Вы тут

Мінскі абласны фестываль нацыянальных культур прайшоў у Маладзечне


На Міншчыне пражываюць 130 нацыянальнасцяў і народнасцяў. З 1996-га раз у два гады ў цэнтральным рэгіёне праводзіцца абласны Фестываль нацыянальных культур. За гэты час ён стаў сімвалам духоўнасці і яднання. Чарговы, трынаццаты, раз мерапрыемства прайшло ў Маладзечне. У гарадскім Доме культуры сабраліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў Мінскай вобласці. Усе, хто шануе родную мову, захоўвае традыцыі і звычаі, што дасталіся ад прашчураў. Фестываль можна назваць святам адзінства, дружбы і згоды. Кожны з удзельнікаў сваім талентам, творчасцю абагачае не толькі сваю самабытную культуру, але і ў цэлым культуру Беларусі.


kraj.by

— Фестываль праводзіцца ў мэтах гарманізацыі міжнацыянальных адносін, папулярызацыі найлепшых узораў паэтычнай, музычнай, харэаграфічнай творчасці, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальных супольнасцяў. Дапамагае даследаваць пераемнасць нацыянальных мастацкіх традыцый, умацоўвае творчыя і дзелавыя стасункі паміж установамі культуры і грамадскімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі нацыянальных суполак, — расказала дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк.

У свяце прынялі ўдзел майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з розных куткоў Міншчыны. Сярод іх — прадстаўнікі асветніцкіх аб'яднанняў украінцаў «Краяны» з Маладзечна, «Обрый» з Мінскага раёна, Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў «Ватра», народнага аматарскага аб'яднання нацыянальных культур «Шматгалоссе» Печынскага дома культуры Барысаўскага раёна, культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Саюз палякаў на Беларусі» з Нясвіжа, Стоўбцаў і Івянца, цыганскі ансамбль «Эльпіс» са Слуцка, асобныя выканаўцы армянскай, яўрэйскай, азербайджанскай, узбекскай дыяспар і іншыя.

— Цудоўныя калектывы, цудоўныя асобы, дуэты, ансамблі, — адзначыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г. Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі. — Гэты фестываль патрабуе ад удзельнікаў сапраўднага майстэрства.

На думку старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа, гэта адзін з самых брэндавых фестываляў Беларусі, а можа нават самы брэндавы. Ён выгадна прадстаўляе нашу краіну на фоне іншых краін. Ён шматнацыянальны і спалучае ў сабе багацце розных нацыянальных культур.

У многім яны пераклікаюцца з беларускай культурай. Напрыклад, украінец без цяжкасцяў можа зразумець беларуса, а беларус — свайго суседа. Ды і песні беларусы і ўкраінцы пяюць аднолькавыя. Украінская дыяспара — адна з самых буйных у нашай краіне. Беларускае грамадскае аб'яднанне ўкраінцаў «Ватра» прапаноўвала ўдзельнікам і гасцям фестывалю знаёмства не толькі з народным мастацтвам, бытам і звычаямі свайго народа, але і дэгустацыю нацыянальных страў.

Вельмі цёпла і сардэчна прымалі на фестывалі народнае аматарскае аб'яднанне «Шматгалоссе», якое добра ведаюць не толькі на Барысаўшчыне, але і ва ўсёй Беларусі, і без удзелу якога не абыходзіцца ніводнае значнае мерапрыемства. Гэты калектыў у снежні адзначыць 17-годдзе з дня стварэння. А адметны ён тым, што сюды ўваходзяць прадстаўнікі дванаццаці нацыянальнасцяў. Асаблівасць аб'яднання яшчэ і ў тым, што яно ўключае некалькі кірункаў: творчасць паэтаў-песеннікаў, сольных выканаўцаў, народных майстроў, клуб аматараў нацыянальных кухняў.

Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы фестывалю і памятныя падарункі. Ну, а рэспубліканскае журы, якое працавала падчас мерапрыемства, правядзе адбор калектываў і выканаўцаў для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які па традыцыі праводзіцца ў Гродне ў пачатку чэрвеня.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Суквецце талентаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».