Ёсць усе спадзяванні, што калі-небудзь Магілёў стане беларускай кулінарнай сталіцай. Мы ўжо пісалі пра таленавітых кухараў Мікіту Цвяткова, першага пераможцу WоrldSkіlls Bеlаrus у гэтай кампетэнцыі, і Пятра Ануфрыенку, які зусім нядаўна быў прызнаны найлепшым шэф-кухарам года на першым міжнародным кулінарным кубку ў Мінску. Але гэта былі дарослыя майстры, а нядаўна пра сябе гучна заявіў зусім яшчэ юны. Марку ўсяго тры гады, а ён ужо дастаткова вядомы кухар. У «Інстаграме», куды яго маці выкладвае рэцэпты і відэаролікі з падрабязнасцямі прыгатавання, у яго болей чым 15 тысяч падпісчыкаў.
Марк — кухар, які яшчэ не гаворыць. Менавіта так прадстаўлена ў інтэрнэце юнае дараванне.
— Ён у нас гатаваць навучыўся раней, чым размаўляць, — усміхаецца яго маці Лізавета Пастухова. — Цяпер у нас з маўленнем прагрэс, не тое што год таму, калі я вырашыла прадэманстраваць яго здольнасці на ўвесь свет. Спачатку здымала асабіста для сябе, але знаёмыя паглядзелі і параілі: выкладвай у інтэрнэт, гэта ж так класна. Я нешта гатую, а ён увесь час да мяне цягнецца. Сама кухарыла, а яму дазваляла з крупамі пагуляцца, у місцы з вадзічкай ручкі памачыць. А ён стаў усё больш і больш цікавіцца, дапамагаць цеста замешваць. Але больш за ўсё любіў гатаваць амлеты. Падстаўляў крэсла да халадзільніка, адчыняў дзверцы і браў яйкі. Прыносіў, разбіваў аб міску і размешваў. Пэўны час у меню былі ў асноўным амлеты, пакуль я не вырашыла ўскладніць задачу. Дадала муку і цукар, і мы сталі гатаваць шарлотку. З гэтага наш блог, па сутнасці, і пачаўся.
Скептыкам заўсёды не хапае тэм для сумневу, але я асабіста пераканалася, што гэта не той выпадак. Не выключаю, што ёсць бацькі, якія літаральна са скуры лезуць, каб сваё дзіця праславіць. Але ў Марка з Лізаветай усё гэта атрымліваецца так непасрэдна, што сапраўды захапляе. Нездарма людзі з такім замілаваннем рэагуюць на Лізавеціны пасты ў сацсетках.
— Я спачатку крыху баялася, што будзе шмат негатыву, думала, што маці, дзеці якіх не гатуюць, пачнуць папракаць, што я выхваляюся перад імі. Марк, калі гатуе, можа і машынкі ў цеста «дадаць» або яшчэ што. Гэта ж гульня, мы ж не для кавярні або сталоўкі гатуем. Але я дарэмна хвалявалася — людзі ўсё разумеюць. Шмат хто дасылае відэа дзяцей, якія таксама гатуюць. Пішуць, што карыстаюцца нашымі рэцэптамі. Некаторыя прызнаюцца, што раней баяліся пускаць малых на кухню, а паглядзеўшы на нас, натхніліся.
Усе рэцэпты і фота гатовых страў, да якіх прыклаў руку Марк, — у інтэрнэце. Гляджу на гэтую прыгажосць і глытаю слінкі. Як жа смачна выглядае вунь той пірог з чарнічнай праслойкай! А вось гэты блінны торт — сапраўдны твор мастацтва. Бліны, начынка з курыцы і грыбоў плюс смятанна-сырны соус. М-м-м, як апетытна!
— Гэта звычайныя дамашнія рэцэпты, — усміхаецца Лізавета. — У тым жа «Інстаграме» шмат кулінараў ёсць. Калі нешта смачнае трапляе на вочы, бяру на заметку. Але з такім прыцэлам, каб Марк справіўся. Не люблю доўгія складаныя стравы, калі трэба гадзіну марынаваць, потым яшчэ дзве запякаць. Вельмі люблю салодкае і гатова з гэтым эксперыментаваць. Адзін дзень, напрыклад, гатуем кекс, другі — рулет. У працэсе дадаём нешта сваё і ствараем унікальны рэцэпт.
Кожны дзень маладой мамы і сына распісаны па хвілінах. Лізавета — настаўніца англійскай мовы — цэлы дзень у школе. Пакуль маці на рабоце, Марк у дзіцячым садку. Потым абодва бягуць на заняткі да лагапеда або ў тэатральны гурток, дзе для такіх маўклівых малых, як Марк, ёсць спецыяльная лагагрупа.
— Ну, а як толькі вяртаемся дадому, Марк адразу цягне мяне на кухню са словамі «папа ням-ням тува», што значыць — трэба прыгатаваць для таты нешта салодкае, — расказвае Ліза і дадае: — Наш тата — баскетбаліст магілёўскага клуба «Барысфен», а раней гуляў у розных клубах Расіі і Беларусі. Мы з ім знаёмы амаль з дзяцінства, а калі пабраліся шлюбам, разам ездзілі па яго спартыўным маршруце. Гады чатыры таму аселі ў Магілёве, цяпер вось выхоўваем дзіця.
