Вы тут

Як праходзіла галасаванне на выбарах у парламент


У нядзелю, 17 лістапада, асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання.


Выбарчыя ўчасткі ў краіне адкрыліся ў 8.00 і працавалі да 20.00. На тых, што ўтвораны ў вайсковых часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, участковыя камісіі могуць абвясціць галасаванне скончаным і раней за 20.00, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс.

Бюлетэнь выдаецца пры прад'яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншых дакументаў. Да іх аднесены службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, пасведчанне кіроўцы, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці.

Для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў утворана 110 выбарчых акругаў (столькі ж дэпутатаў неабходна абраць), сфармаваны 5831 ўчастак для галасавання, у тым ліку 46 замежных.

Па дадзеных ЦВК на 16 лістапада, на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прэтэндуюць 513 кандыдатаў. Безальтэрнатыўных акругаў няма.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах. Для вызначэння вынікаў выкарыстоўваецца мажарытарная выбарчая сістэма адноснай большасці. Выбары прызнаюцца адбыўшыміся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругi, уключаных у спісы. Абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў.

На сёлетніх выбарах маглі прагаласаваць 6 880 605 грамадзян Беларусі.

Агітацыя ў дзень выбараў забаронена.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

"Вы - байцы бачнага фронту", - такімі словамі прывітаў кіраўнік дзяржавы членаў выбарчай камісіі.

Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у галасаванні на выбарчым участку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёна Мінска, які размяшчаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Па дадзенай акрузе на гэтых выбарах балатуюцца шэсць кандыдатаў.

Пасля галасавання кіраўнік краіны адказаў на пытанні журналістаў беларускіх і замежных СМІ. Найбольш часта ўзнятыя тэмы закраналі, зразумела, палітыку, хаця пытанні былі самыя розныя: ад філасофскіх да шчыра правакацыйных. Размова доўжылася больш за гадзіну.

«Вельмі шмат праблем, шмат задач, але галоўная задача ўсіх улад — захаваць дзяржаўнасць. Мы пабудавалі першую ў Беларусі суверэнную і незалежную дзяржаву, чаго ніхто не аспрэчвае. Так, застаюцца людзі, якія цягнулі назад і зараз перашкаджаюць развіццю дзяржавы», — адзначыў беларускі лідар.

Ён чакае, што выбраны парламент менавіта гэтыя падыходы ўвасобіць у законе. А астатнія праблемы — ад дарог да зарплаты — павінны вырашаць прафесіяналы ў адпаведных галінах. Ад дэпутатаў Аляксандр Лукашэнка чакае, што яны зробяць законы прасцейшымі, зразумелымі кожнаму, сучаснымі.


Наталля Качанава: Дэпутат павінен любіць сваю краіну і ўмець працаваць з людзьмі

«Падчас выбараў у мяне заўсёды добры настрой, — зазначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — У нашай краіне дзень выбараў — гэта заўсёды свята. Мы прывыклі да гэтага. За каго галасавала? Канешне, за самага дастойнага кандыдата, які будзе прадстаўляць у парламенце людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Думаю, ён будзе выконваць гэта належна. Лічу, што я зрабіла правільны выбар, але жыццё пакажа».

Наталля Качанава лічыць, што ў краіне выбары праходзяць дастаткова актыўна, у людзей, якія прыходзяць на выбарчыя ўчасткі, таксама святочны настрой, пра што ёй расказалі кіраўнікі абласцей. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падзякавала супрацоўнікам участковых камісій, артыстам, работнікам гандлю, якія дапамагаюць ствараць добры настрой на выбарчых участках, і грамадзянам, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю і бяруць удзел у гэтай важнай для краіны палітычнай кампаніі. 

Дэпутатам павінен быць той, хто любіць сваю краіну і народ, дадала яна.


