Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


КАЛІ НЕ СПІЦЦА...

Мала радасці, калі старому чалавеку не спіцца. Не бярэ сон, і ўсё тут. Здагадваюся, што тады робяць людзі сталага веку. Адны проста ляжаць у ложку і ўспамінаюць пражытыя дні. Стараюцца, вядома ж, прыгадаць найбольш яркія старонкі, а прэч гоняць усё тое, што апякала некалі сэрца болем, хаця ад такога пазбавіцца не так проста — нават не зважаючы на пройдзены час, не зарастаюць бадыллём горкія здарэнні-выпадкі. Іншыя бяруць у рукі кнігу, насоўваюць на нос акуляры — і чытаюць. Трэція, мусіць жа, ідуць на кухню, гатуюць якую-небудзь страву на снеданне альбо напаўняюць кубак духмяным чаем і сядзяць, смакуючы яго. І чакаюць раніцы...

Ніна Сцяпанаўна, настаўніца-пенсіянерка, прызнаецца:

— Я ж улетку варочаюся-варочаюся ў ложку, галава пухне ад розных думак і ўспамінаў... Тады што я раблю — іду у сад, там у мяне табурэтка пад яблыняй стаіць, спецыяльна занесла, сядаю на яе і радуюся жыццю. Такая прыгажосць вакол! Паветра чыстае, свежае, дыхаеш не надыхацца. А вёска спіць. Адпачывайце, адпачывайце, людзі. Мне на працу не ісці, калі сон нагорнецца, магу і ўдзень яго ўважыць.

А калі пачынае віднець, на вуліцы з'яўляюцца першыя людзі, то я хаваюся ад іх у хаце, бо яшчэ, чаго добрага, не так мяне зразумеюць. Чаго гэта, скажуць, Сцяпанаўна пад яблыняй кожнага дня сядзіць і сядзіць, ці не здурнела? Не ўсё людзям трэба паказваць, для ўсіх сваю душу не расхінеш... Не будзеш жа ўсім апавядаць, што я, сустракаючы новы дзень, зараджаюся такой энергіяй, што мае ногі потым не паспяваюць за галавой. І тое хачу зрабіць, і гэтае. А мне ж ужо дзевяноста першы пайшоў... Не жартачкі. І ведаеце, аб чым больш за ўсё шкадую? Вельмі многіх вучняў я перажыла... Ноччу пра гэта асабліва думаецца... Тады я адрываю галаву ад падушкі, іду ў сад... На свой табурэт... Там мне намнога лягчэй...

Я і сапраўды бачыў тую табурэтку пад яблыняй у садзе Ніны Сцяпанаўны, калі ўлетку неаднаразова праходзіў каля яе падворка. Аднак, прызнаюся, да споведзі былой настаўніцы не ведаў, для чаго яна там стаіць. Цяпер жа, глыбокай восенню, не відаць табурэткі пад старым, але яшчэ пладавітым дрэвам, лісце з якога асыпалася на дол і ляжыць там залацістым дыванком. Стала холадна, і Ніна Сцяпанаўна занесла яе ў сенцы, мусіць жа. Да цёплых дзён.

Вельмі хацелася б, каб яна, калі ўжо не спіцца, яшчэ не адно лета выносіла гэты табурэт у свой сад...


НАЧНЫЯ СВАЯКІ

Мітрафан дажываў век адзін. Так сталася, што адзіны ягоны сын памёр недзе на чужбіне, а больш дзяцей Бог не даў. Жыў стары сціпла, паліў толькі танныя цыгаркі, гарэлку не ўжываў, калі толькі па вялікіх святах, а ў апошнія гады не трымаў і хатнюю жыўнасць. Яна, праўду кажучы, замінала яму, хоць і сілы яшчэ меліся. Прызвычаіўся стары раз у два гады, калі выпадала яму бясплатная пуцёўка як інваліду другой групы, ездзіць у санаторыі, а на каго тады пакінеш сваю жывую гаспадарку? Людзей прасіць — не справа гэта, у суседзяў свайго клопату хапае. Паназіраць проста за хатай — гэтая іншая справа. Гэта не цяжка. А цяпер жа ў краме можна набыць усё, чаго толькі душа пажадае. Пенсіі хапала, нават яшчэ трохі адкладваў «на чорны дзень».

І той дзень, як яго ні аддаляй, надышоў. Пахавалі Мітрафана суседзі побач з Марусяй, яна пайшла ў іншы свет на дзесяць год раней. Пахавалі на тыя грошы, якія пакінуў ён прадбачліва суседцы Кацярыне. Кіўнуў ёй Мітрафан незадоўга да сыходу і на хату: прыглядай, а знойдуцца добрыя людзі, дык хай жывуць. Без чалавека хата таксама хутка загавее.

Вярнуўшыся з могілак, людзі паабедалі ў Мітрафанавай хаце, сказалі некалькі добрых слоў пра яе гаспадара, а потым прыбралі на стале, патушылі святло, і Кацярына павесіла на дзверы замок.

