Вы тут

Першы дзень датэрміновага галасавання ў Гомелі


У Гомельскай вобласці на 17 мандатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу прэтэндуюць 75 чалавек. У першы дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў на ўчастку № 22, які знаходзіцца ў будынку Гомельскага абласнога Дома навучэнцаў і супрацоўнікаў прафесійнай адукацыі, усё падрыхтавана для выбаршчыкаў. Галасаваць сюды могуць прыйсці 1368 чалавек — менавіта столькі прозвішчаў значыцца ў спісах участковай камісіі.


Намеснік старшыні выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 22 Аляксандр Васіленка і сакратар Наталля Чыжова.

Перш за ўсё намеснік старшыні выбарчай камісіі Аляксандр Васіленка і сакратар Наталля Чыжова правяраюць скрыню для галасавання. Усё відавочна — яна тут празрыстая. Па ўсіх правілах на маіх вачах адбываецца працэс апячатвання. Адкрыта скрыня будзе толькі пасля заканчэння часу для галасавання — 17 лістапада ў 20 гадзін. На адведзеным месцы знаходзяцца наглядальнікі за выбарамі. Яны прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні БРСМ і «Белая Русь».

Першы выбаршчык на ўчастак з'яўляецца ў 10.22. Гэта спартсмен Саша Чашчын, які займаецца грэка-рымскай барацьбой. Хлопец вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, а галасаваць прыехаў па месцы жыхарства ў Гомель. Юнак сціплы і не схільны да разважанняў. Да таго ж — вельмі спяшаецца.

Тым часам старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 22 Ірына Кузьміцкая нагадвае калегам пра максімальную ўвагу да кожнага выбаршчыка. Тут дробязяў няма. Клапоціцца нават пра тое, каб чалавеку, які захоча піць, прапанавалі гарачы чай:

— У асноўны дзень выбараў галасаванне будзе адбывацца ў прасторным холе на другім паверсе будынка. А пакуль у асобным, выдзеленым для гэтай мэты пакоі. Пандус каля ўвахода ў будынак у нас ёсць. А вось лесвіца на другі паверх крутая. Таму будзе арганізавана работа валанцёраў, якія абавязкова акажуць садзейнічанне ўсім, хто не зможа самастойна трапіць на ўчастак. Таксама будзе адна шырокая кабіна — у яе чалавек з абмежаванымі магчымасцямі зможа заехаць без праблем і самастойна прагаласаваць. Для тых, хто дрэнна бачыць, падрыхтаваны спецыяльныя трафарэты. Калі нехта забыў акуляры — не бяда. У кожнай кабіне ёсць лупа. Мы ствараем усе ўмовы для таго, каб выбаршчыкам было зручна. Члены камісіі пры неабходнасці тлумачаць выбаршчыку неабходныя дзеянні, але ніколі не будуць раіць, за каго аддаць свой голас. Выбар чалавека павінен быць свядомым.

Цяпер на ўчастку для галасавання, згодна з графікам, пастаянна дзяжураць па два чалавекі. На стэндзе інфармацыя пра кожнага з чатырох кандыдатаў у дэпутаты. Дарэчы, гэтая інфармацыя была надрукавана ва ўсіх СМІ, кандыдаты з выбаршчыкамі сустракаліся на пікетах і задавалі ім свае пытанні.

У чарговага выбаршчыка правяраюць дакументы, знаходзяць яго прозвішча ў спісе і аддаюць пад подпіс бюлетэнь для галасавання. Мужчына заходзіць у кабіну, і заўважыць яго далейшыя дзеянні проста немагчыма.

— Калі нехта з іншага месца захоча выканаць свой грамадзянскі абавязак на нашым участку, мы зробім званок па яго месцы жыхарства, удакладнім гэты факт і ўнясём яго ў спіс выбаршчыкаў, — заўважае Ірына Аляксееўна. — Спісы выбаршчыкаў напярэдадні правяраліся. Але ж бываюць выпадкі, калі чалавек ці прозвішча памяняў, ці пераехаў на іншае месца жыхарства. Калі гэта высвятляецца, мы ўносім яго ў дадатковы спіс.

У выбаршчыка Паўла Комара такіх праблем няма. З ім гаворым пра тое, якія якасці павінен мець сапраўдны народны абраннік:

— Важна, каб чалавек дакладна бачыў мэту, дзеля якой ён ідзе абірацца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Важна, якая матывацыя ў чалавека: амбіцыі ці жаданне паслужыць людзям. Сёння трэба вырашаць праблемы сацыяльнай накіраванасці. Напрыклад, у новабудоўлях не хапае дзецям месцаў у садках і школах. Стан дарожнага пакрыцця ў дварах далёка не найлепшы. Мне не важна, жанчына ці мужчына стане дэпутатам, як і ўзрост. Важна, каб чалавек быў сумленны і мог эфектыўна прасоўваць канкрэтныя праекты: знаходзіць інвестараў, падключаць неабходныя структуры і сапраўды паляпшаць жыццё людзям.

Першы выбаршчык на ўчастку № 22 у Гомелі — спартсмен Аляксандр Чашчын.

Тым часам у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ў Гомелі правялі акцыю «Пажаданне дэпутату». Маладыя людзі напісалі свае пажаданні і прапановы будучым парламентарыям. У БРСМ запэўнілі, што ўсё будзе перададзена абранаму дэпутату адпаведнай акругі, таксама пажаданні ад моладзі апублікуюць у сацыяльных сетках. Акцыя «Спазнай сваю культуру», якую таксама праводзіць моладзь, праверыць эрудыцыю і веданне роднага краю. Яе ўдзельнікам прапануюць заданні на асацыяцыі і расшыфроўку значэння знакаў беларускага традыцыйнага арнаменту. Прадугледжаны і сувеніры для тых, хто ўпершыню ўдзельнічае ў электаральнай кампаніі.

Паводле каляндарнага плана выбараў, прагаласаваць датэрмінова можна будзе да 16 лістапада ўключна. Выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Прагаласаваць датэрмінова мае права кожны — не трэба пры гэтым афіцыйна пацвярджаць прычыны немагчымасці прыйсці на выбарчы ўчастак у асноўны дзень выбараў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Першыя бюлетэні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».