Уладзімір Андрэйчанка: Дэпутаты не павінны займацца палітычным крытыканствам

«Выбары — гэта вельмі важнае грамадска-палітычнае мерапрыемства, і калі ўдзельнічаеш у такіх, заўсёды трэба кіравацца здаровым сэнсам,лічыць спікер ніжняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка. — Мы ўсе цудоўна разумеем — ад таго, хто пойдзе працаваць у парламент, у многім залежыць мір, стабільнасць у нашым грамадстве, законнасць, правапарадак, устойлівасць развіцця нашай краіны. А ад гэтага залежыць дабрабыт кожнай сям’і. Таму я кіраваўся тым, што чалавек зрабіў, якія ў яго дасягненні ў грамадскім жыцці, вытворчасці. І я ўбачыў такога кандыдата ў гэтым спісе, за яго прагаласаваў».

На пытанне, якім бачыць будучы парламент, Уладзімір Андрэйчанка адказаў: «Тыя, хто ў яго прыйдзе, павінны валодаць жыццёвым вопытам. Яны не павінны займацца палітычным крытыканствам, а павінны вырашаць канкрэтныя справы, якія накіраваны на развіццё нашай краіны і дасягненні вызначаных прыярытэтаў. Гэта пытанне занятасці, павышэння даходаў нашага насельніцтва, пытанні нарошчвання экспарту, прыцягнення інвестыцый. Гэта галоўнае. Будуць гэтыя пытанні вырашаныя, будзе і палітычная стабільнасць, будзе развівацца краіна».


Міхаіл Мясніковіч: Думаю, электроннае галасаванне ў Беларусі рэальна

«У нас выбары заўсёды праходзяць дастаткова арганізавана, сёлета інтарэс да іх павышаны, асабліва з боку моладзі, якая ўдзельнічае і ў якасці выбаршчыкаў (у нас, наколькі я ведаю, 48 кандыдатаў у дэпутаты ва ўзросце да 30 гадоў — гэта добры паказчык, значыць, маладыя людзі зацікаўленыя ўдзельнічаць у рабоце, у тым, каб лепш уладкаваць сваё жыццё), — адзначыў спікер верхняй палаты беларускага парламента. — Што тычыцца электроннага галасавання ў Беларусі, думаю, гэта рэальна. Спяшацца тут не трэба, трэба ўсё ўважліва паглядзець, праверыць. Напэўна, сярэдняе і старэйшае пакаленне, мне здаецца, пажадае галасаваць па-старому, а моладзь сёння ўся ў гаджэтах. Зусім нядаўна разлікі карткай былі для нас незразумелыя, а цяпер мы давяраем лічбавым тэхналогіям уласныя сродкі. Таму, думаю, і ўдзел у галасаванні з выкарыстаннем электронных сродкаў — недалёкая будучыня».


Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка прыйшоў на выбарчы участак разам са сваёй сям’ёй

«Вельмі важна цеснае і эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж выканаўчай галіной ўлады і заканадаўчай, удасканаленне нарматыўна-прававой базы, заканадаўчае рэгуляванне, актуалізацыя працэсаў, якія хутка змяняюцца, якія адбываюцца ў свеце і ў нашай краіне. Мы не можам стаяць у баку ад сітуацыі, якая развіваецца, мы павінны эфектыўна ўдасканальваць нарматыўна-прававое рэгуляванне ва ўсіх сферах у нашай краіне. Гэта тычыцца эканомікі, сацыяльнай сферы, культуры, спорту, навукі, ІТ — усяго таго, з чым чалавек сутыкаецца кожны дзень, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Калі раней заканадаўства істотна не змянялася з-за больш павольных працэсаў у свеце і краіне, то зараз яно павінна адпавядаць той сістэме каардынат, у якой развіваецца Беларусь. Таму ад таго, наколькі зладжана будзе працаваць парламент з усімі галінамі ўлады, у асаблівасці з выканаўчай, залежыць дабрабыт нашых людзей».


Ігар Ляшэнка: Мой выбар — у бок прафесіяналаў

Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка патлумачыў журналістам, чаму ён уважлівае вывучае біяграфіі і праграмы кандыдатаў у дэпутаты.

