Вы тут

Ці можам мы ўплываць на змяненне клімату? Праблема і яе вырашэнне


Сёлета апошні свой белы грыб старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў знайшоў у дуброве пад Валожынам у другой дэкадзе лістапада. За 55 гадоў сваёй практыкі грыбніка ён да гэтага выпадку ніколі так позна не знаходзіў баравікі ў нашых лясах. Усё спісваць на глабальнае пацяпленне, ці ў нас проста запозненыя з'явы бабінага лета? А вы як лічыце?

Гаворка ідзе хутчэй за ўсё пра раптоўны надыход нейкіх анамальных павышаных тэмператур, анамальных ападкаў, якія прыводзяць да падтапленняў тады, калі іх не чакалі. Каб змякчыць удары экстрэмальных сінаптычных з'яў, трэба не толькі бачыць праблему, але і ведаць шляхі яе вырашэння. Менавіта для гэтага быў арганізаваны круглы стол «Адаптацыя да змен клімату ў Беларусі: практыкі ўключэння грамадскасці» (на матэрыялах міжнароднага праекта TеRRІFІСА). Ён праходзіў у рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя кірункі развіцця фізічнай геаграфіі: навуковыя і адукацыйныя аспекты ў Мэтах устойлівага развіцця».


Сакрэт літра гарачай вады

На мерапрыемстве было сказана шмат разумных і карысных слоў аб міжнароднай кліматычнай палітыцы, задачах і месцы нашай краіны ў гэтым міжнародным працэсе. Але нас сапраўды зацікавіла адно няпростае пытанне: няўжо звычайныя людзі сапраўды могуць уплываць на змяненне клімату? Кандыдат геаграфічных навук Аляксей Яротаў паспрабаваў растлумачыць нам гэта на пальцах.

Мы ўсе жывём звычайным жыццём, але ў нашых паводзінах ёсць экалагічныя нормы і правілы, прыдуманыя нашымі продкамі даўным-даўно. Яны распрацаваны ў тыя часы, калі ўпершыню быў уведзены тэрмін «экалогія».

Усім вядома, што каб атрымаць літр гарачай вады, трэба спаліць адзінку ўмоўнага паліва. Калі мы кожную раніцу эканомна выкарыстоўваем гэтую ваду, калі чысцім зубы ці мыемся, то мы аўтаматычна захоўваем газ, мазуту або вугаль. Калі мы з вамі выкарыстоўваем нашы рэсурсы і потым іх здаём на пункты збору другаснай сыравіны, то гэтым самым таксама эканомім энергію.

Мы жывём у буйным горадзе ці ў сельскай мясцовасці. Магчыма, у нас ёсць асабісты аўтамабіль і мы не ходзім пешшу нават у булачную за два кварталы. Атрымліваецца, што мы сабе і сваім суседзям забруджваем паветра шкоднымі выкідамі. Аляксей Яротаў лічыць, што пры адаптацыі грамадства да экстрэмальных змен клімату трэба ў першую чаргу змяняць сваё асабістае стаўленне ў бок мінімальнага, рацыянальнага спажывання.

Калі мы выкарыстоўваем аўтамабіль толькі па неабходнасці, то ў пешых шпацырах і паходах на не вельмі вялікія адлегласці не толькі трэніруем свой арганізм і беражом здароўе, але і не забруджваем атмасферу.

Вогнішча? Не палі без патрэбы

У многіх ёсць дапаможны прысядзібны ўчастак або дача. Пара і там жыць па экалагічна правільных пастулатах — весці рацыянальную сельскую гаспадарку. Мы там ужо не спальваем лісце з дрэў і бульбяное бацвінне, а закладваем іх у кампоставую яму, якая таксама выдзяляе вуглякіслы газ, але ў значна меншай колькасці, і да таго ж дае нам угнаенне. Усё гэта называецца кліматаарыентаваным ладам жыцця — калі мы з вамі паводзім сябе так, каб найменшым чынам нашкодзіць прыродзе.

