Вы тут

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»


Ужо ў гэту суботу на АНТ вялікая прэм'ера: чацвёрты тэлесезон рэспубліканскага творчага конкурсу «Талент краіны», удзел у якім бяруць дзеці з усіх куткоў Беларусі. Сёлета на кастынгу іх было каля 700, але ў праект ужо традыцыйна прайшлі толькі 48 нумароў — салістаў і калектываў да трох чалавек, а пераможцамі ў снежні стануць усяго двое. «Звязда» пабывала на здымках новага сезона і даведалася, што змянілася ў праекце і чым удзельнікі гатовыя ўразіць гледачоў.


Фармат творчага спаборніцтва захоўваецца — юныя артысты ад 5 да 15 гадоў, падзеленыя на дзве ўзроставыя катэгорыі, дэманструюць свае здольнасці ў чатырох намінацыях: інструментальнае мастацтва, вакал, харэаграфія і арыгінальны жанр, ад дэкламацыі да акрабатыкі і цыркавых нумароў. Сёлета сярод прэтэндэнтаў на галоўны прыз — грант ад спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — прадстаўнікі Мінска і сталічнай вобласці (іх пераважная большасць), Магілёва, Бабруйска, Рагачова, Петрыкава, Оршы, Гродна, Ліды, Дзятлава, Брэста, Жабінкі, некалькіх вёсак і аграгарадкоў.

Журы, якое ўзначальвае рэктар Акадэміі музыкі прафесар Кацярына Дулава, не выстаўляе балы ці «смайлікі», як летась. «Суддзі называюць імёны найлепшых у чатырох намінацыях, а пятага ўдзельніка паўфіналу з дапамогай спецыяльных пультаў вызначаць удзельнікі і фіналісты мінулых сезонаў праекта, — расказала кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач. — Мы захавалі таксама пакой, у якім бацькі і настаўнікі ў рэжыме рэальнага часу змогуць бачыць выступленні юных артыстаў».

Цяпер пра перамены. «Талент краіны — 4» пераехаў на новую пляцоўку. Адборачныя канцэрты праходзяць у сталічным ДК МАЗ, таму сцэна ў параўнанні з ранейшымі сезонамі адносна невялікая, а зала — больш утульная.

Змяніўся склад вядучых: у тандэме з Яўгенам Булкам працуе оперная спявачка, прызёрка міжнародных конкурсаў класічнай музыкі Маргарыта Ляўчук — летась яна была ў журы, а цяпер апынулася па другі бок барыкад. Вядучая Надзея Клемянцёнак таксама не пакінула праект — яна сядзіць у зале з былымі ўдзельнікамі конкурсу і запрошанымі экспертамі творчай сферы, якія падтрымліваюць канкурсантаў.

Ужо на першых адборачных канцэртах юныя артысты прадэманстравалі такі артыстызм і тэхнічную дасканаласць, што нават прафесійнае журы гублялася, як тут можна кагосьці адсеяць. «Удзельнікі не перастаюць нас прыемна здзіўляць і ўражваць, і я ўпэўнена, што ў кожнага з іх вялікая будучыня», — падкрэслівае старшыня журы.

Хочаце даведацца, як за тры хвіліны прайсці шлях ад каралевы да каровы, чым падобныя кантэмпарары і класічны балет, чаму гітара ўсё ж такі ўдарны інструмент і каго Яўген Крыжаноўскі гатовы хоць заўтра ўзяць у свой прадзюсарскі цэнтр? Адказ у выпусках «Талента краіны — 4» — кожную суботу, пачынаючы з 16 лістапада.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Таленты пачынаюць і...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.