Вы тут

Недахопу бульбы і грэчкі ў Беларусі не будзе


Аграпрамысловы комплекс Беларусі практычна завяршыў сельскагаспадарчы год — і з лепшымі за леташнія паказчыкамі. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль ХАЦЬКО падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Па словах кіраўніка галіны, даручэнне Прэзідэнта па зборы збожжа выканана — нарыхтавана каля дзевяці мільёнаў тон. Харчовая бяспека ў краіне забяспечана.


Фота: pixabay.com

Валавая вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі па выніках года чакаецца на ўзроўні 102,8—103 працэнтаў, дынамічна нарошчваецца экспартны патэнцыял, працягваюцца дыверсіфікацыя экспарту і пашырэнне геаграфіі паставак.

Міністр звярнуў увагу і на поспехі жывёлагадоўлі. У прыватнасці, вытворчасць малака сёння складае каля 104 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.

«Па ўсіх асноўных відах прадукцыі, неабходнай для нашай краіны, мы сябе на працягу апошніх гадоў забяспечваем. Што да бульбы, агародніны — па асобных пазіцыях павялічваем іх вытворчасць і рэалізуем на экспарт», — адзначыў Анатоль Хацько.

Беларускія аграрыі штогод рэалізуюць на экспарт каля трохсот тысяч тон бульбы. Сёлета гэта лічба будзе яшчэ большай. Ураджай «другога хлеба» чакаецца каля мільёна тон у грамадскім і фермерскім сектарах, а ўвогуле — не менш за шэсць мільёнаў тон.

«Сітуацыя з пастаўкамі ва Украіну, у Малдову — гэта рынак, нармальна, што мы забяспечваем і сябе, і суседзяў. Гэта адыграе ролю ў эканоміцы. У Расіі не ўрадзіла грэчка, што выклікае трывогу ў насельніцтва. Але ў нас цягам апошніх гадоў стабільная сітуацыя і з плошчамі, і са зборам грэчкі», — запэўніў міністр.

Ён таксама высока ацаніў супрацоўніцтва аграрыяў і вучоных, адзначыўшы цеснае ўзаемадзеянне па ўсіх пытаннях. Сярод апошніх сумесных дасягненняў — распрацоўка малочных заквасак, ветэрынарных прэпаратаў, новых тэхналогій, у тым ліку геномнай ацэнкі жывёлы.

«Мы мусім перасягнуць уяўную мяжу, ідэалогію: па-ранейшаму працаваць нельга, толькі праз тэхналогію, праз навуковыя распрацоўкі інавацыйнага плана. Аграрны сектар — гэта сёння рабатызаваная, аўтаматызаваная вытворчасць з самым сучасным абсталяваннем, дзе без ведаў і ўліку навуковых распрацовак мы не бачым перспектывы», — падкрэсліў Анатоль Хацько.

А перспектывы ёсць не толькі на ўласным рынку. Сёлета Беларусь адкрыла 11 новых імпарцёраў, сярод якіх Афганістан, Пакістан, Тайланд, Ангола, Бенін, Кенія, Куба. І практычна на ўсе рынкі збыту аб'ёмы паставак нарошчаныя. Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей БАГДАНАЎ паведаміў, што аб'ём экспарту дасягнуў амаль чатырох мільярдаў долараў.

Аляксей Багданаў падкрэсліў, што, нягледзячы на высокія мытныя тарыфы ў Еўрапейскім саюзе, беларускія аграрыі здолелі павялічыць аб'ём экспарту ў гэты рэгіён на восем працэнтаў. Больш за ўсё беларускіх прадуктаў у Літве, Польшчы і Германіі.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Хлеб першы і другі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».