Вы тут

Што ў вас у касметычцы?


Прызнавайцеся, хто яшчэ верыць, што ў аптэках прадаецца толькі натуральная і нават лячэбная касметыка? А што любы дзіцячы крэм абсалютна бяспечны ці ўсе экалагічныя надпісы на ўпакоўцы касметычных сродкаў – праўда? Заблытацца сярод яркіх колераў, прыемных пахаў і гучных абяцанняў вельмі лёгка. Аднак нават касметыку нельга выбіраць толькі па “адзежы”.

Няважна, якую касметыку вы купляеце – дэкаратыўную ці даглядаючую, для дзяцей, падлеткаў, мужчын альбо жанчын, – заўсёды абавязкова трэба чытаць яе склад. Нават калі яна прадаецца ў аптэцы! Ніжэй змяшчаецца табліца, дзе прыведзены рэчывы, якіх трэба пазбягаць. Напрыклад, парабены з’яўляюцца эндакрыннымі разбуральнікамі, трыклазан негатыўна ўплывае на гарманальную рэгуляцыю, а фталаты – на рэпрадуктыўную сістэму, ныркі, печань і лёгкія. Вы спытаеце, чаму такія небяспечныя хімікаты да гэтага часу не забаранілі, а, наадварот, дазволілі выкарыстоўваць? Справа ў тым, што многія з іх не адразу паказваюць сваё сапраўднае «аблічча», яны шкодзяць праз некаторы час, калі назапашваюцца ў арганізме ў пэўнай канцэнтрацыі. А забараніць нешта – гэта вельмі доўгі і складаны працэс. Уявіце, у ЗША, каб вывесці з продажу касметычныя сродкі з утрыманнем трыклазану, спатрэбілася больш за 10 гадоў!

Якая яна, “правільная” касметыка?

Эколагі кажуць, што самая бяспечная касметыка тая, што зроблена ўручную з прыродных матэрыялаў. Цяпер можна нават знайсці курсы, дзе вас навучаць варыць крэмы і шампуні, ці проста замовіць у майстра ўжо гатовы прадукт. Розныя маскі, бальзамы і скрабы можна прыгатаваць самастойна з падручных матэрыялаў. Напрыклад, аўсянка вельмі добра ачышчае скуру, а ад авакада валасы становяцца мяккімі і паслухмянымі.

Скажу вам шчыра: я, напрыклад, не вельмі люблю затлумляцца з касметыкай, таму купляю ўжо гатовую. І нягледзячы на тое, што заўсёды ўважліва чытаю склад, больш давяраю ўсё ж касметычным сродкам, у якіх ёсць арганічны сертыфікат. Ён пацвярджае, што якасць сыравіны і ўвесь працэс вытворчасці – экалагічныя, а значыць, у касметыцы дакладна няма ніякіх шкодных рэчываў. Вось некаторыя з узораў міжнароднай экалагічнай маркіроўкі: ECOCERT, Ecolabel, NORDIC ECOLABEL і іншае.

 

Гэтага НЕ ПАВІННА быць у касметыцы:

1. Парабены (methyl-, ethyl-, propyl-, butylparaben).

2. Этаноламіны (mono-, di-, triethanolamine).

3. Цыкламетыкан (cyclomethicone, D4).

4. Вазелін, парафін, мінеральнае масла (vaseline, paraffin, petrolatum, petroleum jelly).

5.Некаторыя сонцаахоўныя фільтры (benzophenone, BP, diphenyle ketone, oxybenzone, octyl methoxycinnamate).

6. Трыклазан (triclosan, amicor, aquasept, bactonix).

7. Фталаты (phthalates, benzyl butyl phthalate, BBP, dibutyl phthalate, DBP, diethyl phthalate, DEP, «парфумерная кампазіцыя»).

8. Фармальдэгід (formic aldehyde, methanal).

9. Сінтэтычныя фарбавальнікі (FD&C ці D&C; Cl xxxxx, дзе «xxxxx» – нумар фарбавальніка).

10. Аддушкі (parfume, «араматызатар»).

11. Гліколі (polypropylene, polyethylene, diethylene, pentylene, hexylene glycol).

12. Лаурыл-/лаурэтсульфат натрыю, лаурыл-/лаурэтсульфат амонію (sodium lauryl sulfate, SLS, sodium laureth sulfate, SLES, ammonium lauryl sulfate, ALS, ammonium laureth sulfate, ALES).

13. Мікрапластык (Polyethylen, PE, Polypropylen, PP, Polyethylenterephtalat, PET, Polyamid (Nylon-12, Nylon-6, Nylon-66), PA, Polyurethan (Polyurethan-2, Polyurethan-14, Polyurethan-35), PUR, Acrylates copolymer, AC, Polyquaternium, P, Polystyrene, PS).

Перапынак на гульню

Дамоўцеся з аднакласнікамі і прынясіце кожны па 5-10 розных касметычных сродкаў (шампуні, гелі для душу, памады і г.д.), а на пазакласнай гадзіне паспрабуйце на хуткасць знайсці ў іх складзе ўсе шкодныя рэчывы, прыведзеныя ў табліцы. Хто справіцца першым – той перамог!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?