Вы тут

Ногі ўверх!


Нядаўна Шэран Стоўн на цырымоніі ўручэння прэміі «Чалавек года» GQ у Берліне паўтарыла сваю славутую сцэну з фільма 1992 года «Асноўны інстынкт». Ну, калі гераіня ў кароткай сукенцы закідвае нагу на нагу, пры гэтым на ёй няма і намёку на ніжнюю бялізну... Зрэшты, чаго нагадваць, гэта ж класіка, хто забудзе! («— Дарагі, ты памятаеш, як Шэран Стоўн у «Асноўным інстынкце» ў паліцэйскім участку ножку праз ножку перакладвае? — Канешне, памятаю! — О, малайчына, гэта ты не забыў! А хлеба дадому купіць?!») На актрысе, якая паднялася на сцэну, была міні-сукенка з глыбокім выразам да самай таліі і такім жа глыбокім дэкальтэ. Пішуць, што з улікам усяго гэтага сцэна атрымалася, магчыма, яшчэ больш эфектная, чым шмат гадоў таму. Прынамсі, калі Шэран Стоўн на сцэне села ў крэсла і з лёгкасцю «ўзмахнула» нагамі, гледачы ў зале паўскоквалі з месцаў і апладзіравалі ёй стоячы. У свой 61 год актрыса застаецца фенаменальна прыгожай, яе лічаць адной з самых сексуальных жанчын планеты. («Адэса. Аб'ява на дзвярах салона прыгажосці: «Не спрабуйце пазнаёміцца з красуняй, якая выходзіць ад нас. Магчыма, шо гэта такі ваша бабуля!») Шэран Стоўн, якая атрымала прэмію «Жанчына года», прызналася, што той эпізод крута змяніў яе жыццё.


А ўсё чаму? Ніяк не прыніжаючы талент і акцёрскія здольнасці актрысы — ногі! Гэтай часткай цела можна многа чаго сказаць, перадаць. Яны патрэбныя ў многіх пачынаннях. («Як прайсці два кіламетры. Пакрокавая інструкцыя».) Ногі здольныя цалкам змяніць наш свет. («Дзяўчына, якая не прыйшла на спатканне, можа сапсаваць вам толькі настрой. Тая, што з'явілася на ім, — усё жыццё».) Іх мовай карыстаюцца, зразумела, найперш дзяўчаты. («— Ты куды? — Пайду па крамах прагуляюся. — Што-небудзь купіць? — Не! Падражніць прадаўцоў надзеяй!») Але і прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва не адмаўляюцца ў пэўнай сітуацыі задзейнічаць ногі напоўніцу. («Я не мог проста стаяць і спакойна глядзець, як яна сыходзіць ад мяне. Таму пачаў крыху прытанцоўваць».)

Праўда, бывае, калі дэманстрацыя ног вельмі некаму не падабаецца. Напрыклад, у грамадскім транспарце, найперш у метро, некаторыя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва шырока іх расстаўляюць, перашкаджаючы пасажырам побач. З'ява нават атрымала назву «мэнспрэдынг» — ад англійскіх слоў «мужчына» і «раскідваць». У такіх апраўданне адно — анатомія, маўляў, інакш ім нязручна сядзець. («Ніколі не ўстануць на калені, нават калі іх захопяць у палон, ганарлівыя і смелыя цюлені, таму што ў цюленяў няма каленяў».) Жанчыны ў многіх краінах з гэтым змагаюцца — з пераменным поспехам. («Падкажыце цікавае месца, куды можна схадзіць са сваім меркаваннем».) Напачатку яны спрабавалі паўплываць на сітуацыю простымі ўшчуваннямі, потым, былі выпадкі, перайшлі да рашучых атак. Скажам, у Санкт-Пецярбургу феміністкі правялі акцыю «Расставіў ногі? Атрымай!» («Сварацца са мной дзве дзяўчыны. Адна надрываецца: — Я табе дам! Другая крычыць: — Я табе пакажу! А я стаю і прыдуркавата ўсміхаюся...») Атрымай — гэта хімічнай сумессю на прычыннае месца... А нядаўна Лайла Лорэл, 23-гадовая студэнтка, выпускніца брытанскага ўніверсітэта Брайтана, у рамках свайго дыпломнага праекта распрацавала набор для сядзенняў у мэтах барацьбы з мэнспрэдынгам. Трапецыепадобная форма крэсла для мужчын не дазваляе ім расставіць калені шырока. Для жанчын — трапецыя наадварот, якая прымушае трымаць ногі расстаўленымі. А яно таго варта? («— Якія рэсурсы вы выкарыстоўваеце для самаадукацыі? — Пераважна граблі».)

Вось што мы можам сказаць, у сваю чаргу, пра так званы жаночы купальнік ад лонданскага брэнда Jaded London? Яго яшчэ назвалі «задам наперад» — у злітным касцюме без шлеек проразі для ног заканчваюцца пад... падпахамі. Ад гэтага і адчуванне, што яго адзелі задам наперад. Гэта ж жах жахлівы! Ці ў вашым разуменні мара, калі ногі пачынаюцца ў прамым сэнсе слоў ледзьве не ад вушэй? («Бачу мэту — не бачу перашкод. Менавіта з такім слоганам я пайшла і купіла эклеры ў дзве гадзіны ночы».) Дарэчы, у падобным купальніку, наколькі аўтар разбіраецца, нядаўна выклала фота вядомая айчынная спартсменка — на адпачынку на пляжы. Меркаванні карыстальнікаў, як той казаў, падзяліліся... («— Скажыце, чаму вы адзяваецеся на работу як жабрачка? У вас, што, няма грошай на добрыя джынсы? Мы ж вам плацім салідную зарплату! — Але гэта нармальныя джынсы, учора купіла... — А чаму не парваныя? Дзіркі дзе?!»)

Што мне асабіста спадабалася, дык гэта нядаўні чэлендж у сацсетках ад мінчанкі Вольгі Жалязняк, якая працуе трэнерам па стрэтчынгу — відзе аэробікі. Яна заклікала дзяўчат садзіцца на шпагат і выкладваць здымкі, прычым дэманстраваць сваю гнуткасць не ў спартзале, а ў офісе, на кухні, у іншых незвычайных месцах. Чаго там ужо толькі няма — і гарызантальныя расцяжкі, і вертыкальныя: нагой у столь, у адкос акна... І дзяўчаты прыгожыя, з доўгімі стройнымі нагамі. На мой погляд, вельмі пазітыўны флэшмоб, асабліва на фоне восеньскай слоты. Нават далучыцца хочацца... Ну, як далучыцца? Як у анекдоце: «— А на шпагат можаш сесці? — Ды лёгка! Размотвай, кладзі!»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».