«Калі працую ва ўрадзе, то разумею, якую масу нарматыўна-прававых актаў прыходзіцца прымаць апошнім часам. За ўсю гісторыю парламента было прынятае 2200 заканадаўчых актаў, за час работы парламента шостага склікання — 250 нарматыўна-прававых актаў, 130 з іх інтэгруюць Беларусь у міжнародныя прававыя сістэмы, — сказаў ён. — Натуральна, мой выбар у бок прафесіяналізму, бо ўсе памылкі пры заканатворчай дзейнасці потым уплываюць на эканамічныя ўмовы ў нашай краіне».

Мікалай Шарснёў: Дэпутаты павінны ведаць, чым жывуць выбаршчыкі

Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў прагаласаваў ў Доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Ён павіншаваў з першымі ў жыцці выбарамі двух хлопцаў-першакурснікаў і ўручыў ім памятныя падарункі. Ён пацікавіўся ўражаннямі ў назіральнікаў за выбарамі, якія прыехалі з Расіі і Казахстана. І пачуў, што настрой у іх добры, а ўсё, што тычыцца арганізацыі выбараў ў Беларусі, на іх думку, на вельмі высокім узроўні.

Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што народным выбраннікам трэба вельмі актыўна працаваць у сваіх акругах. Яны павінны ведаць, чым жывуць выбаршчыкі, чаму радуюцца, якія праблемы трэба вырашаць, якія пытанні найбольш хвалююць.


Анатоль Ліс: Асабістая традыцыя - прыходзіць на ўчастак з самага ранку

На выбарчым участку пад нумарам 1 Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі № 1 зранку гучаў раяль. І гэта не дзіва. Участак размешчаны ў музычным каледжы імя Р. Шырмы. 

Асобныя кампазіцыі за раялем выканаў таксама старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Рамуальд Жабінскі, у мінулым дырэктар гэтага каледжа. Музыка і прыдавала некаторую ўрачыстасць моманту, і стварала прыўзняты настрой. 

Рамуальд Жабінскі сказаў, што на ўчастку датэрмінова прагаласавала 25 працэнтаў выбаршчыкаў, астатніх чакаюць у асноўны дзень. Сваёй увагай участак ушанавалі аж 15 назіральнікаў.

У 8 гадзін раніцы на ўчастак прыехаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Пазней, адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», Анатоль Васільевіч сказаў, што гэта яго асабістая традыцыя, якой ўжо пад 40 гадоў — прыходзіць на ўчастак з самага ранку ў дзень галасавання. Адразу пасля выканання свайго грамадзянскага абавязку кіраўнік вобласці адказаў на пытанні журналістаў, якія тычыліся сацыяльнай сферы.


Генадзь Салавей: Я галасую за арганічнае ўзаемадзеянне парламента і мясцовых органаў улады

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей прыйшоў галасаваць на ўчастак № 17 Гомельскай-Цэнтральнай акругі № 33. Кіраўнік вобласці нагадвае, што грамадзянскі абавязак кожнага беларуса — выказаць сваю пазіцыю і падтрымаць таго ці іншага кандыдата:

— Я галасую за разумны баланс стабільнасці і прагрэсу. За мудрасць дасведчаных прафесіяналаў, за дасягненні калектываў і прадпрыемстваў. За апошнія 25 гадоў стабільна развіваецца эканоміка нашай дзяржавы. Надаецца ўвага як рэальнаму сектару эканомікі, так і сацыяльным накірункам. У Гомельскай вобласці ёсць уласны брэнд — комплекснае добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Гэта работа будзе працягвацца. Сёння я галасую і за арганічнае ўзаемадзеянне парламента і мясцовых органаў улады. 


Для старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра КРАЎЦОВА выбары не проста свята, гэта яшчэ і адказная кампанія, якая накіравана на развіцце грамадства. У вобласці праведзена значная падрыхтоўчая работа, створана 13 выбарчых акругаў, 669 участкаў. Каля 7 тысяч членаў камісій прызваны забяспечыць арганізаваныя і бяспечныя выбары.

«Спадзяюся, што мы сення выбярэм дастойных прадстаўнікоў у парламент, іх у нас будзе 13 чалавек, якія дапамогуць вырашаць многія праблемы, каб не адставаць ад часу, бо свет няспынна ідзе наперад, — падкрэсліў Краўцоў. — Я выбраў таго чалавека, якога я ведаю, у кім упэўнены. Трэб ўдасканальваць законы, дапамагаць развівацца краіне і ведаць праблемы тых рэгіёнаў, адкуль яны абраны».


