Вы тут

Палітра незабыўных мелодый


Выканаўцы з розных краін свету з’язджаюцца ў Мінск на адзін з самых знакамітых фестываляў Белдзяржфілармоніі


Незабыўныя мелодыі вечнасці, яркія восеньскія вечары, таленавітыя музыканты і спевакі. Усе гэтыя складнікі непарыўна звязаныя са знакамітым фестывалем мастацтваў «Беларуская музычная восень», які сёлета пачаўся 24 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Музычнае свята працягнецца ў Мінску месяц — да 30 лістапада. За гэты час госці атрымаюць магчымасць трапіць на разнастайныя канцэрты (а іх у праграме 25) і атрымаць асалоду ад музыкі.

Сёлета Беларуская музычная восень адзначае юбілей. Ужо сорак пяты раз калектыў філармоніі падрыхтаваў для слухачоў праграму, закліканую прадэманстраваць усё багацце і прыгажосць сучаснага музычнага мастацтва Беларусі: класічную музыку, харэаграфічнае мастацтва, арганную, папулярную музыку і многае іншае.

 Першай падзеяй, якая адкрыла фестываль, стаў гала-канцэрт да 90-годдзя Яўгена Глебава (прайшоў учора ў Вялікай канцэртнай зале). Яўген Глебаў — класік беларускай музыкі, кампазітар, дырыжор, педагог. Аўтар твораў буйной формы — опер, балетаў, сімфоній. Не менш папулярная яго музыка да кінафільмаў, драматычных спектакляў, эстрадная. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава ўжо на працягу многіх гадоў адзначае юбілеі гэтага кампазітара. 90-годдзе таксама не стала выключэннем.

— Паколькі адзначаем не першы юбілей Яўгена Глебава, не хацелася паўтарацца, таму ўзнікла ідэя выканаць «Альпійскую баладу» і дзве часткі з балета «Мара», — расказаў Аляксандр Анісімаў. — Іншы аспект новага погляду на праграму заключаецца ў тым, што мы вырашылі выкарыстаць не толькі ўласныя творчыя магчымасці і сілы, але і прыцягнулі яшчэ два аркестры. Такім чынам, хацелі паказаць розны погляд на творчасць Глебава.

Гэтым разам славуты філарманічны калектыў выступіў на адной сцэне з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь (галоўны дырыжор — Віктар Бабарыкін), студэнцкім духавым аркестрам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Максіма Расохі, узорным хорам старэйшых класаў «Дэцыма» Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я. Глебава, канцэртным хорам малодшых класаў «Музычныя пацеркі» ДМШМ № 10 імя Я. Глебава і ансамблем «Мінск-Класік».

Ужо заўтра, 26 кастрычніка, на сцэне Вялікай канцэртнай залы Белдзяржфілармоніі адбудзецца рамантычнае падарожжа па Францыі. Канцэрт «Французскі бульвар» Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча запрашае наведвальнікаў у рамантычнае падарожжа па мелодыях стагоддзяў.

— Мне здаецца, што тых, хто прыходзіць на канцэрты ў філармонію, слухаюць вачыма, — дзеліцца Аляксандр Анісімаў. — Для іх музыка — таксама ўнутраная ілюстрацыя, успамін, магчыма, мара. І гэта ідэальнае ўспрыманне музыкі як феномена мастацтва. Менавіта для такога глядацкага падыходу мы працуем і спрабуем паказаць сябе не проста артыстамі, музыкантамі, а тымі самымі праваднікамі зацікаўленай аўдыторыі ў свет іх уражанняў.

Незвычайную праграму 27 кастрычніка пакажа іспанскі тэатр танца «Paya’s». Канцэрт носіць назву «З вытокаў фламенка», і замежныя госці прадэманструюць, як развіваўся гэты неверагодны танец, дзе палкасць пераплятаецца са смуткам. Гэта маляўнічае шоу з удзелам найлепшых танцораў і музыкантаў з Мурсіі, Мадрыда, Алікантэ.

