Вы тут

Выдадзены зборнік дакументаў пра дзейнасць НКУС у Заходняй Беларусі


Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь выдаў зборнік дакументаў «НКУС у Заходняй Беларусі. Верасень — снежань 1939 года».


Раней ужо выходзілі выданні, падрыхтаваныя гісторыкамі і архівістамі Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы, якія апісвалі ваенна-палітычныя падзеі 1939 года, сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя пераўтварэнні, што праводзіліся ў Заходняй Беларусі. Асобныя выданні былі прысвечаны і НКУС, але ў іх увага пераважна аддавалася рэпрэсіям. Але многае з таго, чым у той час яшчэ займаліся чэкісты, засталося незаўважаным.

Упершыню ў зборніку друкуюцца дакументы кіраўніцтва НКУС як цэнтральнага, так і абласнога і раённага ўзроўняў.

У архівах маецца мноства дакументаў па гісторыі тых падзей — законы БССР, дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі, пастановы, інструкцыі, пратаколы пасяджэнняў, тэлеграмы ЦК КП(б)Б, аператыўныя зводкі НКУС, дакладныя запіскі наркаматаў БССР, а таксама дакументы камандавання Беларускага фронту. Значная іх частка ўтрымлівае інфармацыю аб тэрытарыяльным размежаванні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, усталяванні новай улады, нацыяналізацыі прамысловасці, банкаўскіх і культурных устаноў, рэарганізацыі школьнай адукацыі, падрыхтоўцы да выбараў. Вялікі інтарэс уяўляюць звесткі пра ўвядзенне ў Заходняй Беларусі савецкай валюты, перавод стрэлак гадзіннікаў у адпаведнасці з мінскім часам. Уз'яднанне дало новы штуршок для развіцця краіны — дзякуючы тым падзеям мы сёння маем тэрыторыю, якая па плошчы займае 13-е месца ў Еўропе.

«Пры падрыхтоўцы публікацый мы вырашылі больш увагі звярнуць на дзейнасць органаў НКУС у галіне рашэння эканамічных, палітычных праблем, якія ўзніклі пасля ўваходу Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі, — расказвае адзін са складальнікаў зборніка, кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў. — Асаблівую цікавасць уяўляюць аналітычныя матэрыялы, якія органы НКУС падавалі кіраўніцтву краіны і рэспублікі. У іх адлюстраваны пытанні аб адносінах насельніцтва да ўваходу Чырвонай арміі, праблема бежанцаў, якая ўзнікла ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі Германіі, і цэлы шэраг эканамічных праблем».

Увядзенне ў абарот такіх дакументаў дазволіць знайсці адказ на многія спрэчныя пытанні. У прыватнасці, зразумець стаўленне насельніцтва далучаных земляў да новай улады. Важна ўлічваць, што насельніцтва было шматнацыянальнае: тут пражывалі беларусы, палякі,
яўрэі, літоўцы. Натуральна, адносіны розных груп насельніцтва не супадалі. Так, калі беларусы ўваход Чырвонай арміі віталі, урачыста сустракалі, то большасць палякаў заняла антысавецкія пазіцыі, пачалося супраціўленне.

Архівісты адшукалі цікавы дакумент у фондзе ЦК, які сведчыць аб вылучэнні да ўзнагароджання работнікаў НКУС за ўдзел у вызваленчым паходзе. Названыя прозвішчы 89 чэкістаў і канкрэтны ўнёсак кожнага. Падобныя дакументы дазваляюць падаваць гісторыю больш персаніфікавана, бо звычайна гаворыцца толькі пра падзеі, а не пра людзей.

У зборніку можна знайсці і дакладную запіску чэкістаў пра погляды прафесара Пічэты па пытаннях вызвалення Заходняй Беларусі. Чэкісты таксама сачылі і за маральным абліччам савецкіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленчым паходзе. Тым больш што савецкім афіцэрам давялося сутыкнуцца з сур'ёзнай спакусай — на вызваленых тэрыторыях яны ўбачылі крамы, багатыя на разнастайныя тавары, якіх не было ў краіне Саветаў.

Даследчыкам варта звярнуць увагу і на дакументы, якія сведчаць пра стан вайсковых часцей. Дакладныя запіскі асобага аддзела Беларускага фронту сведчаць пра дрэнную матэрыяльную частку і негатоўнасць арміі. Варта нагадаць, што падчас вызваленчага паходу сур'ёзных баявых дзеянняў не вялося. Калі б недахопы, пра якія дакладалася ў 1939 годзе, былі ўлічаныя, то можна было б пазбегнуць тых сур'ёзных страт, якія панесла Чырвоная армія і ў вайне з Фінляндыяй, і ўлетку 1941 года.

Пры знаёмстве са справаздачамі, дырэктывамі, аператыўнымі зводкамі, інфармацыйнымі і дакладнымі запіскамі можна ўбачыць, якія задачы ставіліся перад спецслужбай вышэйшым палітычным кіраўніцтвам СССР і партыйна-савецкім кіраўніцтвам БССР, чым займаліся канкрэтныя аператыўныя групы. І гэта не толькі сачэнні і рэпрэсіі (дарэчы, у зборніку можна знайсці дакумент, які сведчыць пра колькасць затрыманых на тэрыторыі Заходняй Беларусі). Таксама чэкісты павінны былі не дапусціць хаосу, марадзёрства і бандытызму, ахоўваць важныя аб'екты, вырашаць праблемы забеспячэння бежанцаў харчаваннем. Архівісты заўважаюць, што да падзей 1939 года можна ставіцца па-рознаму: былі і станоўчыя моманты, і адмоўныя з'явы, але вывучаць гісторыю трэба комплексна, і новы зборнік павінен паспрыяць гэтаму.

Адначасова з прэзентацыяй зборніка Нацархіў паказаў унікальныя дакументы, звязаныя з падзеямі 1939 года. Так, у архіве захоўваецца пастанова СНК, дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, пастановы, пратаколы, тэлеграмы Сталіну за подпісам Панамарэнкі. Таксама тут знойдзеце і сцэнарый фільма «За Беларусь Савецкую», які датаваны 1939 годам, і спіс фільмаў, якія рэкамендаваліся кінатэатрам для паказаў, тагачасныя карты падзелу рэспублікі на раёны. Архівісты звярнулі ўвагу на карту 1939 года, дзе паказана дэмаркацыйная лінія паміж германскай і савецкай арміямі. Па лісце карыстання бачна, што даследчыкі з ёй амаль не працавалі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Гісторыю трэба падаваць комплексна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».