Вы тут

Некаторым пунктам Цэнтральнаеўрапейскай дугі больш за 180 гадоў


Вучоныя БДУ выявілі геадэзічныя пункты Цэнтральнаеўрапейскай дугі ўзростам больш за 180 гадоў. Даследчая работа вялася на працягу 2018—2019 гадоў пры ўдзеле супрацоўнікаў кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і вядучых спецыялістаў Белгеадэзіі і кампаніі «Крэда-Дыялог», паведамляе прэс-служба вядучай айчыннай ВНУ.


Перад пачаткам работ былі вывучаны навуковыя справаздачы і картаграфічныя матэрыялы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Палявыя даследаванні па адшуканні цэнтраў геадэзічных пунктаў праводзіліся на тэрыторыі Капыльскага, Любанскага, Старадарожскага і Клецкага раёнаў. Усяго ўстаноўлена дакладнае месцазнаходжанне шасці пунктаў. Цэнтры, якія захаваліся, закладзены на 50 сантыметраў ніжэй узроўню зямлі і ўяўляюць сабой каменны мур у форме куба з даўжынёй рабра адзін метр. У цэнтры мура ўстанаўлівалася цагліна, і на ёй адзначаліся каардынаты.

Усяго на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў перыяд з 1827 да 1866 года закладзена 52 пункты, якія ўваходзяць у Градуснае вымярэнне паралелі. Правядзенне астранамічных і геадэзічных вымярэнняў патрабавалася для ўстанаўлення формы і памераў зямнога эліпсоіда.

Геадэзічныя пабудовы пазамінулага стагоддзя з'яўляюцца гістарычнай спадчынай айчыннай навукі. Пошукавыя работы навукоўцаў, геадэзістаў і картографаў неабходныя для захавання ўнікальных аб'ектаў і ўключэння іх у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Падобныя даследаванні дазваляюць правесці параўнальны аналіз геадэзічных работ у разрэзе розных эпох. Сучасныя вызначэнні з выкарыстаннем спадарожнікавых сістэм пацвярджаюць высокую дакладнасць правядзення астранамічных і геадэзічных работ ХІХ стагоддзя.

Падрабязныя вынікі палявых экспедыцый навукоўцы прадставяць на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Геаматыка: адукацыя, тэорыя і практыка», якая адбудзецца 20—22 лістапада на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ ў Мінску.

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв'ю: gki.gov.by

Загаловак у газеце: Сведкі геадэзічных работ ХІХ стагоддзя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.