Вы тут

Беларускія міратворцы правялі ў Таджыкістане маштабную трэніроўку


Міратворчая рота 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады па праве лічыцца адным з самых элітных падраздзяленняў Узброеных Сіл нашай краіны. Вайскоўцы роты пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных вучэннях і трэніроўках. Праграма баявой падрыхтоўкі беларускай міратворчай роты пастаянна ўдасканальваецца з улікам досведу, атрыманага падчас шматнацыянальных міратворчых вучэнняў, навучання ваеннаслужачых роты ў міратворчых цэнтрах Швейцарыі, Германіі, Венгрыі, Турцыі, Польшчы і іншых краін.


Напрыканцы кастрычніка беларускія міратворцы вярнуліся з Таджыкістана, дзе прынялі ўдзел у вучэнні Калектыўных міратворчых сіл АДКБ «Непарушнае братэрства-2019». У актыве саюзнікаў - дзясяткі сумесных трэнінгаў, а таму да міратворчай аперацыі яны прыступаюць у складзе зводных узводаў без дадатковых заняткаў.

У манеўрах міратворцаў у горна-пустыннай мясцовасці на палігоне Харбмайдон, што за 20 кіламетраў ад мяжы з Афганістанам, былі  прадстаўленыя міратворчыя падраздзяленні шасці краін-удзельніц АДКБ: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Усяго на вучэнні ў гэтым годзе было задзейнічана звыш за 3500 чалавек асабовага складу і парадку 600 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку ваенная авіяцыя.

Міратворчыя сілы АДКБ ўключыліся ў маштабную трэніроўку пасля таго, як на палігоне Харбмайдон была праведзена контртэрарыстычная аперацыя. І вось цяпер, калі саюзнікі разграмілі буйныя бандфарміраванні, блакітным каскам неабходна стабілізаваць сітуацыю, наладзіць спакойнае жыццё мірных жыхароў.

Негатыўная абстаноўка ў Афганістане, звязаная з узрослай дзейнасцю тэрарыстычных груповак «Талібан» і «Ісламская дзяржава», вызначыла актуальнасць і месца правядзення дадзеных вучэнняў. Таму калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ правялі аперацыю па падтрыманні міру ў Цэнтральна-азіяцкім рэгіёне калектыўнай бяспекі.

Адным з галоўных эпізодаў міратворчага этапа вучэння стала адбіццё блакітнымі каскамі АДКБ нападу бандфармаванняў на кантрольна-прапускны пункт лагера бежанцаў.

Выявіўшы ўдарны беспілотны лятальны апарат суперніка, станцыі «Лясочак» блакавалі канал кіравання ім, а разлік ЗУ-23 знішчыў гэтую паветраную цэль. Затым КПП лагера бежанцаў абстралялі з мінамётаў з боку незаконных узброеных фарміраванняў. Вайскоўцы пад прыкрыццём пары верталётаў Мі-24 нанеслі ўдары па праціўніку. Для ўтрымання наступу праціўніка міратворцы вялі агонь з буйнакаліберных кулямётаў, узбраення бронетранспарцёраў БТР-82А, зенітных установак ЗУ-23.

На заканчэнне баявога розыгрышу міратворчыя сілы вызвалілі населены пункт, які быў захоплены ўмоўнымі тэрарыстамі. Міратворчыя падраздзяленні блакавалі населены пункт, утварыўшы кальцо і не дазваляючы суперніку пакінуць раён. Кіраўніцтвам групоўкі войскаў было прынята рашэнне пачаць перамовы, але праціўнік праігнараваў заклікі.

Пад прыкрыццём бронетранспарцёраў групы спецназа правялі штурм будынкаў, у якіх занялі абарону баевікі. Пасля вызвалення ў пасёлак прыбылі прадстаўнікі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, якія раздалі мірнаму насельніцтву прадукты харчавання, ваду, медыкаменты, рэчы.

Для дастаўкі гуманітарнага грузу ўцекачам ў сяло рушыла калона міратворчых сіл пад абаронай бронетранспарцёраў БТР-82А і верталётаў Мі-24. У ходзе руху на калону напалі дыверсанты. Разлікі ЗП-23 засяроджаным агнём знішчылі аўтамабілі суперніка, для ўзмацнення сем транспартна-баявых верталётаў Мі-8 высадзілі дэсант. Канчатковы ўдар па тэхніцы ўмоўных тэрарыстаў нанесла звяно штурмавікоў Су-25.

Кіраўніцтва вучэнняў высока ацанілі дзеянні ўсяго міратворчага кантынгенту краін-удзельніц АДКБ.

Начальнік Аб'яднанага штаба Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы генерал-палкоўнік Анатоль Сідараў адзначыў:

- Тэма міратворчасці, з аднаго боку, здаецца простай. Сілы і сродкі, цяжкае ўзбраенне выкарыстоўваюцца ў меншай ступені. Разам з тым яна мае шэраг вельмі сур'ёзных асаблівасцяў, і перш за ўсё гэта выкананне нормаў міжнароднага права. Самае галоўнае, ёсць упэўненасць, што, калі заўтра спатрэбіцца, у любым месцы нашы падраздзяленні здольныя ўпэўнена выконваць міратворчыя аперацыі.

- Хачу адзначыць, што беларускае міратворчае падраздзяленне было прадстаўлена на ўсіх асноўных значных эпізодах , - заявіў намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый нашых Узброеных Сіл палкоўнік Уладзімір Белы. - Так, нам даверылі дзеянні на КПП, мы ўдзельнічалі ў ажыццяўленні інжынернай разведкі і ў ахове калоны інжынернага дазору, нашы вайскоўцы блакавалі населены пункт, утрымліваючы незаконнае ўзброенае фармаванне, і непасрэдна ў штурмавых групах, якія яго знішчалі. У цэлым, я лічу, вучэнне прайшло выдатна. Яно стала добрай праверкай зладжанасці ўсіх падраздзяленняў у складзе шматнацыянальных сіл. І, вядома, дапамагло ўмацаваць баявое братэрства і сяброўства паміж нашымі падраздзяленнямі.

У наступным годзе інтэнсіўнасць трэніровак сілавой кампаненты АДКБ зніжана не будзе. Прычым вучэнне міратворцаў «Непарушнае братэрства-2020» прыме Беларусь.

Даведка

У 2004 годзе наша краіна ўпершыню заявіла пра намер стварыць уласны міратворчы вайсковы кантынгент. А ўжо ў 2005-м была сфарміравана міратворчая рота ў складзе 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. У цяперашні час гэта маладое падраздзяленне беларускіх Узброеных Сіл дыслакуецца ў Віцебску на базе 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. І хоць вопыту ўдзелу ў міжнародных міратворчых місіях пакуль няма, па ўзроўні сваёй падрыхтоўкі нашы вайскоўцы нічым не саступаюць сваім замежным калегам.

Алег Некала

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi партызанскiх атрадаў удзялялi вялiкую ўвагу адпачынку i вольнаму часу партызан.