Вы тут

У беларускай арміі ў 2 разы павялічана колькасць раптоўных праверак з выхадам войскаў да дзяржаўнай граніцы


За апошнія тры гады ў беларускай арміі ў два разы павялічана колькасць раптоўных праверак з выхадам войскаў да дзяржаўнай граніцы. Пра гэта на семінары для кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ паведаміў міністр абароны Андрэй Раўкоў. «За апошнія тры гады мы больш чым на 20 працэнтаў нарасцілі інтэнсіўнасць мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі», — адзначыў кіраўнік Мінабароны.


Міністр паведаміў, што мае месца значная актывізацыя ваеннай дзейнасці ў Еўропе, у тым ліку ў сумежных з Беларуссю краінах, перадае БелТА. Падчас праводзімых Захадам аперацый «Атлантычная рашучасць» і «Узмоцненая перадавая прысутнасць» вайсковы кантынгент НАТА і ЗША, размешчаны на ратацыйнай аснове на тэрыторыі сумежных з Беларуссю дзяржаў, за апошнія шэсць гадоў павялічаны ў 13 разоў — з 550 чалавек да больш чым сямі тысяч, колькасць адзінак узбраення і тэхнікі вырасла ў пяць разоў. З 25 тысяч да 40 тысяч чалавек павялічана колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА. Актыўна рэалізуюцца планы па ўзмацненні амерыканскай групоўкі войскаў ва Усходняй Еўропе.

З сярэдзіны кастрычніка бягучага года на літоўскай тэрыторыі за 15 кіламетраў ад беларускай граніцы размешчаны танкавы батальён сухапутных войскаў ЗША (500 ваеннаслужачых, 29 танкаў «Абрамс», 25 БМП «Брэдлі») падчас аперацыі «Атлантычная рашучасць». Гэта значыць, што ўпершыню каля граніцы Беларусі размешчана амерыканская бронетэхніка. «Зразумела, што гаворка не ідзе пра агрэсію, гэта не прамая ваенная пагроза. Але відавочным фактам з'яўляецца рост ваеннай небяспекі для краіны», — адзначыў міністр.

Акрамя таго, Злучаныя Штаты працягваюць распрацоўваць варыянты стварэння і выкарыстання буйных міжвідавых груповак войскаў ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. Адпаведныя пытанні плануецца адпрацаваць на маючым адбыцца шматнацыянальным вучэнні «Абаронца Еўропы — 2020», якое пройдзе на тэрыторыі дзесяці дзяржаў, у тым ліку Польшчы і краін Балтыі. Заяўленая колькасць прыцягнутага асабістага складу — каля 37 тысяч чалавек, 20 тысяч з якіх — ваеннаслужачыя ЗША.

Асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца практычная адпрацоўка пытанняў перакідання амерыканскага агульнавайсковага злучэння ў Еўропу, а таксама праверка гатоўнасці і магчымасцяў адпаведнай інфраструктуры еўрапейскіх дзяржаў прыняць і размясціць войскі ўзмацнення. Пры гэтым узбраенне і ваенная тэхніка будуць дастаўлены ў раёны правядзення вучэння як з тэрыторыі ЗША, так і з месцаў папярэдняга захоўвання на тэрыторыі еўрапейскіх краін. Вучэнне фактычна з'яўляецца прамежкавым этапам у комплекснай ацэнцы мерапрыемстваў па павышэнні так званай ваеннай мабільнасці, якія рэалізуюцца з 2016 года.

За апошнія пяць гадоў колькасць вучэнняў альянсу каля беларускіх граніц і задзейнічанага ў іх асабістага складу ўзрасла больш чым удвая. Паралельна з прыёмам кантынгентаў у сумежных дзяржавах удасканальваецца ваенная інфраструктура, прычым прыярытэт аддаецца мадэрнізацыі палігонаў і аэрадромаў, прымаюцца дакументы, якія спрашчаюць парадак разгортвання і перамяшчэння войскаў НАТА ў межах Еўрасаюза. «Таксама істотна павялічаны выдаткі на абарону. За апошнія пяць гадоў ваенныя асігнаванні Польшчы выраслі на 30 працэнтаў, Літвы — амаль у 2,5 раза, Латвіі — у тры разы», — канстатаваў Андрэй Раўкоў.

Ва ўмовах абвастрэння супрацьстаяння па лініі Усход — Захад Беларусь рэалізуе палітыку, заснаваную на канкрэтных прыярытэтах. «Адначасова мы вымушаны рэагаваць на актывізацыю ваеннай дзейнасці ў Еўропе, у тым ліку непасрэдна каля нашых граніц. Прычым гаворка не ідзе абавязкова пра сіметрычныя адказы, — падкрэсліў міністр. — Мы былі гатовыя да падобнага развіцця ваенна-палітычнага становішча. Таму рэагаванне ажыццяўляецца планава».

Пацверджанне таму, па словах кіраўніка Мінабароны, — будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл як пастаянны працэс, аснашчэнне перспектыўнымі і мадэрнізаванымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі, падрыхтоўка войскаў да высокаманеўраных мабільных дзеянняў, прыярытэтнае развіццё ВПС і войскаў СПА, ракетных войскаў, сіл спецыяльных аперацый і іншых кірункаў, што рэалізуюцца краінай на працягу двух дзесяцігоддзяў. Яшчэ ў 2007-м было прынята рашэнне аб стварэнні падраздзяленняў рэагавання з высокай ступенню гатоўнасці. Створаныя сілы неадкладнага рэагавання і сілы хуткага разгортвання. Гэты кампанент ёсць як у сухапутных войсках, так і ў ВПС і войсках СПА.

Акрамя таго, дадаткова будуць прыняты меры па ўзмацненні дзяржаўнай граніцы і павялічана колькасць сухапутнага кантынгенту войскаў на літоўскім напрамку. У 2020 годзе будуць унесены карэктывы ў планы прымянення РГВ(С) Беларусі і Расіі. Актуальным з'яўляецца прыняцце Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Ваеннае ведамства брала ўдзел у яе падрыхтоўцы і ўнесла шэраг фундаментальных прапаноў, накіраваных на забеспячэнне абароны інфармацыйных і інфармацыйна-тэхнічных сістэм.

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Рэагаванне ажыццяўляецца планава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.