Пра гэта расказаў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём СІКОРСКІ.
— У свеце назіраецца дэфіцыт лётных кадраў, ён ёсць і ў Беларусі, таму вырашэнне гэтай праблемы для нас будзе ў прыярытэце. Раней у краіне камерцыйных пілотаў не рыхтавалі, іх навучанне праходзіла ў Расіі, Украіне, краінах Балтыі. Цяпер мы збіраем неабходныя дакументы на імя кіраўніка дзяржавы, каб ён падтрымаў падыходы, распрацаваныя Дэпартаментам па авіяцыі, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі, авіяцыйнымі арганізацыямі.
У краіне ідзе работа над прапановамі па з'яўленні лаўкост-тарыфаў (зніжаных цэн) на пералёты. Пакуль дасягнута пагадненне толькі з венгерскай авіякампаніяй Wіzz Aіr: вясной 2020 года стартуюць рэйсы з Мінска ў Будапешт. З'яўленне лаўкост-маршрутаў плануецца за кошт авіякампаніі «Белавія».
— У яе ўжо ёсць такія ў аэрапорт Жукоўскі ў Маскве, але маршрутная сетка можа быць пашырана. Каб мадэль пачала працаваць, неабходна прыняць рашэнне на ўзроўні ўрада. Запусціць лаўкост сіламі «Белавія» найбольш аптымальна і правільна — трэба падтрымліваць нацыянальнага перавозчыка, стварыць умовы, пры якіх ён зможа працаваць па любых напрамках, у тым ліку з абласных аэрапортаў, — сказаў Арцём Сікорскі.
«Белавія» — найбуйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Ён ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 55 аэрапортаў 29 краін Еўропы і Азіі. Флот кампаніі налічвае 30 паветраных суднаў. Па словах генеральнага дырэктара Анатоля ГУСАРАВА, да летняга сезона авіякампанія папоўніць парк сямю Boeіng 737 MAX. А ў снежні і красавіку наступнага года — двума Embraer.
Ідзе работа і над пашырэннем маршрутнай сеткі. Сёлета былі адкрыты рэгулярныя рэйсы ў Мюнхен і Талін, летась — у Албанію. Налета авіякампанія разлічвае адкрыць дадатковыя маршруты ў Казахстан, Іспанію і на Кіпр.
— Канчатковае рашэнне па гэтых напрамках яшчэ не прынятае, але мы спадзяёмся атрымаць дазвол на палёты ў Актау, бо там ёсць транзіт з Еўропы. Што датычыцца Іспаніі, плануем адкрыць маршрут да курортнага горада Рэус. Таксама ў 2020 годзе будуць пашыраны чартарныя праграмы, — паведаміў Анатоль Гусараў.
Кіраўнік «Белавія» падкрэсліў, што бізнес-мадэль поўнага сэрвісу кампаніі ўжо не актуальная, ёй на замену прыйшла сучасная гібрыдная. Гэта было зроблена для аптымізацыі кошту білетаў.
— «Белавія» завяршае распрацоўку і хутка плануе ўкараніць сістэму брэндавых тарыфаў. Яны будуць падзеленыя на групы. Калі пасажыр ляціць без багажу, яго тарыф будзе мінімальны. Калі з чамаданам — іншы. Такі фармат палёту дасць магчымасць пасажырам самім выбіраць кошт білету. У залежнасці ад таго, колькі іх будзе прададзена, сістэма можа аўтаматычна закрыць танныя класы. Тыя, хто прыйдзе пазней, будуць ляцець ужо па вышэйшай цане, — расказаў Анатоль Гусараў.
Каб зрабіць знаходжанне пасажыраў у зоне рэгістрацыі больш камфортным і хуткім, за апошні час у Нацыянальным аэрапорце ўкаранілі некаторыя новаўвядзенні. Пра іх паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Васіль КОРНЕЎ.
— У маі мы пачалі эксплуатаваць другую ўзлётна-пасадачную паласу. Гэта дазволіла прымаць усе віды паветраных суднаў пры любых умовах надвор'я. Сёлета з'явіліся новыя віды сэрвісу для пасажыраў: арганізаваныя сістэма аўтаматычнага афармлення багажу drop-off, паскоранае праходжанне палётных працэдур fast track, калі пасля рэгістрацыі можна падысці да аўтамата, які дазваляе прыняць гэтую паслугу, і прайсці яе па-за чаргой праз пункт кантролю. Працуе сістэма ProVіsіon, якая хутка сканіруе пасажыраў на наяўнасць небяспечных прадметаў, а таксама функцыя электроннага пасадачнага талона — яго можна набыць толькі пры анлайн-рэгістрацыі, — паведаміў выступоўца. — Акрамя таго, падчас рэгістрацыі ўжо няма неабходнасці здымаць абутак, бо ёсць спецыяльныя сканеры. Дзякуючы гэтаму мы павялічылі хуткасць агляду пасажыраў на 33 працэнты.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.