Анатоль Ісачанка: Лічу, што кожны чалавек сёння павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак

Даволі актыўна ішлі выбаршчыкі і на ўчастак для галасавання № 507 Старавіленскай акругі № 105 горада Мінска. Менавіта тут, па месцы жыхарства, прагаласаваў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Анатоль Міхайлавіч павіншаваў усіх прысутных са святам работнікаў сельскай гаспадаркі. Менавіта ім мы абавязаны тым, што у нас ёсць на стале, канстатаваў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

"Лічу, што кожны чалавек сёння павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак, аддаць голас за таго кандыдата, якога лічыць годным, здольным прадстаўляць яго інтарэсы ў парламенце", — падкрэсліў ён і дадаў, што выбарчая кампанія на Міншчыне праходзіць спакойна, стабільна, у штатным рэжыме.


Кіраўнік Магілёўскай вобласці Леанід Заяц прагаласаваў на парламенцкіх выбарах датэрмінова. Сваё жаданне зрабіць гэта датэрмінова Леанід Заяц тлумачыў тым, што ў яго субота і нядзеля працоўныя дні і ён знайшоў найбольш вольны час, каб прыйсці на выбарчы участак і аддаць свой голас за кандыдата.

Што датычыцца якасцяў , якімі павінен валодаць дэпутат парламенту, губернатар на першае месца ставіць яго прафесіяналізм і жаданне прынесці карысць людзям.

— Той чалавек, за якога мы галасуем і абіраем у парламент, павінен валодаць вялікай эрудыцыяй, высокай дзяржаўнасцю, быць вядомым у грамадстве сваімі дзелавымі якасцямі, каб выбаршчыкі выразна ўяўлялі, за каго яны  аддаюць свае галасы. Кандыдат павінен быць кваліфікаваным спецыялістам у сваёй галіне, умець прымаць правільныя рашэнні, каб распрацоўваць законы, па якіх будзе жыць грамадства. У парламенце павінны быць падрыхтаваныя людзі, пісьменныя, выхаваныя у дусе патрыятызму, любові да сваіх грамадзян, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час, які яны будуць знаходзіцца на гэтай высокай выбарнай пасадзе.


Яўка выбаршчыкаў на парламенцкіх выбарах па стане на 9.00 склала 37,14%

Паводле дадзеных ЦВК, у Брэсцкай вобласці прагаласавалі 35,14% выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы па рэгіёне. У Віцебскай вобласці яўка склала 38,63%, у Гомельскай - 40,83%, у Гродзенскай - 37,43%, у Мінскай - 39,60%, у Магілёўскай - 41,36%, у Мінску - 29,53%.


ЦВК: Больш за 35% беларусаў датэрмінова прагаласавалі на парламенцкіх выбарах

За пяць дзён датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання яўка выбаршчыкаў склала 35,77%.

Так, у Брэсцкай вобласці прагаласавалі 33,67% выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы па рэгіёне. У Віцебскай вобласці яўка склала 38,26%, у Гомельскай - 39,41%, у Гродзенскай - 36,50%, у Мінскай - 37,49%, у Магілёўскай - 39,11%, у Мінску - 28,56%.

Усяго ў спісы выбаршчыкаў уключаны амаль 6,9 млн чалавек.

Датэрміновае галасаванне працягвалася з 12 па 16 лістапада.


Акрэдытаваны 1029 міжнародных назіральнікаў

Паводле Цэнтрвыбаркама, самыя шматлікія місіі на выбары ў Беларусь накіравалі СНД і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ - 475 і 346 чалавек адпаведна. Ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ заяўлены 83 эксперты, ад ПАСЕ - 28, ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - 17.

Акрэдытацыю назіральніка на выбарах у Беларусі атрымалі 53 дыпламаты, 21 прадстаўнік выбарчых органаў замежных дзяржаў, 6 незалежных экспертаў.

