Вы тут

Сёння ў Лондане стартуе конкурс прыгажосці «Міс свету-2019»


20 лістапада ў Лондане стартуе 69-ы міжнародны конкурс прыгажосці «Міс свету-2019». Сёлета гэты найстарэйшы і самы прэстыжны з існуючых у свеце форум збярэ ўдзельніц са 120 краін і тэрыторый — прынамсі, столькі заявак атрымалі арганізатары. Сваіх дзяўчат дэлегавалі ў тым ліку Алжыр, які не ўдзельнічаў у конкурсе больш як пятнаццаць гадоў, Віргінскія і Кайманавы астравы, Манголія, Паўночная Ірландыя, Чад і іншыя дзяржавы. Беларусь прадстаўляе мінчанка Анастасія Лаўрынчук — «Другая віцэ-міс Беларусі-2018».


Так наша ўдзельніца прадстаўлена на афіцыйным сайце конкурсу.

19-гадовая трэцякурсніца Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ ставіцца да ўдзелу ў конкурсе вельмі сур’ёзна: «Гэта не проста прыехаць, сябе паказаць — я ўсведамляю, што прадстаўляю краіну і маю магчымасць шырэй расказаць пра Беларусь у свеце». Таму рыхтавацца яна пачала больш чым паўгода таму — распытала папярэднюю ўдзельніцу Марыю Васілевіч пра тонкасці арганізацыі і падводныя камяні, якія могуць чакаць на конкурсе, актыўна займалася са спецыялістамі Нацыянальнай школы прыгажосці харэаграфіяй і дэфіле, узмацніла спартыўныя трэніроўкі і нават прабегла Мінскі паўмарафон, падцягвала англійскую, рыхтавала свой дабрачынны праект, прадумвала макіяж і ўборы. Праўда, апошнія два пункты давялося перагледзець: замест Тайланду, дзе цёпла і вільготна, арганізатары перанеслі конкурс у Вялікабрытанію, таму багаж дзяўчыны пацяжэў практычна ў два разы. Усяго ў Лондан Анастасія павезла 5 валізак, куды ўваходзяць амаль 40 разнастайных сукенак, ад паўсядзённых да вячэрніх, 10 дызайнерскіх капялюшыкаў і 20 пар абутку, народны касцюм з галаўным уборам, сувеніры для арганізатараў і ўдзельніц (у тым ліку знакаміты беларускі зефір, касметыка, вырабы з ільну), лот для дабрачыннага аўкцыёну, беларускі сцяг і кніга пра славутасці нашай краіны, і нават... шабля. З ёй дзяўчына выканае танец для намінацыі «Міс Талент». Запэўнівае, што наогул збіраецца ўдзельнічаць ва ўсіх намінацыях і актыўнасцях, каб назва Беларусі на конкурсе гучала як мага часцей.

Напярэдадні ад’езду Анастасія паўдзельнічала ў так званым TETRIS CHALLENGE і паказала частку свайго багажу.

Што да дабрачыннага праекту, які з’яўляецца неад’емнай часткай «Міс свету», для Насці Лаўрынчук гэта глыбока асабістая гісторыя. Рэч у тым, што ў яе сям’і трое дачок, і малодшая — прыёмная. «Наша Віка цудоўная, я не ўяўляю, як мы раней без яе жылі, — з цёплай усмешкай расказвае старэйшая сястра. — І я лічу, што гэта вельмі правільная грамадская пазіцыя: у кожнага дзіця павінен быць дарослы, які за яго адказвае і клапоціцца. Але ўсынаўленне — працэс не такі просты, як здаецца, і сям’і, і дзіцяці неабходная падтрымка і суправаджэнне спецыялістаў. Гэтай тэме і прысвечаны мой праект». Дзяўчына не афішуе, але рэгулярна ўдзельнічае ў іншых дабрачынных мерапрыемствах — то суправаджае дзяцей з інваліднасцю на модным паказе «Каляровыя сны», то з бацькамі робіць прыемныя і карысныя падарункі для дзіцячага дома — і не толькі таго, адкуль узялі малодшую сястрычку. Словам, нягледзячы на беларускую завядзёнку пытацца «А хто гэта?» і рабіць скептычныя прагнозы, Анастасія з тых дзяўчат, каму шчыра хочацца пажадаць удачы, як на конкурсе прыгажосці, так і па-за яго межамі.

У гэтай сукенцы дзяўчына выйдзе на дэфіле нацыянальных касцюмаў.

Фінал «Міс свету-2019» адбудзецца 14 снежня ў выставачным цэнтры ExCeL London. Ужо вядома, што на гала-шоу выступяць ікона брытанскай музыкі Lulu і поп-спявак Пітэр Андрэ Але да гэтага часу канкурсанткі будуць спаборнічаць за перамогу ў асобных намінацыях, якія гарантуюць месца ў топ-40 — «Міс Спорт», «Міс Талент», «Міс Топ-мадэль», «Народны танец», «Міс Мультымедыя» (альбо «Міс глядацкіх сімпатый»), дабрачынны марафон «Прыгажосць з сэнсам» і адмысловыя дэбаты «Head to Head Challenge». Прадугледжаны таксама шматлікія экскурсіі і прэзентацыі турыстычных маршрутаў, дабрачынныя і адукацыйныя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы... Цягам усіх трох тыдняў беларуска паабяцала весці «рэпартаж з закулісся» ў сваім Інстаграме, за якім ужо сочаць больш чым 5 тысяч падпісчыкаў. А само фінальнае шоу, на якім дзеючая каралева прыгажосці Ванеса Понсе дэ Леон з Мексікі перадасць тытул сваёй пераемніцы, будзе транслявацца ў 150 краінах свету.

Адзін з вобразаў для Насці ў колерах «попельнай ружы», расказвае яго аўтарка, беларускі дызайнер Вольга Дэйко, — амаж, або рэверанс у бок «жанчыны-кветкі» знакамітага Крысціяна Дзіора.

Нагадаем, на конкурсе «Міс Свету-2018», які праходзіў у снежні мінулага года Кітайскай Саньі, беларуска Марыя Васілевіч увайшла ў топ-5 удзельніц і заваявала тытул «Міс Свету Еўропа».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара, missworld.com і instagram.com/an.laur

 

Загаловак у газеце: Наш фармат

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.