Вы тут

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі


Ці такі шкодны на самай справе пальмавы алей і ці не перабольшана сёння карысць экапрадуктаў? Чаму цукеркі (ды і іншыя кандытарскія вырабы) — вялікае зло? Якое мяса на самай справе для нас карыснае? Ці добра есці па гадзінах і да чаго трэба імкнуцца ў харчаванні? Знакаміты ўкраінскі педыятр Яўген Камароўскі, які практыкуе з 1983 года (яго аўдыторыя ў сацыяльных сетках налічвае 10 мільёнаў), наведаў Беларусь і на вялікай лекцыі адказаў на пытанні пра здаровае харчаванне.


Не баяцца і быць прасцей

— У ХХІ стагоддзі жанчына не павінна бавіць увесь свой час ля пліты. Замест таго каб займацца сабой ці татам, яна стаіць на кухні і разварвае кабачкі, хоць можна проста ўзяць слоічак дзіцячага харчавання і мінімізаваць расход часу. Наша задача ў харчаванні — быць прасцей. Паглядзіце, як харчаваліся нашы продкі і выжылі. Калі мы самі пачынаем калупацца ў «ешках» (дабаўкі з літарай Е. — Аўт.), то навошта нам тады дзяржаўныя структуры? Калі прадукт сертыфікаваны, то давайце не будзем разумнічаць. Калі ваша дзіця кідаецца на ежу з апетытам, то хоць «ешкі», хоць «гмошкі» — усё ператравіцца.

Выказаў сваю думку доктар Камароўскі і наконт пальмавага алею.

— Напрыклад, пальмавы алей: шкоднага ў ім нічога няма. Яго даўно выкарыстоўваюць у кандытарскай вытворчасці — ён танны і зручны. І прадукты з яго ўтрыманнем тэарэтычна павінны каштаваць у тры разы танней. А яны каштуюць столькі ж, як прадукты са сметанковым маслам. Атрымліваецца, што на нас зарабляюць грошы. Як прадукт гэта абсалютна звычайны раслінны алей, ён гэтак жа «шкодны», як, скажам, сланечнікавы. Ад яго ёсць хіба шкода планеце Зямля, паколькі высякаюцца трапічныя лясы. Але тэарэтычна — гэта спосаб пракарміць чалавецтва, і малочную сумесь з яго ўтрыманнем можа купіць той, у каго няма сродкаў на штосьці больш дарагое.

Самае галоўнае — здаровы апетыт

— Ён павінен быць не для атрымання задавальнення ад ежы, а таму, што вы прагаладаліся, і ваша сістэма стрававання гатова перапрацоўваць ежу.
У страўніку ёсць страўнікавы сок, у печані ёсць жоўць, у падстраўнікавай залозе — падстраўнікавы сок, а ў кішэчніку — сок кішэчніка. Вы паелі — і ўсё пачынае працаваць. Калі хоць нейкага кампанента не стае, вам не хочацца есці. Калі вы прымушаеце дзіця есці, а яно не хоча, частка ежы застаецца неператраўленай.

Цукеркі — адна з самых страшных бед

— Цукеркі — выдатны спосаб атрымання задавальнення, а ў якасці прадукту, дзе ёсць дадатковы цукар, — гэта адна з самых страшных бед. Праблема ХХІ стагоддзя — дадатковы цукар. Раней дзеці вярталіся са школы дадому, кідалі партфель на падлогу і беглі на вуліцу гуляць. Тры дзесяцігоддзі таму я спакойна ставіўся да цукру і не бачыў у ім пагрозы. Цяпер жа, калі большую частку часу дзеці сядзяць за партай ці ў сваім смартфоне, у іх застаецца ўсё менш магчымасцяў траціць энергію. Калі ў дзіцяці няма лішняй вагі, бацькі арганізавалі яму адэкватны лад жыцця, чаму мы павінны пазбаўляць яго задавальнення? Няхай есць цукеркі, але ў разумных межах.

Большасць сокаў, якія мы бачым на прылаўках нашых магазінаў, — таксама не самы карысны прадукт, на думку
ўрача.

— Часам на соках пішуць: адноўлены, з пэўным працэнтам цукровага сіропу. Пра такі прадукт забывайце, нармальны сок — толькі натуральны. У ідэале дзяцей лепш увогуле не паіць сокамі, а даваць цэльныя фрукты. Ці зварыць кампот з разынак, курагі з натуральнымі падсаладжальнікамі.