Любоў да кухарскай справы ў Марка спадчынная. Лізавета таксама з дзяцінства прывыкла нешта гатаваць. Згадвае, што калі ёй было шэсць гадоў, разам з братам пад кіраўніцтвам маці рабіла «венскія вяночкі» — печыва з белага і карычневага цеста. Для дзяцей, вядома, гэта была цікавая гульня. Калі яны займаліся кухарствам, уся кухня была ў муцэ. Але ж маці ўспрымала гэта спакойна — напэўна, таму сам працэс і запомніўся як свята. Вядома ж, усё, што закладваецца ў дзяцінстве, потым становіцца характарам. Марк таксама не падарунак, бывае, што кухня падчас яго гатавання нагадвае бушуючы вулкан. Але ж Ліза не лічыць патрэбным пакрыкваць на сваё дзіця. Нават у іх з Маркам кулінарным блогу яна пазіцыянуе сябе як маці з жалезнымі нервамі.
— У мяне часта пытаюцца, адкуль маю столькі цярпення, і я стала пра гэта думаць, — канстатуе яна. — Раней мне здавалася, што гэта зразумела і натуральна. Ну раскідаў цацкі, ну збяром, што тут такога. А потым здагадалася. Я ж у школе працую. Калі цэлы клас гарлапаніць, мне трэба дзяцей не толькі супакоіць, але і чамусьці навучыць. Вось я і стрымліваюся, не зрываюся ні на кім.
Лізавета згадвае выпадак са свайго дзяцінства, калі настаўніца ў музычнай школе прыкрыкнула на яе і дзяўчынка расплакалася. А ўся справа была ў тым, што Ліза ўпершыню ўбачыла раз'юшанага чалавека. І яшчэ больш пераканалася ў тым, што крык — вельмі дрэнны стымул.
Сёння Марк пры дапамозе маці можа прыгатаваць усё, што душа пажадае. Або амаль усё. І я гэта аўтарытэтна пацвярджаю. Мала таго, што ў яго ёсць нават свой кухарскі інструмент у выглядзе бяспечнага нажа і цэлай скрыні розных формаў, а таксама адпаведны фартушок, дык ён ужо і адмысловыя прафесійныя жэсты засвоіў. Бачылі б вы, як ён замешвае цеста! «Мішлен» адпачывае.
Ні Лізавета, ні тым больш я не ведаем, што зараз народзіцца ў руках юнага майстра. Напэўна, бісквіт, мяркуе маладая жанчына, калі Марк упэўнена бярэ крэсла і цягне яго да халадзільніка, каб узяць яйкі. У імгненне вока з дапамогай спецыяльнага венчыка яны ператвараюцца ў аднародную масу. А Марк дзелавіта цягне крэсла ўжо да шафы, каб узяць там цукар. «А кава?» — ці то цікавіцца, ці то загадвае маці сын. «Даводзіцца цяпер усё есці з кавай», — асуджана ўздыхае Лізавета і дастае пакецік. Цікава назіраць, як хлопчык дзелавіта ўзбівае яйкі з цукрам і кавай, пры гэтым спрытна круцячы міску. «Гэта прыходзіць само, — тлумачыць Лізавета. — Але ж зразумела, што ні ў кога так з першага разу не атрымаецца. Патрэбен час...»
Каб цеста паднялося, бяром соду. Лізавета перадае Марку лыжку з белым парашком, а ён упэўнена гасіць яго воцатам. Маці тым часам згадвае пра электрычны міксер, і справа пачынае ісці хутчэй. Маса ў місцы расце на вачах.
— Нам ужо прапаноўваюць праводзіць майстар-класы, — усміхаецца Лізавета. — Адзін мы зрабілі на ранішніку ў тэатральным гуртку. Часу было няшмат, таму загадзя спяклі печыва, узялі з сабой глазуру і харчовыя бліскаўкі, каб дзеці змаглі ўпрыгожыць гэтую смакату.
У міску тым часам сыплецца мука, і Марк пачынае ўзбіваць цеста. На выгляд атрымліваецца апетытна. Марк каштуе на смак і не можа адарвацца. Лізавета нагадвае магічнае «ням-ням тува», і сын бярэцца змазваць алеем сіліконавую форму. Потым пералівае ў яе цеста і нясе да ўжо разагрэтай пліты. Маці ўрачыста адпраўляе твор Марка ў духоўку і прапануе зрабіць музычны перапынак. Яна ж яшчэ і аматар танцаў, трынаццаць гадоў займалася гэтай справай і цяпер вядзе ў школе танцавальны гурток. Пад мілагучную кампазіцыю Рыты Дакоты, Ганны Хількевіч і Аксаны Дзмітрыевай «Любовь безвозмездно дарящие, мамы настоящие» маці з сынам кружаць па кухні. Яны пачулі гэтую песню на ранішніку, і абодва ў яе ўлюбіліся. Хутка прыемны пах выпечкі запаўняе ўсю кватэру. Так цёпла ў ёй і ўтульна!
«Хутка будзем ёлкі пячы, — дзеліцца планамі Ліза. — На мінулы Новы год, напрыклад, пяклі імбірныя пернікі, да Вялікадня цэлы тыдзень фарбавалі яйкі рознымі спосабамі, да дня Святога Валянціна рабілі сэрцайкі з джэмам. Не ведаю, як Марк гэта ўсё ўспрымае, але калі бачу, што ён паўтарае за мной, разумею — гэта не дарэмна. На кухні я заўсёды побач, але не ўмешваюся — толькі назіраю за працэсам. Даю яму болей самастойнасці. Калі мы забараняем дзіцяці гатаваць, на самай справе беражом не яго, а сябе: нам не хочацца лішні раз прыбіраць. Самой нашмат прасцей. Але маці мяне навучыла, і я таксама перадаю гэты вопыт сыну. Хай некалькі гадзін патрачу, каб навучыць яго, затое потым ён зможа рабіць гэта самастойна».
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.