Вы тут

У Мінскай вобласці павялічыўся экспарт тавараў і паслуг


У Мінскай вобласці па выніках дзевяці месяцаў выкананы ўсе пяць ключавых параметраў эфектыўнасці. У прыватнасці павялічыўся экспарт тавараў і паслуг, найбольш — у Кітай. Валавы рэгіянальны прадукт за гэты перыяд склаў 15,1 мільярда рублёў, тэмп росту да аналагічнага мінулагодняга ўзроўню — 104,8 % пры прагнозе 103,6 %. Пра гэта паведаміў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас пасяджэння аблвыканкама па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця цэнтральнага рэгіёна. Анатоль Ісачанка асабліва падкрэсліў, што да канца года нельга дапусціць зніжэння тэмпаў росту валавога рэгіянальнага прадукту.


Канкурэнтаздольны — значыць, перспектыўны

Як адзначыла старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Таццяна Бранцэвіч, нягледзячы на тое што ўсе параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця, вызначаныя Саветам Міністраў, выкананы, ёсць яшчэ кірункі, над якімі трэба шмат працаваць. «Мы разумеем, што няма будучыні без інвестыцый. Мы лічым, што павінна быць усебаковае супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. Гэта дазволіць прыцягнуць дадатковыя інвестыцыйныя рэсурсы для развіцця эканомікі рэгіёна. Вельмі значнымі для нас з'яўляюцца экспартныя пастаўкі ў цэлым. Фактычна тэмп іх росту — 115 %. Аднак мясцовым органам кіравання неабходна працаваць, у тым ліку з прадпрыемствамі, дыпламатычнымі службамі, кіраўнікамі розных замежных рэгіёнаў, з тым каб не страціць пазіцыі і пашырыць экспарт у іншыя краіны».

Па словах Таццяны Віктараўны, заклапочанасць выклікаюць перш за ўсё прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці. Трынаццаць з іх знізілі аб'ёмы выпуску прадукцыі ў грашовым выражэнні на 200 мільёнаў рублёў. Мінаблвыканкам па гэтым пытанні цесна супрацоўнічае з Мінпрамам: выпрацоўваецца комплекс мер да канца гэтага года, на 2020-ы і наступныя гады. «Мы фінансуем шэраг праектаў з інавацыйнага фонду Мінскай вобласці, каб атрымаць новыя ідэі, паколькі 73 % ад усёй прадукцыі, што выпускаецца ў рэгіёне, пастаўляецца на экспарт. Мы разумеем, калі не будзем канкурэнтаздольнымі ў гэтым асяроддзі, то будучыні не будзе».

Рэкорды раслінаводства

Вынікі развіцця цэнтральнага рэгіёна разглядаліся ў цесным звязку з аграрным комплексам.

— Сёлета сельская гаспадарка спрацавала досыць нядрэнна. Па ўсіх відах прадукцыі раслінаводства атрымалі рост да адпаведнага леташняга ўзроўню. Па многіх паказчыках ён рэкордны. Намалочана больш за 400 тысяч тон зерня кукурузы, нарыхтавана больш як 4 мільёны тон сіласу, звыш 2 мільёнаў тон кармавых адзінак, больш як 29 тысяч тон ільнотрасты. І ўсё гэта ўпершыню ў гісторыі Міншчыны. Парадавала і ўраджайнасць бульбы — валавы збор на 30 % больш за мінулагодні. Намалочана збожжавых звыш 2 мільёнаў тон разам з кукурузай, — расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. — Так што створана надзейная кармавая база для грамадскага статка.

Разам з тым больш складаная абстаноўка ў жывёлагадоўлі. За 9 месяцаў на 1,5 % скараціўся валавы аб'ём ялавічыны ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, на 2 % зменшыліся аб'ёмы вырошчвання птушкі. Затое аб'ём вытворчасці свініны павялічыўся на 8 %. Наогул, развіццю жывёлагадоўлі аддаецца значная ўвага. Да канца года плануецца ўвесці ў дзеянне 84 памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 21 малочнатаварную ферму.
Сёлета малочная галіна развіваецца стабільна: павялічаны аб'ёмы экспарту прадукцыі, аб'ёмы выручкі. Актыўна асвойваюцца замежныя рынкі, куды пастаўлена малочных прадуктаў у тры разы больш, чым летась. Больш як у 10 разоў павялічыліся пастаўкі «малочкі» ў Кітай. Аднак, што датычыцца мяса і мясных прадуктаў, то выручка ад іх рэалізацыі скарацілася. На гэта паўплывалі аб'ектыўныя прычыны. У прыватнасці, Расійская Федэрацыя ўвяла абмежаванні на пастаўкі мяса на костцы. Разам з тым прадпрыемствы Міншчыны павялічылі экспарт у Казахстан і Узбекістан, працуюць над атрыманнем сертыфіката для паставак у Кітай.

Смалявічы будуць забудоўваць комплексна

— У Мінскай вобласці выконваецца праграма па ўзвядзенні жылля для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні ўмоў пражывання. На гэты год даведзена заданне пабудаваць мільён 115 тысяч квадратных метраў. Але ўжо сёння бачым, што яно будзе перавыканана, выйдзем на мільён 120 тысяч «квадратаў», — запэўніў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Аляксандр Кручанаў. — Шмат увагі аддаём забеспячэнню жылплошчай шматдзетных сем'яў. Плануецца, што да канца года 1112 з іх атрымаюць жыллё, у наступным годзе — практычна ўдвая больш.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да 2021 года выйсці на забеспячэнне жыллём шматдзетных такім чынам, каб яны стаялі на чарзе не больш за год з дня пастаноўкі на ўлік. Сёння фарміруецца праграма на 2020 год. У яе закладзены неабходныя параметры, каб выканаць даручэнне.

— Актыўна працуем над развіццём Смалявіч — горада-спадарожніка Мінска. МАПІД пачаў будаўніцтва эксперыментальнага 192-кватэрнага жылога дома. Падаць заяву на кватэру тут могуць мінчане, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў незалежна ад даты пастаноўкі на чаргу. Але пры гэтым яны павінны зняцца з уліку на атрыманне жылля ў сталіцы. Дарэчы, першачарговае права даецца шматдзетным сем'ям. Па інфармацыі Мінгарвыканкама, на 192 кватэры ўжо пададзена каля 600 заяў.

У перспектыве ў горадзе-спадарожніку з'явяцца два мікрараёны. Пад іх будаўніцтва выдзелены ўчасткі ў 26 і 29 гектараў. На першым — пабудуюць дамы толькі для мінчан, на другім — для ўсіх ахвотных. Тэрыторыі будуць забудоўвацца комплексна, з сацыяльнымі аб'ектамі, дзіцячымі садкамі, школамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: repinlife.ru

Загаловак у газеце: Інвестыцыі ў будучыню

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.