Вы тут

Якая яна, кніга будучыні?


Больш чым пяць стагоддзяў таму Іаган Гутэнберг падарыў свету тыпаграфскую літару і друкарскі станок. Якраз тады ў кнігавыданні і распаўсюджанні інфармацыі адбылася рэвалюцыя… Што мае месца ў выдавецкай справе сёння? Як развіваецца выдавецкая дзейнасць у нашай краіне, на якіх пастулатах трымаецца? На гэтыя ды іншыя тэмы разважалі ўдзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Выдавецкая справа ў Рэспубліцы Беларусь: гісторыя, сучасны стан, праблемы і перспектывы», прысвечанай 75-годдзю факультэта журналістыкі і 50-годдзю кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання.


Фота з сайта journ.bsu.by

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч падчас адкрыцця пленарнага пасяджэння зазначыў: «Новыя эканамічныя ўмовы вызначылі і новы статус выдавецкіх прадпрыемстваў. Змянілася парадыгма кнігавыдання, якое развіваецца ў зусім новай тэхналагічнай сітуацыі». Для савецкага перыяду была характэрная колькасная мадэль, пры якой галоўным лічыўся валавы выпуск друкаванай прадукцыі. Цяпер кнігавыдаўцы найперш глядзяць, каб кнігі адпавядалі запытам мэтавай аўдыторыі, патрабаванням навукі і культуры, грамадства.

Падчас дыскусіі, якая адбылася ў межах круглага стала экспертаў, абмеркавалі шэраг надзённых пытанняў. Некаторыя з іх тычыліся месца кнігі ў сучасным свеце, інтэрактыўнай кнігі з выхадам у альтэрнатыўную рэальнасць. Выступоўцы адзначалі, што новыя інфармацыйныя тэхналогіі змяняюць падыходы да канструявання і выдання кнігі: яна становіцца больш разнастайнай у параўнанні з тым, якой была раней. Асабліва актуальны гэты досвед пры падрыхтоўцы падручнікаў. Шмат якія вучэбныя дапаможнікі выходзяць з дадаткам у выглядзе дыскаў, з QR-кодамі, з прымяненнем тэхналогій дапоўненай рэальнасці, што стала ўжо частай з’явай. З гістарычнымі помнікамі пісьменства можна азнаёміцца праз алічбоўванне, што забяспечвае захаванасць іх унікальнасці. Ствараюцца базы даных з дакладнай навігацыяй у іх. Аптымальныя шляхі пошуку інфармацыі забяспечваюць імгненнае знаходжанне матэрыялаў і іх фрагментаў. Такія формы адкрываюць новыя магчымасці ў падачы матэрыялу і яго хуткае засваенне. Укараненне адпаведных новаўвядзенняў спрыяе нараджэнню новага ўспрымання і мыслення... І гэта мяняе грамадства, пакаленне, мяняюцца здольнасці чалавека — на што неаднаразова звярталі ўвагу выступоўцы.

Між тым існуе і шэраг праблем з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў. У падручніках недапушчальна даваць спасылкі, напрыклад, на сеціўныя ролікі, таму што кантэнт іх не кантралюецца. Хаця для школьніка было б вельмі зручна: пачытаць пра пэўны аб’ект і адразу ж убачыць яго ў дзеянні. Магчыма, стварэнне патрэбнага рэсурсу — справа будучыні.

Другая група пытанняў мела мэтай прасачыць пераемнасць традыцый у арганізацыі сучаснага выдавецкага працэсу. «Сённяшняя кніга і работа выдавецтва — гэта інтэграваны працэс, стварэнне 3D-мадэлі, відэаінфармацыі, ілюстрацыйных радоў, з дапамогай якіх вучань можа глыбей зразумець тыя ці іншыя з’явы. Каб адпавядаць сучасным патрабаванням чытачоў, выдаўцы асвойваюць раней ім не ўласцівыя функцыі: выкарыстоўваюць паслугі гукарэжысёраў, гукааператараў, мантажораў, вучацца здымаць відэа, знаходзяць прафесійных акцёраў», — дзялілася дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна.

Навукоўцы адзначалі: хаця змены, якія адбыліся ў кнігавыданні, закранулі ўсе аспекты працы прадпрыемства, галоўнае засталося нязменным. Гэта — увага да аўтара, яго таленту і ўмення данесці сваю думку да чытацкай аўдыторыі. Падкрэслівалі высокую сацыяльную місію кнігі ў сучасным глабалізаваным свеце, а таксама тое, што трансфармацыя выдавецкіх прадпрыемстваў дае большыя магчымасці ў стварэнні эфектыўных кніжных праектаў і прадстаўленні іх на міжнародным узроўні. Удзельнікі перакананы: друкаваная кніга будзе змяняцца, але не знікне ні з кнігарняў, ні з адукацыйнага працэсу. Больш за тое, яна захавае свой уплыў на чытача. «Фізічныя кнігі сёння выглядаюць як фізічныя кнігі мінулага стагоддзя, сучасныя лічбавыя — выглядаюць і функцыянуюць амаль гэтак жа, як 10 гадоў таму. Мы шукаем кнігу будучыні не там! Кнігі, якія трымаем у руках сёння, і ёсць кнігі будучыні», — як падсумаванне, прагучала ў адным з дакладаў.

У панэльных дыскусіях уздымалі пытанні падрыхтоўкі шматпрофільнага спецыяліста для выдавецкай галіны, узаемаўплыву журналістыкі і выдавецкай дзейнасці. У пасяджэннях панэльных дыскусій узялі ўдзел больш чым 40 даследчыкаў і спецыялістаў-практыкаў і з Беларусі, і з замежжа.

Падчас работы канферэнцыі яе ўдзельнікам прапанавалі выстаўку «Лепшыя з лепшых: кнігі — пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”», інтэрактыўную экскурсію «Гісторыя выдавецкай справы: з рэдкага фонду Фундаментальнай бібліятэкі БДУ», творчую сустрэчу з Уладзімірам Ліпскім. Сярод замежных удзельнікаў быў дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У. Г. Караленкі, кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях Глеб Кудрашоў. Ён прадставіў свой праект — прэзентаваў акадэмічную студыю «Дыпламатыя кнігі: “Энеіда” Катлярэўскага ў перакладзе Аркадзя Куляшова».

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».