Вы тут

У Токіа фінішуе конкурс прыгажосці «Mіss Іnternatіonal»


Сёння ў сталіцы Японіі фінішуе адзін з самых буйных і вядомых у свеце конкурсаў прыгажосці — «Mіss Іnternatіonal». Ён праходзіць ужо 59-ы раз і аб'ядноўвае ўдзельніц з 83 краін і тэрыторый, у тым ліку Буркіна Фасо і Экватарыяльнай Гвінеі. Нашу краіну на конкурсе прадстаўляе 22-гадовая бабруйчанка Марыя Первій.


Даведка «Звязды»

Конкурс «Mіss Іnternatіonal» праводзіцца з 1960 года — спачатку ў Лонг-Біч (Каліфорнія, ЗША), потым у Японіі. Ён уваходзіць у так званую вялікую чацвёрку найпрэстыжнейшых міжнародных конкурсаў прыгажосці і адрозніваецца ад большасці падобных форумаў тым, што арганізатары засяроджваюцца не толькі на знешнасці ўдзельніц, але робяць акцэнт на іх маральных якасцях: добразычлівасці, прыязнасці, спагадлівасці, разуменні і павазе да культур іншых краін і народаў. Канкурсантак прадстаўляюць як «паслоў міру і прыгажосці» і ацэньваюць іхнюю матываванасць садзейнічаць вырашэнню лакальных і глабальных праблем сучаснасці. Фінальнае заданне для дзяўчат — гэта заўжды прамова пра неабходнасць міру ва ўсім свеце. Дзеючая «Міс Інтэрнэшнл» — прадстаўніца Венесуэлы Марыем Веласка, а наогул за апошнія 10 гадоў сярод пераможцаў не было ніводнай прадстаўніцы Еўропы, затое былі Мексіка, Інданезія, Пуэрта-Рыка, Японія, Эквадор, двойчы Філіпіны і тройчы Венесуэла.

Марыя Первій — «Другая Віцэ-міс Беларусь — 2018», уладальніца тытулу «Міс глядацкіх сімпатый». Яна — дачка праваслаўнага святара, а яшчэ мадэль з вялікім вопытам работы ў Беларусі і за мяжой, студэнтка Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і, нягледзячы на юны ўзрост, саўладальніца бізнесу па пракаце аўтамабіляў.

...Першая частка форуму, так званыя мерапрыемствы добрай волі, насамрэч стартавала яшчэ два тыдні таму, у канцы кастрычніка. Дзяўчаты знаёміліся з японскай культурай, у тым ліку з чайнай традыцыяй і мастацтвам стварэння кветкавых кампазіцый і вырошчвання бансай, сустракаліся з японскімі студэнтамі, бралі ўдзел у разнастайных дабрачынных акцыях (для адной з іх — аўкцыёну, на якім кожная канкурсантка выстаўляла лот са сваёй роднай краіны — наша Марыя прывезла адмыслова вырабленага на шклозаводзе «Нёман» бела-чырвона-зялёнага зубра на пастаменце, абрысы якога паўтараюць карту Беларусі). Сярод іншых абавязковых этапаў конкурсу — дэфіле ў нацыянальных касцюмах, конкурс купальнікаў, дэманстрацыя вячэрніх убораў і інтэлектуальны раўнд.

Для дэманстрацыі нацыянальных касцюмаў беларускія дызайнеры брэнда Ніstorіa Naturalіs стварылі адмысловую сукенку з танюткага, паўпразрыстага белага лёну, упрыгожаную, нібы аблокамі, маляўнічымі роднымі краявідамі. Для дэфіле прыдумалі цэлы перформанс: вобраз дапоўнілі галаўным уборам — саламяным лебедзем і гіганцкай белай валізкай-скрынкай «Пошта», у якую прыгажуня апускае ліст «From Belarus wіth Love». Як след прадумалі дызайнеры і ўсе іншыя выхады, ад вечарынкі знаёмства да вячэрняга ўбору — беларуска будзе красавацца на гала-шоу ў сукенцы з карункамі і пышнай спадніцай.

«Гатоўнасць 100 %. Не ведаю, як буду жыць без Японіі і «Міс Інтэрнэшнл». Скажу адно: я доўга рыхтавалася, цяпер прыйшоў час здаваць экзамены», — напісала дзяўчына ў сацсетках напярэдадні фіналу. Марыя прызналася, што 6-гадзінную розніцу паміж Мінскам і Токіа «адаспала» толькі праз некалькі дзён пасля прылёту ў Японію, але стомленасць кампенсавалася яскравымі ўражаннямі ад знаёмства з сапраўднымі гейшамі, традыцыйнай чайнай цырымоніяй і шматлікімі сюрпрызамі ад арганізатараў.

Ужо сёння ўдзень, улічваючы розніцу ў часе, стане вядома, каму журы прысудзіць галоўны тытул «Міс Інтэрнэшнл», а таксама прызавыя месцы: топ-5 найлепшых удзельніц, «Міс 5 кантынентаў» (Азія, Афрыка, Амерыка, Акіянія, Еўропа) і спецыяльныя ўзнагароды «Міс фотагенічнасць», «Найлепшы нацыянальны касцюм», «Лепшы купальнік», «Лепшы вячэрні ўбор».

Тым часам

Беларуска заваявала тытул «Віцэ-міс» на конкурсе «Mіss Top Of The World Plus Sіze 2019», які завяршыўся 9 лістапада ў Кіеве. Найлепшымі сярод удзельніц з 18 краін свету сталі прадстаўніцы Бразіліі і Сурынама, якія раздзялілі перамогу, а вось другое месца атрымала прадпрымальніца з Гомеля, мама дваіх дзяцей Наталля Калеснікава. Наогул нашу краіну прадстаўлялі тры ўдзельніцы, і ніводная не засталася без прыза: Вікторыя Клявец атрымала тытул «Міс Творчасць» за відовішчны пластычны эцюд з халоднай зброяй, а падатковага інспектара Інгу Буліцкую адзначылі як «Міс Экстравагантнасць». Канкурсантак, дарэчы, вельмі падтрымлівалі супрацоўнікі беларускага пасольства ва Украіне, у тым ліку Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ігар Сокал, які наведаў фінальнае шоу.

Нацыянальны дырэктар конкурсу ў Беларусі, мадэль «плюс сайз» Яўгенія Цюленева падкрэсліла, што вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы ўдзельніцам аказалі не толькі айчынныя дызайнеры, але і прадпрыемствы, якія вырабілі сувеніры і выдзелілі тканіны для вячэрніх убораў: «Міжнародны конкурс, пра які пісалі і ў СНД, і ў краінах Азіі і Лацінскай Амерыкі, стаў цудоўнай магчымасцю паказаць у свеце ўзровень тэкстыльнай прамысловасці і фэшн-індустрыі Беларусі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота mіss-іnternatіonal.org, іnstagram.com і арганізатараў праекта «Міс Беларусь Plus Sіze».

Загаловак у газеце: Лэдзі, панны, сеньярыты...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».