Фестываль сёлета парадуе і аматараў арганнай музыкі. 29 кастрычніка пройдзе канцэрт, які адкрывае арганны сезон філармоніі «Прынашэнне Нотр-Даму», дзе прагучаць творы С. Франка, К. СенСанса, М. Дзюпрэ ў выкананні заслужанай артысткі Расіі Людмілы Голуб. Яна падрыхтавала ўнікальную аўтарскую праграму, задуманую як акт памяці, надзеі і веры ў будучыню найвялікшага сімвала французскай гісторыі і культуры — сабора Нотр-Дам. Гісторыка-культурныя карані французскай арганнай школы трывала звязаныя з гэтым месцам, вядомым знанымі кампазітарамі канца XIX — першай паловы ХХ стагоддзяў. Вядучая канцэрта — музыказнаўца Вольга Савіцкая. Яна правядзе і другі канцэрт з цыкла «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва», які пройдзе 19 лістапада на сцэне Вялікай канцэртнай залы. Музыку І. Баха, Ф. Мендэльсона, К. Шумана выканае Іаганэс Геферт — адзін з вядучых арганістаў сучаснай Германіі, прафесар класа аргана і імправізацыі, загадчык кафедры пратэстанцкай царкоўнай музыкі ў Дзяржаўнай вышэйшай школе музыкі Кёльна.

— Арганная праграма — вялікі здабытак нашай Беларускай музычнай восені, — падкрэслівае дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар. — Кожны раз мы заўважаем, як менавіта на канцэрты арганнай музыкі збіраецца абсалютна розная аўдыторыя: як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшых пакаленняў. Таму сёлета мы падышлі да арганізацыі праграмы з вялікай адказнасцю. Раней у праграме нашага фестывалю было каля 40 канцэртаў, сёлета іх 25, таму што мы разумеем: да кожнага патрэбна вялікая падрыхтоўка.

У Мінск у межах Беларускай музычнай восені таксама вяртаецца неверагодны віяланчэльны калектыў «Rastrelli Cello Quartet», вядомы ў першую чаргу дзякуючы спалучэнню жанраў рок і метал з класічнай музыкай. «Rastrelli Cello Quartet» — адзін з самых папулярных віяланчэльных калектываў у свеце. Звычайна іх праграмы будуюцца на прынцыпе кантрасту дзякуючы спалучэнню класікі, джаза, року і іншых жанраў. Канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі — не выключэнне: для фестывалю квартэт падрыхтаваў асаблівую праграму. У першым аддзяленні артысты выканаюць класічныя творы, а ў другім звернуцца да музыкі кінематографа і многіх іншых цікавых музычных эксперыментаў. Канцэрт знакамітага гурта пройдзе 2 лістапада ў Вялікай канцэртнай зале.

Ад харавой музыкі госці Беларускай дзяржаўнай філармоніі змогуць атрымаць асалоду 17 лістапада ў Вялікай канцэртнай зале. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам дырыжора Вольгі Янум сумесна з ансамблем «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава і салістамі Дзіянай Трыфанавай (сапрана), Наталляй Акінінай (мецца-сапрана), Юрыем Гарадзецкім (тэнар) і Віталём Амбражэвічам (бас) сустрэнуцца на сцэне, каб выканаць творы аднаго з самых знакамітых кампазітараў у гісторыі. Вольфганг Амадэй Моцарт ствараў па-сапраўднаму таленавітыя творы, і музыканты гатовыя чарговы раз гэта даказаць, выканаўшы яго «Сімфонію № 40 соль мінор» і «Рэквіем рэ мінор».

— «Рэквіем» Моцарта — вядомы музычны твор, які гучыць па ўсім свеце, але ж 17 лістапада гэтая мелодыя прагучыць у новай рэдакцыі, — расказаў Аляксандр Гарбар. — У свой час, калі Моцарт памёр, яго жонка шмат думала пра тое, хто ж зможа завяршыць «Рэквіем». Многія кампазітары спрабавалі зрабіць гэта. На канцэрце вы ўбачыце, як сучасныя музыканты самі адчуваюць музыку Моцарта. Тое, што вы пачуеце, будзе адрознівацца ад звыклага ўспрымання творчасці кампазітара.

