Вы тут

1:12. Такія суадносіны колькасці беспрацоўных і колькасці прапаноў работы на Міншчыне


Сітуацыя на рынку працы ў краіне стабільная, а колькасць занятых у эканоміцы застаецца практычна нязменнай. У агульнарэспубліканскім банку вакансій даступна звыш 80 тысяч прапаноў, большасць з якіх рабочыя спецыяльнасці. Пра гэтыя і іншыя акалічнасці пошуку работы расказалі спецыялісты.


Навучанне пад заказ і самастойны пошук

Фота Ганны Занкавіч.

За 2019-ы ў службу занятасці звярнулася больш за 140 тысяч чалавек, з якіх больш чым сотні тысяч аказана садзейнічанне па працаўладкаванні. Сёлета ў краіне адзначаецца ажыўленне з боку прапаноў рабочай сілы, а таксама расце колькасць вакансій і попыт на рабочую сілу, паведаміла Алёна ДАКУКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі:

— Важны аспект у рабоце службы занятасці — найхутчэйшае вяртанне беспрацоўнага на рынак працы. Каб чалавек, які страціў работу, хутчэй яе знайшоў. Грамадзяне таксама актыўна шукаюць работу самастойна, часцей за ўсё праз інтэрнэт. Расце колькасць зваротаў і да агульнарэспубліканскага банка вакансій, які за дзевяць месяцаў наведалі больш за 12 мільёнаў разоў. Сёлета тэмп росту колькасці занятых склаў 99,8 %, і гэты ўзровень стабільны цягам усяго названага перыяду.

У апошнія гады служба занятасці перагледзела падыходы да маніторынгу рынку працы. Новым крокам стала вызначэнне пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй у сферы працаўладкавання — дэпрэсіўных раёнаў. Сёлета гэта 53 тэрыторыі, большасць з якіх (па 15) знаходзіцца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пры гэтым амаль 80 % тэрыторый з пераліку цягам года палепшылі сітуацыю.

У краіне праводзіцца работа па развіцці і падтрымцы высокай матывацыі грамадзян да актыўнага пошуку работы, адзначыла Алёна Дакукіна:

— Улічваюцца індывідуальныя асаблівасці, тэрытарыяльны разрэз, аналізуецца інфармацыя, хто патрэбны. Асноўны акцэнт робіцца на патрэбах наймальніка. Арыентуюцца не проста на навучанне беспрацоўных, а на навучанне пад заказ (такіх больш за 60 % ад усіх, хто перавучваецца), што гарантуе стапрацэнтнае працаўладкаванне. Сёлета больш за 4000 беспрацоўных накіравана на навучанне. Гэта каля 5 % ад усіх, хто мае патрэбу ў рабоце. Хацелася б большай актыўнасці з боку саміх беспрацоўных, бо наймальнік патрабуе нашмат большага ўзроўню кваліфікацыі людзей, чым той, якім яны валодаюць цяпер.

Беспрацоўныя могуць прайсці навучанне больш чым па 100 прафесіях. Каля дзесяці з іх інтэграваныя: калі адначасова людзі атрымліваюць дзве і больш спецыяльнасці, у асноўным па рабочых прафесіях — напрыклад, тынкоўшчык-маляр ці абліцоўшчык-плітачнік. Тыя, хто не працаўладкаваўся пасля першага навучання, маюць права зноў звярнуцца ў службу занятасці, і больш за 90 % з іх ужо знаходзіць работу.

20 тысяч вакансій для сталіцы

У Мінску пастаянна расце попыт на рабочую сілу. Сёлета штомесяц прапаноўваецца каля 20 тысяч вакансій. Сярод запатрабаваных — машыністы электрацягнікоў, прадаўцы, кантралёры, касіры, повары, кандытары і іншыя. 77 % тых, хто працуе ў сталіцы, занятыя ў эканоміцы, і іх доля павялічваецца.

Служба занятасці пастаянна праводзіць мерапрыемствы, скіраваныя на садзейнічанне занятасці грамадзян. Міні-кірмашы вакансій (штотыднёва), два разы на год агульнагарадскія кірмашы, дні прадпрыемстваў, выязныя кірмашы на саміх прадпрыемствах.

