Вы тут

Кожны другі, хто мае цукровы дыябет, не ведае пра сваю хваробу


У свеце больш за 425 мільёнаў чалавек хварэе на цукровы дыябет. Большасць з іх мае 2-і тып. У Беларусі такіх пацыентаў на дыспансерным уліку амаль 336 тысяч. І за апошнюю пяцігодку колькасць хворых штогод стабільна павялічваецца на 5—8 %. Пры гэтым, згодна з даследаваннямі, кожны другі хворы не ведае пра тое, што жыве з дыябетам 2-га тыпу.


ceufast.com

Прычыны, якія можна скарэктаваць

— У Расіі праводзілася даследаванне — скрынінг прайшлі асобы з лішняй вагой. У 10 % з іх упершыню быў выяўлены дыябет. Яшчэ ў 30 % меліся парушэнні вугляводнага абмену, або пераддыябет, — кажа галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры эндакрыналогіі Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Віктар Валуевіч.

За апошнія 20 гадоў колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам вырасла ў тры разы. Краінамі-лідарамі па колькасці хворых у свеце лічацца ЗША, Кітай і Індыя. Менавіта павелічэнне колькасці людзей з лішняй вагой і атлусценнем, а таксама маларухомы спосаб жыцця і няправільнае харчаванне спецыялісты называюць прычынамі павелічэння дыябету 2-га тыпу. Спадчыннасць таксама важная, але, скарэктаваўшы свае паводзіны і спосаб жыцця, захворвання ў палове выпадкаў можна пазбегнуць.

— Акрамя спадчыннасці і ўзросту, на якія мы паўплываць не можам, ёсць яшчэ такія фактары рызыкі, як індэкс масы цела, колькасць агародніны і фруктаў, якія вы ўжываеце штодня, фізічная актыўнасць. Адметна, што людзі неадэкватна ацэньваюць свой спосаб жыцця: многім з нас здаецца, што мы ўжываем дастаткова агародніны і шмат рухаемся, — адзначае галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Наталля Карловіч. — Артэрыяльная гіпертэнзія, парушэнні вугляводнага абмену ў анамнезе таксама павышаюць рызыку ўзнікнення цукровага дыябету 2-га тыпу.

Калі рызыкі высокія, рэкамендуецца вызначаць узровень глюкозы ў крыві раз на год. Акрамя таго, усім дарослым пасля 40 гадоў такі аналіз варта рабіць раз на два гады, пры атлусценні — раней і часцей.

Сярэдняя працягласць жыцця хворых расце

Сёння на дыспансерным уліку ў медыкаў знаходзіцца 335 898 пацыентаў. З іх больш за 17 тысяч — з 1-м тыпам і 315 тысяч — з 2-м.

— У агульнай структуры распаўсюджанасці захворвання цукровы дыябет 2-га тыпу расце і цяпер складае 94 %, — адзначае Віктар Валуевіч. — Улічваючы гэту тэндэнцыю, назіранне за пацыентамі да прызначэння інсулінатэрапіі вядуць участковыя ўрачы-тэрапеўты ці ўрачы агульнай практыкі.

У нашай краіне пацыенты з цукровым дыябетам бясплатна атрымліваюць інсулін і таблетаваныя глюкозазніжальныя лекавыя сродкі. Таксама дзяржава забяспечвае такіх хворых сродкамі ўвядзення інсуліну і самакантролю ўзроўню глюкозы ў крыві — тэст-палоскамі і глюкометрамі. Больш за 88 % пацыентаў атрымлівае генна-інжынерныя інсуліны айчыннай вытворчасці. Дарэчы, лячэнне інсулінам у нас атрымлівае каля 18 % хворых. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе, каб гэта лічба набліжалася да 30 %.

Актыўна пашыраецца ў нас і метад помпавай інсулінатэрапіі. За мінулы год колькасць інсулінавых помпаў вырасла на 43 %. Цяпер імі карыстаецца 165 пацыентаў, у тым ліку каля 60 дзяцей.

— Гэта невялікая колькасць, але добра, што такі метад лячэння актыўна развіваецца. Каб карыстацца помпай, трэба прайсці навучанне. На базе нашага цэнтра эндакрыналогіі ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння адкрыты кабінет помпавай інсулінатэрапіі, — кажа Наталля Карловіч.

Дарэчы, у Беларусі дзейнічае 20 стацыянарных і 208 амбулаторных «Школ дыябету», дзе штогод праходзіць навучанне каля 42 тысяч хворых.

Паводле даных рэспубліканскага рэестра «Цукровы дыябет», які вядзецца ў Беларусі з 2007 года, сярэдняя працягласць жыцця пацыентаў складае 73,9 года (73,4 года ў 2007-м). Лятальнасць за апошнія 15 гадоў зменшылася ў 1,3 раза.

Кожны пацыент з цукровым дыябетам, у тым ліку і з рэгіёнаў, можа прайсці дыягностыку, удакладніць дыягназ і наяўнасць ускладненняў, а таксама прайсці рэабілітацыю ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння ў Мінску.

Дыябет у дзяцей амалоджваецца

На праблеме дыябету 1-га тыпу ў дзяцей засяродзіла ўвагу галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава. Сёння на ўліку з гэтым захворваннем знаходзіцца 2300 дзяцей.

— Апошнія тры гады паказчык пярвічнай захваральнасці стабільна высокі і параўнальны са скандынаўскімі краінамі, дзе традыцыйна колькасць гэтых хворых высокая. Другая асаблівасць — амаладжэнне выпадкаў. Рэч у тым, што ў дзяцей два перыяды маніфестацыі хваробы: падлеткавы ўзрост і 5-9 гадоў. Мы задаліся пытаннем: чаму адбываецца ранняя маніфестацыя? Высветлілася, што, акрамя геннага складніка хваробы, ёсць і фактары знешняга асяроддзя, якія адыгрываюць важную ролю ў яе раннім развіцці. Гэта кесарава сячэнне, ранняе штучнае выкормліванне, ранняе (да 4-х месяцаў) увядзенне прыкормаў, у тым ліку каш з глютэнам, змяненне мікрафлоры кішэчніка. Як правіла, такія дзеці маюць павышаную масу цела ці атлусценне. Паводле шэрагу міжнародных даследаванняў, дзеці, у якіх маніфестацыя цукровага дыябету адбываецца ва ўзросце 5-9 гадоў, маюць больш высокія паказчыкі індэкса масы цела, — падкрэсліла Анжаліка Сонцава.

Спецыяліст расказала, што сёння больш за 75 % дзяцей з цукровым дыябетам 1-га тыпу маюць добрыя і здавальняючыя паказчыкі глікіраванага гемаглабіну. Зніжаецца і колькасць ускладненняў у 14-15-гадовых дзяцей з дыябетам.

— Гэта звязана з тым, што ў нас укараняюцца сучасныя тэхналогіі па лячэнні цукровага дыябету. Ёсць рашэнне Міністэрства аховы здароўя, у адпаведнасці з якім да 2020 года ўсе дзеці з дыябетам 1-га тыпу будуць пераведзены на сучасныя аналагавыя інсуліны, — падкрэсліла галоўны дзіцячы эндакрынолаг.

Сёння ў Беларусі каля 50 % хворых дзяцей атрымліваюць аналагавыя інсуліны, у Мінску гэта лічба вышэйшая — 70 %. У бягучым годзе было закуплена 50 інсулінавых помпаў з расходнымі матэрыяламі. Іх размяркуюць сярод хворых дзяцей бясплатна. На наступны год будзе закуплена яшчэ 250 адзінак для бясплатнай раздачы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Несалодкае жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?