Адной з галоўных падзей для аматараў эстраднай і народнай музыкі ў межах фестывалю стане выступленне 20 лістапада Пятра Ялфімава. Канцэрт носіць назву «Незабыўнае» і прысвечаны 50-годдзю заснавання ансамбля «Песняры». Арганізатар — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. У суправаджэнні аркестра Пётр Ялфімаў выканае любімыя ўсімі творы, якія па праву ўвайшлі ў залаты фонд беларускай эстраднай песні. Прыемным сюрпрызам вечара стане і прэзентацыя кампакт-дыска «Падпарадкоўваючыся песеннаму дару», у якім сабраны рэдкія музычныя запісы Уладзіміра Мулявіна.

У малой канцэртнай зале імя Р. Шырмы гасцей філармоніі 23 лістапада будуць вітаць музыканты адразу з трох краін: Беларусі, Расіі і Даніі. На канцэрце выступяць госпел хор «Revelation» пад кіраўніцтвам Сафі Хермінд (Данія), госпел хор «OpenDoor» (кіраўнік Ніна Елішава (Расія)), эстрадны хор «Імправізацыя» (Беларусь). Традыцыя харавога спеву ў Даніі вельмі старажытная, дацкія харавыя калектывы карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, і для беларусаў канцэрт 23 лістапада — унікальная магчымасць дакрануцца да тонкага мастацтва.

Разнастайным і цікавым для сапраўдных знаўцаў класічнай музыкі будзе канцэрт 27 лістапада. Абанемент № 4 «Для ўсіх!» даўно ўжо стаў візітнай карткай Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова, паколькі ставіць сваёй мэтай пазнаёміць з класічнай музыкай як мага большую колькасць людзей. Салісты — лаўрэаты міжнародных конкурсаў — заслужаная артыстка Расіі Наталля Труль (фартэпіяна), Дзмітрый Хахамаў (скрыпка), заслужаны артыст Расіі Кірыл Родзін (віяланчэль). Праграма будзе складацца з твораў Людвіга ван Бетховена: уверцюра для балета «Стварэнне Праметэя», сімфонія № 1, патройны канцэрт до-мажор для фартэпіяна, скрыпкі і віяланчэлі. Гэта толькі першы з трох канцэртаў абанемента. Наступныя пройдуць 12 снежня і 8 красавіка.

Выступіць у межах фестывалю і аркестр «Метамарфоза» пад кіраўніцтвам маладога дырыжора Паўла Любамудрава — адзін з самых цікавых сучасных беларускіх аркестраў, які часта радуе слухачоў сваімі незвычайнымі выступленнямі: музыканты з аднолькавай лёгкасцю могуць сыграць як з рок-групай, так і выканаць усе клавірныя канцэрты Іагана Себасцьяна Баха за два дні. Менавіта гэта пачуюць госці фестывалю 24 і 26 лістапада на сцэне малой канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. «Метамарфоза» выступіць у творчым тандэме з піяністам Станіславам Салаўёвым.

Найцікавейшую праграму падрыхтаваў і традыцыйны «фестываль у фестывалі» — Міжнародныя вечары фартэпіянных дуэтаў «Duettissimo». Гэты форум стане юбілейным: ужо пяць гадоў музыканты з розных краін дэманструюць у Беларусі музыку, выкананую ў вытанчаным фармаце фартэпіянных дуэтаў. Форум якраз завершыць Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень».

Першы канцэрт пройдзе 28 лістапада на сцэне Малой залы імя Р. Шырмы і будзе аб’яднаны тэмай Другой сусветнай вайны. Польскія музыканты «Lutoslawskiduo» Эмілія Сітаж і Барталамей Вонсік выканаюць творы Лютаслаўскага, Дэбюсі і Гарэцкага, якія гучалі ў акупіраванай Варшаве, паглыбіўшы слухачоў у атмасферу ваеннага часу, калі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, людзі працягвалі любіць выдатную музыку. Таксама ў малой зале, але ўжо 29 лістапада, пройдзе канцэрт, на якім выступяць фартэпіянныя дуэты з Расіі і Малдовы. Расію прадставяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аліна Шарнякова і Кацярына Беразань, а Беларусь — народныя артысты Малдовы Анатоль Лапікус і Юрый Маховіч.

Завершыцца ўсё гала-канцэртам «Беларускія фартэпіянныя дуэты», які пройдзе 30 кастрычніка ў Вялікай канцэртнай зале і стане грандыёзнай падзеяй. Сем фартэпіянных дуэтаў сумесна з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава выканаюць творы найлепшых класічных кампазітараў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».