Вы тут

​У Нацыянальнай бібліятэцы ў фае сустракае зубр са старой друкарскай тэхнікі


У  Нацыянальнай бібліятэцы «прапісаўся» незвычайны насельнік — чытачоў і экскурсантаў у фае сустракае друкарскі, ён жа кніжны, зубр.


«Кніжны ён, па-першае, таму, што сабраны з дэталяў старой друкарскай тэхнікі. Па-другое, ён мае імя Алеф — па назве першай літары старажытных алфавітаў, якая паходзіць ад егіпецкага іерогліфа — галавы быка. Якраз алеф надалей стаў правобразам першай літары лацінскага, грэчаскага, кірылічнага і іншых алфавітаў, якімі мы карыстаемся сёння, — расказвае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь СУША, які выступіў ініцыятарам экспанавання для шырокай публікі. — Поўсць зубра складзеная з сапраўдных шрыфтоў, якія выкарыстоўваліся ў мінулым стагоддзі беларускімі друкарнямі, там часта сустракаюцца нашы адметныя літары «ў» і «і», а ў самым сэрцы зубра працуе механізм, які створаны па вобразе сігнета Францыска Скарыны (гэта знакамітая выява сонца і паўмесяца, што стала нефармальным сімвалам беларускай кніжнасці). З асабістых уражанняў мушу адзначыць, што зубрам няпроста жывецца сёння не толькі ў прыродзе, але і ў бібліятэках. Кніжны зубр павінен адпавядаць як эстэтычным крытэрыям, так і патрабаванням бяспекі: усё ж важыць жывёліна паўтоны, мае магутныя рогі і яшчэ недастаткова вывучаны нораў. Таму пасля праходжання ўсіх узгадненняў я вельмі шчаслівы, што зубру знайшлося годнае месца і ён стаў жыхаром Бібліятэчнай пушчы».

Майстар, які вырабіў скульптуру ў стылі стымпанк, — дызайнер Генадзь Катлінскі — працаваў над «постаццю» даўжынёй каля 2,5 метра і вышынёй больш чым 1,5 метра некалькі месяцаў. Прэзентаваны арт-аб'ект быў гэтай восенню ў межах праекта вядомага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага». Друкарскі зубр выклікаў фурор на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме, а таксама на міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Маскве, дзе стаў цэнтрам нацыянальнага кніжнага стэнда.

Экспазіцыя, зазначаюць кніжнікі, пакуль што часовая. Аднак калі знойдзецца спонсар, які пажадае набыць скульптуру для Нацыянальнай бібліятэкі і ўсіх яе наведвальнікаў, то Алеф пераселіцца бліжэй да Скарыны ўжо назаўжды.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Месца для зубра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?