Ці сапраўды ў нас цяпер эпоха глабальнага пацяплення? Дакладнага адказу нам не дасць ніхто. Меркаванні навукоўцаў падзяліліся. Адны кажуць, што тыя змены, якія адбываюцца апошнім часам, развіваюцца па сінусоідзе, а другія — што нас чакае катаклізм высокіх тэмператур. Хутчэй за ўсё, ісціна дзесьці пасярод. Але ў абодвух выпадках нам трэба мяняць лад жыцця. Старацца прыбіраць пасля сябе пластмасу, не браць у крамах пластыкавыя пакеты, а насіць сумку або авоську. Не трэба выкідваць на сметнік лішнія рэчы (лепш аддаць у дабрачынную арганізацыю — яны яшчэ могуць спатрэбіцца) і не купляць таго, што не з'ясі або не адзенеш. Калі мы навучымся неяк абмяжоўваць свае патрэбы, то станем здольнымі ўплываць на клімат. І гэта не жарт.

Нас мільёны, а ўсіх разам — мільярды

Адзін чалавек у нашым горадзе своечасова выключыў гарачую ваду і сэканоміў усяго адзін літр. Але толькі ў беларускай сталіцы жыве два мільёны чалавек. Калі кожны дзень мы ўсе разам зберажом хоць па літры, за дзень будзе цэлае возера вады.

У нашым грамадстве ёсць такое меркаванне, што мы не можам паўплываць на глабальны клімат. Але на самай справе гэта не так, лічыць спікер. Вядома, у чалавека ўзнікае пэўны дысананс, калі ён эканоміць ваду на кухні, а ў той жа час бачыць, як працуе ЦЭЦ, з трубы якой вылятае велізарная колькасць дыму. Але трэба памятаць, што калі мы запальваем сто тысяч вогнішчаў на сваіх дачах, то атрымліваем яшчэ адну ЦЭЦ. Як сфарміраваць у людзей, у мясцовай супольнасці, тых, хто жыве побач, спосаб жыцця, які б не вёў да лішняга забруджвання навакольнага свету, нашай прыроды?

Прыкладаў дастаткова, лічыць Аляксей Яротаў. Возьмем Швецыю. Уявіце сабе, калі ў цэнтры горада Мінска будзе прыярытэт у пешахода, веласіпедыста і толькі потым у аўтамабіля пры дарожным руху! Так жывуць, напрыклад, Стакгольм і Бялград. У гэтых гарадах ёсць цэлыя раёны, куды доступ аўтамабіляў забаронены.

А, напрыклад, у Хельсінкі восенню няма павальнай уборкі лісця. Фіны лічаць, што ў падзенні яго на тратуар няма нічога ганебнага, бо гэта натуральны працэс прыроды. А ў нас галаўны боль для дворнікаў. Другое пытанне, куды лісце потым дзяваюць. Аказваецца, што яго спальваюць або складуюць у пэўных месцах, дзе яно павольна перагнівае. Але ёсць жа праекты, дзе тое ж лісце ператвараюць у паперу.

Шкло застаецца нейтральным рэчывам

Сёння зноў становіцца модным выкарыстанне шкляной тары. Але, атрымліваецца, шклабой таксама з'яўляецца бескарысным смеццем, бо шкло не гніе? Наш суразмоўца нічога страшнага ў гэтым не бачыць. Шкло — прыродны матэрыял, яно прысутнічае ў нашай зямлі. Калі вулкан прачынаецца, то вывяргае са свайго чэрава вулканічнае шкло. Яно з'яўляецца натуральным матэрыялам. Гэта не тыя сто тысяч новых злучэнняў і матэрыялаў, якія былі створаны чалавекам штучна, і не раскладаюцца сотні гадоў.

— Усё гэта ў рамках адаптацыі да змен клімату мы павінны казаць насельніцтву. Заклікаць людзей быць як мы — кліматаарыентаванымі. Бо мы ж не хочам бачыць цэлафанавых пакетаў у сваім двары і пластыкавых бутэлек у грыбных месцах любімага лесу, праўда?

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Толькі аб'яднаўшыся, мы можам уплываць на змяненне клімату

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.