае абавязкі нароўні з імі, — тлумачыць суразмоўніца.

Нягледзячы на цяжкую працу, маладая зваршчыца заўсёды знаходзіць магчымасці заставацца жаноцкай.

— У маёй рабоце трэба быць засяроджанай, сур'ёзнай, спраўляцца з фізічнымі нагрузкамі, а вось дома я заўсёды добрая мама і каханая жонка. Хоць і не фарбуюся на вытворчасці, усё роўна адчуваю сябе заўсёды прыгожай. (Смяецца.) Наогул, я не лічу, што мая работа «не жаночая». Проста не кожная дзяўчына яе «пацягне», ды і шмат хто проста не захоча. Каб працаваць зваршчыкам, трэба быць мэтанакіраванай, моцнай, да таго ж не баяцца бруду.

Мала хто ведае, што ёсць адмысловы міжнародны конкурс для зваршчыкаў. Ён штогод праходзіць у Мінску і ўключае ў сябе некалькі намінацый. Надзея ўжо другі год удзельнічае ў гэтым прафесійным спаборніцтве ў намінацыі «Механізаваная зварка ў сумесях актыўных газаў MІG/MAG». Летась яна заняла 20-е месца сярод 140 удзельнікаў, сёлета — 21-е. Аднак не збіраецца спыняцца і налета хоча ўзяць удзел у конкурсе зноў — з надзеяй на вышэйшае месца.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».