Замок той нядоўга вісеў. Назаўтра прыехалі на двух легкавіках незнаёмыя Кацярыне маладыя людзі, было іх некалькі чалавек, запатрабавалі ў яе ключ, папярэдне прадставіўшыся сваякамі Мітрафана. Нібыта, як казала пазней Кацярына землякам, дзеці стрыечнай сястры і брата Марусі. Іх тут раней ніхто ніколі і ў вочы не бачыў. Дзівосы, аднак. Прачулі ж неяк, што памёр Мітрафан. І хто б ім пра тое шапнуў?

Усю ноч у хаце нябожчыка гарэла святло. Вясковыя кабеты не былі б самі сабой, каб не падгледзелі, што там робяць начныя госці. А яны ўсё, што толькі можна, ператрэслі. Шукалі ж, вядома, грошы ці, можа, якія іншыя каштоўнасці.

— А наце дулю вам! — паказала ў бок акна кукіш Кацярына і ўсміхнулася, паглядаючы на суседак. — Мітрафан не такі дурань быў, каб грошы ў сенніку хаваць. У мяне, у мяне яго грошы! І ўсе ў вёсцы пра гэта ведаюць. Самы лепшы помнік суседу паставім! На ўсе яго зберажэнні!.. І нап'ёмся! Так, бабы?

— Абавязкова! — пачула ў адказ.

Начныя госці паехалі пад раніцу. Яны не вярнулі Кацярыне нават ключ, а дзверы ў хату наогул пакінулі адчыненымі. Ды што дзверы — нават святло не выключылі ў пакоі. Ці то для іх яшчэ ноч працягвалася, ці то паспадзяваліся зноў на суседзяў-землякоў?..


У Р О К

— Ніколі, унук, не бяры чужога, — Уладзімір Паўлавіч паглядзеў у вочы Паўліку. — Ніколі. Хочаш, я табе раскажу адну гісторыю, тады ты зразумееш, чаму я так кажу?

Унук згодна кіўнуў.

Яны селі за стол адзін насупраць аднаго — снедаць. Дзед яшчэ раз паглядзеў на ўнука, сур'ёзна заўважыў яму:

— Пасля ўсяго, што пачуеш, я спадзяюся, што ты аднясеш гэтую цацку назад на тое месца, дзе яна ляжала, — і ён узняўся з-за стала, па-змоўніцку паклаў руку на кволае, яшчэ зусім дзіцячае плячо ўнуку і злёгку тармаснуў яго.

Уладзімір Паўлавіч прыгадаў, як шмат год назад прыехаў з вёскі ў горад і паступіў на завод вучнем токара. Месца яму выдзелілі ў інтэрнаце, і хлапчына вяртаўся туды з вёскі, куды ездзіў на выхадныя дні. Вядома ж, бацькі нагрузілі яго — як панесці. І бульбы насыпалі, і кусель сала добры загарнулі ў газету, і слоікі з памідорамі і гуркамі запіхнулі ў торбу. Вось тады хлопец і напрасіўся ў таксі: падкінь, браток, да інтэрната, а то не данясу свой скарб! З ім адначасова селі і яшчэ два пасажыры — такога ж прыкладна ўзросту, як і сам Валодзька: адзін спераду, а другі — побач з ім на заднім сядзенні. Сусед неўзабаве сышоў, а Валодзька паехаў далей. І тут заўважыў, што незнаёмы пасажыр забыўся побач з ім на сядзенні рукавіцы. Скураныя, цёплыя, яшчэ зусім новенькія. І ён, ні слова ні паўслова не сказаўшы вадзіцелю, прыхапіў іх з сабой, хаця ведаў, што ў той час пры таксаматорным парку працавала бюро забытых рэчаў.

Валодзьку потым доўга мучыла сумленне. Нават і цяпер іншы раз дакарае сябе: навошта так зрабіў, навошта?! Хіба ж у самога не было грошай, каб набыць такія рукавіцы? Ён, шчыра прызнацца, нават і не надзяваў іх ніколі, а пазней, каб не трапляліся на вочы і не вярталі да непрыемных успамінаў, аддаў іх некаму.

А ўчора ўнук, якому шэсць гадкоў споўнілася, прынёс са двара цацачную машынку. Пахваліўся яму, дзядулю: знайшоў. І чамусьці старому ўспомніліся тыя рукавіцы. Расказаўшы Паўліку пра свой нядобры ўчынак, дзядуля прызнаўся:

— А ведаеш, унучак, жыццё потым пакарала мяне: чатыры разы я губляў свае рукавіцы... Куплю — згублю, куплю — згублю... Верыш? І справядліва, мусіць. І рукавіцы ж былі намнога лепшыя, чым тыя, якія тады прысвоіў... Ты што-небудзь зразумеў, унучак? Чатыры пары!.. Вось так дорага я заплаціў за чужыя рукавіцы... Мусіць, праўду кажуць людзі: на чужой бядзе не разбагацееш...

Калі Уладзімір Паўлавіч скончыў свой аповед, малы ўзяў цацку і папрасіў, каб дзядуля адчыніў яму дзверы. Стары бачыў, як хлопчык паклаў машынку на лаве перад пясочніцай, паглядзеў на акно, усміхнуўся дзядулю і шпарка пабег да пад'езда...

Васіль Ткачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».