Акрамя таго, выбарчыя камісіі, паводле апошніх звестак ЦВК, акрэдытавалі 28 тысяч нацыянальных назіральнікаў: ад палітычных партый (1,7 тыс.), грамадскіх аб'яднанняў (23,1 тыс.), працоўных калектываў (1,2 тыс.) і тых грамадзян, хто падаў заявы (1,9 тыс.).


Слова назіральнікам

«Колькасць (міжнародных назіральнікаў. — «Зв.») павялічылася, і значна. Калі ўзяць апошнія выбары, дзе іх было шмат, гэта выбары Прэзідэнта ў 2015 годзе —
827 чалавек, выбары парламенцкія 2016 года — было 737. А зараз 1030, на 200 больш», — нагадала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Сярод міжнародных арганізацый, якія накіравалі назіральнікаў у Беларусь, — СНД, ШАС, БДІПЧ АБСЕ, ПАСЕ, ПА АБСЕ, выбарчыя органы іншых краін, дыпламатычныя карпусы. Было акрэдытавана шэсць незалежных назіральнікаў. Па словах Лідзіі Ярмошынай, павялічылася колькасць усіх прадстаўніцтваў, асабліва ад СНД: «Раней яно ў парытэце было з місіяй АБСЕ, а зараз больш чым на 100 перавышае».

Учора прэс-канферэнцыю аб сваёй рабоце далі назіральнікі ад місій СНД, ШАС, АБСЕ.

СНД

Старшыня місіі Садружнасці Незалежных Дзяржаў выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў расказаў, што 475 назіральнікаў (парламентарыі, кіраўнікі ЦВК краін, дыпламаты, супрацоўнікі Выканкама СНД) накіравалі восем краін — не было прадстаўнікоў Украіны, Малдовы і, зразумела, Беларусі.

«На думку назіральнікаў ад СНД органы ўлады Рэспублікі Беларусь і выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў забяспечылі правядзенне выбараў на высокім арганізацыйным узроўні. Місія назіральнікаў ад СНД прыходзіць да высноў, што выбары 17 лістапада 2019 года праведзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, Выбарчым кодэксам Беларусі, прайшлі на канкурэнтнай аснове, адкрыта і галосна, былі свабоднымі, празрыстымі і адпавядалі прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў», — сказаў Сяргей Лебедзеў.

ШАС

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва прадставіла 17 назіральнікаў з сямі краін. Кіраўнік місіі намеснік генеральнага сакратара ШАС Се Сяаюн таксама адзначыў высокі ўзровень выбарчай кампаніі. «Місія канстатуе, што выбары адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусі і прынятым краінай міжнародным абязацельствам. Парушэнняў нормаў нацыянальнага заканадаўства, якія ставяць пад сумненне легітымнасць выбараў, місіяй не вызначана. Місія прызнае мінулыя выбары празрыстымі, сапраўднымі і дэмакратычнымі», — зачытаў выніковую заяву Се Сяаюн.

АБСЕ

Назіральнікі ад АБСЕ, маючы пэўныя заўвагі, адзначылі і нямала станоўчых момантаў. «Мы вітаем намаганні адміністрацыі, адказнай за выбары, па інфармаванні насельніцтва і заахвочванні ўдзелу людзей з абмежаванымі магчымасцямі», — падкрэсліла спецыяльны каардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ Маргарэт Седэрфельд.

Каманда назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ прабыла ў Беларусі больш за месяц, у тым ліку трыццаць назіральнікаў на працягу доўгага часу працавалі ў рэгіёнах — усяго каля 400 супрацоўнікаў па ўсёй краіне.

«З боку ўлады атрымалі падтрымку ў зборы неабходнай інфармацыі. Улады акрэдытавалі вялікую колькасць мясцовых і міжнародных назіральнікаў, што мусіла паспрыяць празрыстасці працэсу», — адзначыла кіраўнік міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі Корын Ёнкер.

Усе прадстаўнікі міжнароднай місіі выказалі гатоўнасць да супрацоўніцтва з Беларуссю, каб забяспечыць доўгатэрміновыя змены на карысць грамадзянам краіны
і дэмакратыі ў Еўропе ў цэлым.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.