Вы тут

Будучых зорак футбола Віцебшчыны пасвяцілі ў рады навучэнцаў спецыялізаванай акадэміі


Аналагічныя ёсць пры дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах сталічнага і іншых футбольных клубаў вышэйшай лігі. Цяпер дзіцячая футбольная акадэмія дзейнічае і пры ФК «Віцебск».


Кіраўніцтва гэтага футбольнага клуба не ўтойвае, што адна з мэт стварэння адмысловай акадэміі — захаваць юныя перспектыўныя кадры, каб было каму гуляць за гонар Віцебска праз некалькі гадоў. Каб не з'язджалі яшчэ ў падлеткавым узросце ў Брэст, Салігорск, Мінск, а заставаліся ў родным Прыдзвінскім краі. З прыкладна сарака хлопцаў 2006—2008 гадоў нараджэння кожны чацвёрты — з глыбінкі. Яны вучацца ў спецыялізаваных 6—8 класах віцебскай СШ № 29.

Як адзначыла кіраўнік установы адукацыі Ірына Шушкевіч, менавіта ў гэтай школе вучацца «акадэмікі», бо недалёка галоўны стадыён вобласці — Цэнтральны спартыўны комплекс. Там і напрацоўваюць майстэрства футбалісты на полі са штучным пакрыццём. Таксама займаюцца ў крытай гульнявой і трэнажорнай залах.

Як адзначаюць педагогі ў школе, падлеткі вучацца старанна, як і выконваюць дамашнія заданні, нягледзячы на тое, што вельмі стамляюцца на трэніроўках. А некаторыя хлопчыкі, дарэчы, прызналіся, што нечакана для сабе пасябравалі з навукамі, якія раней, мякка кажучы, не зусім падабаліся, напрыклад матэматыка ці фізіка з хіміяй.

Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын не ўтойвае, што нялёгка было вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, зрабіць так, каб падлеткі з правінцыі маглі адчуць сябе ў абласным цэнтры амаль як дома.

Жывуць будучыя футбольныя зоркі ў інтэрнаце аднаго з віцебскіх каледжаў. Харчаванне ў іх чатырохразовае, у пакоях інтэрната ёсць доступ да інтэрнэту.

Усе цяжкасці адказныя асобы гарвыканкама і клуба пераадолелі, і з'явілася магчымасць вырошчваць футбольныя таленты. Галоўнае — ёсць разуменне важнасці існавання і развіцця акадэміі ў кіраўніцтва мясцовай улады розных узроўняў, ёсць шанц, што «Віцебск» стане кузняй кадраў і для нацыянальнай зборнай.

Сяргей Ясінскі, галоўны трэнер ФК «Віцебск», паведаміў, што кандыдатаў у «акадэмікі» выбіралі падчас чэмпіянатаў вобласці і ўвесь працэс заняў каля года.

Каб паказваць клас гульні, трэніруюцца хлопцы кожны дзень па два разы. Першая трэніроўка — з самай раніцы, другая — пасля заняткаў у школе. А ў выхадныя перыядычна бяруць удзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню: ад гарадскога да чэмпіянату краіны. І ўжо ёсць такія, хто зможа вельмі добра гуляць. У клубе разумеюць, каб атрымаць гульцоў высокага ўзроўню, трэба ўкладваць у іх спартыўнае выхаванне, азы майстэрства як мага раней. І таму з кожным адораным юным футбалістам стараюцца займацца і індывідуальна.

Падчас ганаровай цырымоніі пасвячэння ў «акадэмікі» ад імя кіраўніцтва ФК «Віцебск» і гарвыканкама хлопцам былі ўручаны падарункі.

У школе таксама павіншавалі новых вучняў з пачаткам іх новай спартыўнай біяграфіі. «Акадэмікі» зачыталі тэкст спецыяльна напісанай для іх клятвы. Абяцалі не ленавацца як у спорце, так і ў вучобе, паважаць настаўнікаў і трэнераў, быць стараннымі ва ўсім.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: «Акадэмікі»... за школьнай партай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.