Вы тут

Кавальчук: Можна разлічваць на заваяванне каля 100 алімпійскіх ліцэнзій


Адбылося пасяджэнне аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульнях і ХVІ летніх Параалімпійскіх гульнях.


Фота БЕЛТА

Падчас пасяджэння былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі спартсменаў — кандыдатаў на ўдзел у Гульнях у Токіа, агучаны праблемныя моманты, абмеркавана аснашчанасць камандаў неабходным інвентаром, экіпіроўкай, медыцынскім абсталяваннем, а таксама сродкамі аднаўлення, разгледжаны пытанні антыдопінгавага кантролю.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што да пачатку спаборніцтваў засталося крыху больш за восем месяцаў. З боку дзяржавы, паводле яго слоў, прынятыя ўсе неабходныя меры для забеспячэння належнай падрыхтоўкі да маючых адбыцца спаборніцтваў. Цяпер завяршаецца трэці этап падрыхтоўкі, галоўнай задачай беларускіх спартсменаў на ім з'яўляецца заваяванне алімпійскіх ліцэнзій і мадэляванне спаборніцкай дзейнасці ва ўмовах, набліжаных да спаборніцтваў.

Па стане на 6 лістапада алімпійскія кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы выканалі 63 беларускія спартсмены ў 51 дысцыпліне па 13 відах спорту. У іх ліку барацьба, веласпорт, гімнастыка, веславанне, лёгкая атлетыка, плаванне, парусны спорт. Адбор па некаторых відах спорту працягнецца да канца чэрвеня 2020 года.

«Лічым, што да завяршэння алімпійскага адборачнага перыяду рэальна можна разлічваць на заваяванне каля 100 алімпійскіх ліцэнзій, — прыводзіць словы міністра спорту і турызму краіны Сяргея Кавальчука БелТА.Аналіз выступленняў каманд па летніх відах спорту ў апошніх двух алімпійскіх цыклах сведчыць аб тым, што традыцыйна выніковымі для Беларусі з'яўляюцца веславанне на байдарках і каноэ, цяжкая атлетыка, мастацкая гімнастыка, скачкі на батуце, барацьба».

На сённяшні дзень магчымасць адабрацца ў Токіа, па словах міністра, захоўваюць мужчынская гандбольная зборная, жаночая баскетбольная зборная (3х3) і жаночая каманда па пляжным валейболе. Разам з тым не даводзіцца разлічваць на высокія медальныя перспектывы беларускіх спартсменаў у бадмінтоне, сінхронным плаванні, конным спорце, тэквандо.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Алімпіяда бліжэй, планы больш канкрэтныя

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.