— Важна расказаць чалавеку пра рабочае месца і прафесію, якая заяўляецца наймальнікам. Рэалізуюцца і новыя формы, напрыклад электронныя кірмашы вакансій, у якіх паўдзельнічала ўжо больш за 50 наймальнікаў. І за гэтай формай работы будучыня, — лічыць Таццяна КУДЗЕВІЧ, намеснік старшыні камітэта — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. — Мы праводзім таксама адрасныя мерапрыемствы для мэтавых груп: людзей, якія маюць абмежаванні па стане здароўя; грамадзян, якія выйшлі з месцаў зняволення або лячэбна-працоўных прафілакторыяў. У межах гэтых сустрэч мы праводзім кансультацыі і арыентуем людзей на працаўладкаванне.

Многія беспрацоўныя досыць прадпрымальныя, і ім прапануюць рэалізаваць сябе ў самазанятасці. Больш за 90 чалавек арганізавалі такім чынам уласную справу. Сфарміраваны банк часовых, сезонных работ, якія таксама прапануюць людзям. Больш чым тысяча чалавек паўдзельнічала ў аплатных грамадскіх работах. І гэта магчымасць атрымаць прыбытак, пакуль не знойдзецца пастаянная работа. Усе паслугі, якія прапануюцца грамадзянам сацслужбай, бясплатныя, запэўніла Таццяна Кудзевіч:

— Грамадзянам, якія маюць абмежаванні па стане здароўя і працоўныя рэкамендацыі (інваліды ІІ, ІІІ групы), а такіх больш за 8000, мы накіроўваем запрашэнні ў нашу службу. Згодна з праграмай працоўнай адаптацыі мы стымулюем наймальнікаў, і да іх прыходзяць гэтыя грамадзяне, якія цягам года адаптуюцца. Яны атрымліваюць магчымасць набыць працоўныя навыкі на рабочым месцы. Гэта важна, бо чалавек адаптуецца і прыходзіць на пастаянную работу ўжо падрыхтаваным.

Перасяленне і субсідыі на сваю справу

Сітуацыя на рынку працы Мінскай вобласці таксама характарызуецца павелічэннем колькасці рабочых месцаў. Узровень беспрацоўя тут 0,2 %, што менш, чым у іншых рэгіёнах.

— У вобласці працуе 686 тысяч чалавек. Гэта амаль стапрацэнтны ўзровень занятасці, — адзначыла Наталля ІГНАТОВІЧ, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. — Актыўна шукаюць работу ў малым бізнесе і самазанятасці. На развіццё ўласнай справы ў вобласці сёлета атрымалі субсідыі (11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў горадзе, 13 — на сяле) 219 чалавек. Індывідуальныя прадпрымальнікі рэгіструюцца ў сферах паслуг, напрыклад у галінах цырульніцтва, бытавога абслугоўвання, вытворчасці, паслуг СТА.

Не кожны чалавек можа знайсці работу па месцы жыхарства, таму службы занятасці прапануюць грамадзянам такі варыянт, як перасяленне. Сацслужба пры гэтым супрацоўнічае з наймальнікам з іншага раёна, складае трохбаковы дагавор, і чалавек з сям'ёй пераязджае ў іншы рэгіён, дзе яму даюцца работа і жыллё. Сёлета такім чынам пераехалі ўжо 35 сем'яў.

Актыўна ў вобласці працуюць з людзьмі, якія не могуць працаўладкавацца на агульных падставах: інвалідамі, асобамі, якія вярнуліся з турмаў; матулямі, што выйшлі з дэкрэту.

— У межах адаптацыі інвалідаў ІІ, ІІІ групы наймальнікам кампенсуюць частку заработнай платы такіх работнікаў. Гэта адзін з матывуючых фактараў для работадаўца, і многія ў гэтым зацікаўлены, — дадала Наталля Ігнатовіч. — Яшчэ адзін кірунак працаўладкавання — стварэнне новых рабочых месцаў, як правіла, высокатэхналагічных. Запланавана стварыць сем тысяч такіх месцаў. Сярод наймальнікаў па вобласці гэта Geely ў Барысаўскім раёне, 57 месцаў створана кампаніяй «Юніміт» у Смалявіцкім раёне, 31 — кампаніяй «Інтэртрансаўта» ў Дзяржынскім.

Патрэба ў кадрах у Мінскай вобласці сёлета звыш 18 тысяч вакансій, летась іх было 14 тысяч. На аднаго беспрацоўнага ўмоўна прыпадае па 12 прапаноў работы. Запатрабаваны жывёлаводы, заатэхнікі, ветэрынары, урачы, медсёстры.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».