Вы тут

Галасую — як, дзе, калі?


Прагнозы старшыні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі ЯРМОШЫНАЙ спраўджваюцца: беларусы аддаюць перавагу датэрміноваму галасаванню, каб вызваліць адзіны на тыдні выхадны. Толькі 12 лістапада прагаласавала 4,69 працэнта грамадзян. У электаральныя лідары выйшла Віцебшчына — там на ўчасткі за першы дзень прыйшло 5,52 працэнта выбаршчыкаў.


І ўсё ж галоўны дзень у выбарчай кампаніі — нядзеля 17 лістапада. І паколькі ён яшчэ і вельмі адказны, у выбаршчыкаў часам з'яўляюцца пытанні. Як правільна аддаць свой голас, калі ісці на ўчастак і што рабіць, калі памыліўся ў бюлетэні? Вывучаем разам інфармацыю ЦВК і даём адказы.

— У нядзелю я буду дома, ужо запланаваў паход на выбары. Калі ісці і што трэба ўзяць з сабой?

— Галасаванне ў дзень выбараў праводзіцца з 8 да 20 гадзін. На ўчастках для галасавання, утвораных у воінскіх часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, участковыя камісіі могуць аб'явіць галасаванне скончаным раней за 20 гадзін, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс.

Для галасавання выкарыстоўваюцца стацыянарныя (у памяшканні для галасавання) і пераносныя (для выбаршчыкаў, якія па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не могуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання) скрыні.

Бюлетэнь выдаецца грамадзяніну пры паказе пашпарта альбо ваеннага білета, службовага пасведчання работніка дзяржаўнага органа, пасведчання кіроўцы, пенсійнага пасведчання, пасведчання інваліда (з фота), студэнцкага білета, даведкі органаў унутраных спраў, якая пацвярджае асобу ў выпадку страты пашпарта.

Пры атрыманні бюлетэня выбаршчык ставіць подпіс у адпаведнай графе спіса выбаршчыкаў.

— А можна я прагаласую і за бабулю, якой цяжка хадзіць?

— Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за іншых грамадзян, у тым ліку па даверанасці, не дапускаецца. Калі вы папросіце прагаласаваць за выбаршчыка, які па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не можа прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, вам растлумачаць: у такім выпадку камісія арганізуе галасаванне па месцы знаходжання грамадзяніна.

Выбаршчык запаўняе бюлетэнь у кабіне ці пакоі для тайнага галасавання, ставячы любы знак у пустым квадраце, які месціцца справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калі галасуеце супраць усіх, стаўце любы знак у пустым квадраце справа ад радка «Супраць усіх кандыдатаў».

Выбаршчык, які не мае магчымасці самастойна запоўніць бюлетэнь, можа запрасіць у кабіну ці пакой іншую асобу па ўласным меркаванні, акрамя членаў участковай і вышэйстаячай камісій, кандыдатаў ці іх давераных асоб, назіральнікаў, прадстаўнікоў СМІ. Асоба, якая дапамагае, ставіць свой подпіс у спісе, а ў «Заўвагах» указваюцца звесткі пра яе.

— Як прагаласаваць, калі ў мяне абмежаваныя фізічныя магчымасці?

— Інвалід-калясачнік, іншы выбаршчык з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату мае права запоўніць бюлетэнь за сталом, абсталяваным для тайнага галасавання, у асобным парадку. Запоўніць бюлетэнь седзячы можа таксама выбаршчык, якому гэта патрабуецца з прычыны ўзросту ці стану здароўя.

Калі на ўчастку ёсць спецыяльная прасторная кабіна для галасавання, галасуйце ў ёй.

Слабавідушчы выбаршчык можа скарыстацца павелічальным шклом ці лупай, якія ёсць ва ўчастковай камісіі. Невідушчаму выбаршчыку, які жадае прагаласаваць самастойна, член камісіі выдае бюлетэнь і спецыяльны трафарэт, знаёміць са зместам бюлетэня, тлумачыць парадак яго запаўнення з дапамогай трафарэта і дапамагае ўкласці бюлетэнь у трафарэт. Невідушчы выбаршчык у кабіне самастойна запаўняе бюлетэнь, вызваляе яго з трафарэта, падыходзіць да скрыні і апускае бюлетэнь у яе. Пры неабходнасці член камісіі дапамагае выбаршчыку прайсці да стала, кабіны, скрыні, выхаду.

— Я ўжо ведаю, за каго аддам голас. Але баюся памыліцца і паставіць «птушку» не там.

— Калі зробіце памылку, звярніцеся да члена ўчастковай камісіі, які выдаваў бюлетэнь, з просьбай выдаць новы бюлетэнь замест сапсаванага. Сапсаваны бюлетэнь пагашаецца, аб чым састаўляецца адпаведны акт.

— Я з малым дзіцем, і ў нядзелю няма з кім яго пакінуць. Як прагаласаваць у гэтым выпадку?

— Калі выбаршчык па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не можа прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, ён мае права пісьмова ці вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання ці перадаць такую просьбу праз іншых асоб. Афіцыйна пацвярджаць прычыны немагчымасці прыйсці не трэба. Звярнуцца з такой просьбай можна ў любы час, а ў дзень выбараў — да 18 гадзін.

Перад выездам да выбаршчыкаў членам камісіі выдаюцца ўкладны ліст і бюлетэні ў колькасці, адпаведнай лічбе атрыманых просьбаў выбаршчыкаў. Пры атрыманні бюлетэня подпіс ва ўкладным лісце трэба паставіць уласнаручна.

— А на што ўвогуле ўплывае мой адзіны голас?

— Выбары адбыліся, калі ў галасаванні ўзяло ўдзел больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў, уключаных у спісы. Выбраным лічыцца кандыдат, за кандыдатуру якога прагаласавала большасць выбаршчыкаў, якія бралі ўдзел у галасаванні.

У складзе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі — 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца непасрэдна грамадзянамі. Дэпутаты ніжняй палаты парламента разглядаюць праекты законаў, назначаюць выбары Прэзідэнта, ухваляюць кандыдатаў на пост прэм'ер-міністра, ацэньваюць работу ўрада, ініцыююць вотумы недаверу.

Варвара Марозава

Прэв'ю: bobr.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».