Вы тут

У Магілёве ўвялі ў дзеянне цалкам абноўлены радзільны дом


Гэтую падзею ў абласным цэнтры чакалі амаль шэсць гадоў. Сёлета рэканструкцыя — і днямі абноўлены раддом прыняў першых сваіх пацыентаў. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, кіраўнік Магілёўшчыны Леанід Заяц і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы ацанілі ўмовы і магчымасці, якія тут былі створаны.


За час рэканструкцыі выгляд раддома гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі змяніўся амаль цалкам. Убачанае ўражвае — сучасныя аперацыйныя, рэанімацыя, палаты на двух чалавек, сістэмы апавяшчэння — у перынатальным цэнтры трэцяга ўзроўню створаны найлепшыя ўмовы. Пры жаданні парадзіха можа зняць сямейны пакой, дзе разам з жанчынай будуць знаходзіцца яе блізкія. Там прадугледжана нават міні-кухня.

— Тут рэалізаваны ўсе наватарскія дасягненні і ідэі, якія толькі існуюць у свеце, — падкрэсліў падчас прэзентацыі раддома галоўны ўрач Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Павел АРЭХОЎСКІ. — Новыя тэхналогіі дазволяць прымаць у рэканструяваным раддоме каля трох з паловай тысяч родаў у год. Тут створаны ўмовы для партнёрскіх родаў, вертыкальных і нават водных. На гэты выпадак тут ёсць гідрамасажная ванна. Скарыстацца паслугамі радзільнага дома змогуць як гарадскія пацыенткі, так і вясковыя. А калі з цяжкай паталогіяй, то і з усёй вобласці.

— Гэты цэнтр з'явіўся дзякуючы плённаму супрацоўніцтву рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, — паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. — Сучаснае абсталяванне, добрая атмасфера, цудоўны прафесійны калектыў. Сёння мы, як і нашы найбліжэйшыя суседзі, увайшлі ў дэмаграфічную яму, перажываем наступствы 90-х, калі быў спад нараджальнасці. Да таго ж нашы жанчыны пачалі нараджаць пазней і менш. Мы змагаемся за кожную цяжарнасць і кожнае дзіцячае жыццё. Гэтае аснашчэнне — яркае таму пацвярджэнне. Беспрэцэдэнтныя меры прымаюцца дзяржавай для падтрымкі шматдзетных сям'яў, і ёсць спадзяванні, што яны таксама паўплываюць.

А кіраўніцтва бальніцы ўжо марыць пра абнаўленне ўсёй установы аховы здароўя. Бальніца была пабудавана яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя і сёння не адпавядае патрабаванням часу. З 22 яе карпусоў дзве траціны — гэта старая забудова.

Як адзначыў міністр, сёння ўзгоднена з Прэзідэнтам краіны і распрацоўваецца для кожнага рэгіёна Беларусі канцэпцыя апорных клінік. Магілёў — адзін з тых гарадоў, дзе з'явіцца такая ўстанова. Гэтая клініка будзе аказваць дапамогу не толькі магіляўчанам, але і жыхарам найбліжэйшых раёнаў.

— Згодна з даручэннем Прэзідэнта, мы павінны ўвесці ў дзеянне ўсе тыя сацыяльныя аб'екты, якія маюць для людзей вялікае значэнне, — паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — І мы прынялі рашэнне пабудаваць новую бальніцу з усімі перадавымі тэхналогіямі, якія ёсць у свеце. Налета плануем знесці частку старых аб'ектаў, зрабіць праект, прайсці экспертызу і закласці падмурак новай медустановы. Ёсць рэальны клопат дзяржавы аб грамадстве, і ў нашых планах і надалей удзяляць павышаную ўвагу ўсім аб'ектам аховы здароўя.

Акрамя раддома ў Магілёве адкрылася абноўленае дзіцячае аддзяленне ў Глускай цэнтральнай раённай бальніцы — таксама з утульнымі пакоямі для пацыентаў і сучасным абсталяваннем. Налета будзе працягнутая рэканструкцыя іншых аддзяленняў бальніцы. Гэтымі днямі чакаецца адкрыццё тэрапеўтычнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы ў Асіповічах. У планах абласной улады налета завяршыць рэканструкцыю і цэнтральнай асіповіцкай паліклінікі.

— А калі казаць пра ўсе медыцынскія аб'екты вобласці, то мы плануем на працягу будучай пяцігодкі ўсе іх адрамантаваць, — падкрэсліў Леанід Заяц.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і БелТА

Загаловак у газеце: З клопатам пра дэмаграфію

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.