Ці трэба саліць ежу?

— Дзецям першага года жыцця саліць ежу не трэба, далей — не больш за адзін грам у суткі. Спецыяльна салёную ежу дзецям даваць не варта. Дзіцячыя ныркі працуюць інакш. Пры гэтым важна адрозніваць, гэта разавая акцыя ці сістэма? Калі бацька кожны дзень сядзіць перад тэлевізарам з чыпсамі ў руках, а побач дзіця, гэта нікуды не варта.

Сутачная норма вады

— Ёсць такое паняцце, як фізіялагічныя патрэбы. Вельмі важна, каб гэта былі патрэбы дзіцяці, а не мамы. Калі дзіця хоча піць, важна адрозніваць, у яго смага ці ён хоча атрымаць задавальненне ад працэсу піцця. Калі ён хоча піць, ён п'е ваду. Калі хоча задавальнення — патрабуе салодкай газіроўкі. Зараз дыетолагі вучаць выпіваць нас па два літры вады ў дзень. Мы губляем вялікую колькасць вадкасці, пастаянна знаходзячыся ў сухім паветры. Каб быць прыгожымі і свежымі, трэба шмат піць. Але ніхто не кажа пра тое, што варта падтрымліваць аптымальную вільготнасць паветра! Гэта неабходна зрабіць культурай нацыі. Спачатку мы дыхаем сухім цёплым паветрам з-за ацяпляльнага сезона, а потым сухім і халодным, але ўжо з-за кандыцыянера. Таму, напэўна, замест таго каб заліваць сябе вадкасцю, лепш набыць увільгатняльнік паветра.

Ці патрэбны рэжым харчавання?

— Адкуль узялося паняцце «рэжым»? Гэта спроба адаптаваць дзіця да патрэб дарослых і да выканання сацыяльных функцый. Вялікі фізіёлаг Паўлаў карміў сабаку ў адзін і той жа час — і ў патрэбны момант у яе выпрацоўваўся страўнікавы сок і дапамагаў перапрацоўваць ежу. Але нам не трэба дапамагаць дзецям ператраўліваць ежу, трэба сачыць за тым, каб яны не пераядалі. Я бачу праблему ў тым, каб харчавацца строга па гадзінах: дзіця спачатку прывыкае есці ў строга вызначаны час, а потым вырастае і прапускае прыёмы ежы з-за вучобы, спраў і іншага. Адсюль усе гэтыя студэнцкія гастрыты.

Пра БАДы і вітаміны

Доктар Камароўскі адзначыў, што пазіцыя медыцыны ў гэтым пытанні такая: аддаваць перавагу паўнацэннаму і разнастайнаму харчаванню замест прыёму вітамінаў. Аднак бываюць розныя сітуацыі, калі трэба ўлічваць канкрэтныя выпадкі і асаблівасці клімату. Напрыклад, вегетарыянцам патрэбны вітамін В12 і жалеза, тым, хто плануе цяжарнасць, — фоліевая кіслата, а людзям з ёдадэфіцытных рэгіёнаў дзе-небудзь на Урале і ў Карпатах, адпаведна, ёд. Так што не бывае ўніверсальных дабавак.

Ці карысныя экапрадукты?

Яшчэ адну модную тэму сённяшняга дня — экапрадукты — закрануў Яўген Камароўскі.

— Калі вытворцы прытрымліваюцца сучасных тэхналогій, нічога шкоднага вы не купіце ў магазінах. Зразумела, што ёсць пэўныя нюансы, але крытычнага — нічога. Усё роўна на першым плане застаецца ваш апетыт і жыццёвы тонус. А арганічныя прадукты, вырашчаныя на глебе з вялікай колькасцю гною, маюць высокую канцэнтрацыю кішэчных палачак, у 20 разоў большую рызыку сальманелёзу і іншага. Тут свае складанасці, таму галоўнае — не перагінаць палку.

Якое мяса выбраць?

Доктар Камароўскі адзначыў, што тып мяса — ялавічына, свініна, кураціна ці трусяціна — не мае значэння.

— Самае карыснае мяса — свежае і добра тэрмічна апрацаванае. Мяса, на якое дзіця кідаецца з крыкам: «Дайце яшчэ!»

Напрыканцы ў доктара спыталі і пра прышчэпкі.

— Прышчэпкі — так. Я, мае дзеці, унукі, сям'я, супрацоўнікі клінікі — усе прышчэпленыя.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».