Вы тут

Галерэя імя Вашчанкі ў Гомелі распачала сезон камерных сустрэч пад назвай «Утульны вечар»


Дачны сезон закончыўся, але гэта не падстава сядзець дома. Сумныя вечары можна правесці ў прыемнай кампаніі за кубачкам гарбаты і адначасова далучыцца да мастацтва. Галерэя імя Вашчанкі ў Гомелі распачала сезон камерных сустрэч пад назвай «Утульны вечар».


— Людзям сёння не хапае цёплай атмасферы, — гаворыць дырэктар галерэі Людміла ШЫМБАЛЁВА. — Яны прыходзяць паглядзець выстаўку, але ім недастаткова толькі паслухаць экскурсавода, ім важна абмеркаваць паміж сабой уражанні, пачуцці, атрымаць нейкую новую інфармацыю...

Яе і падрыхтаваў для гасцей галоўны захавальнік фондаў Алег Курашоў. Ён правёў прэзентацыю, прысвечаную мастацкім традыцыям сталіцы Францыі пачатку мінулага стагоддзя. Чаму Парыж, спытаеце вы? Таму, што тэма суадносіцца з выстаўкай, якая цяпер размешчана ў залах галерэі. Тут, дарэчы, упершыню ў Беларусі экспануецца калекцыя літаграфій «Параграфы» Пабла Пікаса. У праект увайшла 61 работа з прыватных збораў Германіі, Бельгіі і Францыі.

Адна з залаў прысвечана знакаваму твору іспанска-французскага мастака. Экспрэсіўнае палатно «Герніка» было напісана ў 1937 годзе. Яно стала публічным пратэстам супраць бамбардзіроўкі нацыстамі басконскага горада Гернікі. Арыгінал карціны знаходзіцца ў Мадрыдзе, а вось малюнкі для знакамітай работы можна пабачыць у гомельскай галерэі зараз. На выстаўцы прадстаўлены ўвесь шлях стварэння гэтай вострай сацыяльна-палітычнай карціны ў 37 эскізах.

Дарэчы, цікава пазнаёміцца з раннімі работамі агульнавядомага майстра. Яны напісаны ў час, калі Пікаса жыў на два гарады: у Барселоне і ў Парыжы. Яго работы прасякнуты рознакаляровасцю жыцця французскай сталіцы, а любімымі матывамі становяцца малюнкі закаханых парачак, сцэн у кафэ і кабарэ, — расказвае старшы захавальнік фондаў гомельскай мастацкай галерэі імя Гаўрыіла Вашчанкі Таццяна БАРЫСАВА: — У гэту ж серыю ўваходзяць работы блакітнага перыяду, калі юны Пікаса перажываў смерць блізкага сябра — мастака Карласа Касагемаса, які скончыў жыццё самагубствам. Менавіта ў той час шматкаляровая гама змяняецца на цёмна-сінюю і шэра-блакітную — адценні смутку і адзіноты. Частымі сюжэтамі ў той час становяцца малюнкі адзінокіх жанчын і мужчын, маці з дзецьмі, вар'ятаў, старых.

Серыя «Пап'е-Кале» дэманструе грані аналітычнага і сінтэтычнага кубізму. Вядомая карціна Пабла Пікаса «Авіньёнскія дзяўчаты» ў свой час выклікала ў грамадстве культурны шок і абурэнне. Менавіта такая бурная рэакцыя, якую сёння назвалі б хайпам, надала мастаку ўпэўненасці. Ён дакладна зразумеў, што трэба працягваць маляваць менавіта ў гэтым кірунку.

Дарэчы, як без жанчын. Іх партрэты, прадстаўленыя на выстаўцы, выкананы Пікаса ў самых розных тэхніках — ад рэалізму да кубізму. Пра муз французскіх мастакоў размова ідзе і падчас утульнага вечара, які суправаджаецца жывой музыкай і песнямі Эдзіт Піяф.

— Мы плануем праводзіць такія вечарыны раз у месяц, — запэўнівае дырэктар галерэі Людміла Шымбалёва. — Далей будуць Тулуз-Латрэк, потым Маціс, Ван Гог... Менавіта экспазіцыі карцін гэтых французскіх мастакоў запланавана прывезці ў Гомель. Нам важна атрымаць адваротную сувязь ад людзей, таму мы будзем працягваць праводзіць такія вечарыны. Наша задача — падцягнуць людзей да мастацтва праз цікавыя інтэрактыўныя праекты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Калі Парыж ідзе да вас

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.