Вы тут

Альтанка Адама Міцкевіча і восень, асветленая сонцам


Матывы жывапісу Канстанціна Максімцова на выстаўцы ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі


Восенню ў краязнаўчым музеі ў Баранавічах адкрылі выстаўку сябра Саюза мастакоў БССР і СССР Канстанціна Іванавіча Максімцова «Памяці майстра». Выстаўка прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння творцы. Тут прадстаўлена звыш 20 графічных і жывапісных работ аўтара са збору музея, яго асабістыя рэчы — узнагароды, фотаздымкі, дакументы, якія прадставілі родныя мастака.

Канстанцін Іванавіч нарадзіўся ў 1919 годзе ў Гомелі. Яшчэ ў родным горадзе ў пачатку 1930-х гг. пачаў займацца ў студыі выяўленчага мастацтва. Працягваў адукацыю на базе Віцебскага мастацкага вучылішча ў знакамітых мастакоў Л. М. Лейтмана і І. А. Ахрэмчыка.

Канстанцін Іванавіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенныя гады прыехаў у Баранавічы, дзе з 1945 па 1952 год быў упаўнаважаным Саюза мастакоў БССР па Баранавіцкай вобласці. Канстанцін Іванавіч шмат зрабіў для развіцця культурнага і мастацкага жыцця горада: арганізоўваў работу мастацкай школы, прымаў удзел у стварэнні першай экспазіцыі Баранавіцкага абласнога гісторыка-краязнаўчага музея (знаходзіўся ў Слоніме), аказваў дапамогу па арганізацыі выставак і сам удзельнічаў у іх.

У 1950—1960-я гады мастак напісаў карціны на тэму аднаўлення мірнага жыцця, славіў працу чалавека: «Дэпо», «Браняцягнік на раз’ездзе Хвоева», «Кароўнік», «Электрычка працуе». Ва ўласнай творчасці на працягу жыцця Канстанцін Іванавіч шмат увагі надаваў гарадскім краявідам, хацеў занатаваць усе змяненні, якія адбываюцца ў знакавай для яго прасторы.

Сёння, дзякуючы работам таленавітага мастака, мы можам убачыць горад, якім ён быў дзесяцігоддзі назад. У старым парку горада, дзе гучала музыка, яго цэнтральныя алеі ўпрыгожвалі транспаранты, лозунгі, партрэты Леніна і Сталіна. Такім святочным гарадскі парк намаляваны мастаком у 1949 годзе. А вось як працаваў майстар над карцінай, можна ўявіць дзякуючы эскізам і эцюдам, што захоўваюцца ў гарадскім музеі. Графічныя і жывапісныя работы мастака мелі поспех, выклікалі станоўчыя водгукі ў наведвальнікаў выставак, у якіх ён удзельнічаў з 1945 года.

Пры жыцці Канстанцін Іванавіч правёў адзіную персанальную выстаўку ў выставачнай зале краязнаўчага музея ў 1999 годзе (прысвечана яго 80-годдзю). На адкрыцці выстаўкі мастак падарыў у яго фонды дзевяць сваіх лепшых карцін. Сярод падараваных работ вылучаюцца дзве — «Камень філарэтаў» і «Альтанка». Гэтыя палотны распавядаюць пра памятныя мясціны з жыцця вялікага паэта Адама Міцкевіча, які нарадзіўся недалёка ад Баранавіч на хутары Завоссе.

На карціне «Камень філарэтаў» экспрэсіўна намаляваны велізарны валун, нібы трыбуна. Гэты камень стаў месцам першых выступленняў маладых сяброў Адама Міцкевіча — удзельнікаў таварыства філарэтаў. На карціне «Альтанка» — стагадовыя ліпы, што быццам растуць з аднаго кораня. Яны ўтвараюць альтанку, дзе маглі сустракацца Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака. Якраз гэтыя дзве карціны і займаюць цэнтральнае месца на выстаўцы «Памяці майстра».

На рэтраспектыўнай выстаўцы дэманструюцца работы, напісаныя аўтарам з 1943 па 1989 год. Цяжка адказаць, у якім жанры выяўленчага мастацтва падабалася пісаць Канстанціну Іванавічу. Яму аднолькава добра ўдавалася перадаць рысы характару чалавека ў партрэтах і так жа яскрава распавядаць на палотнах аб прыгажосці роднай прыроды. У восеньскіх пейзажах мастака шмат святла і паветра. У іх сабрана ўся прыгажосць вераснёвых і першых кастрычніцкіх дзён з чырвона-жоўтым лісцем, чыстым паветрам і высокім светлым небам. У рабоце «Восеньская пара» зусім няма журбы.

У вясновых краявідах майстра прыцягвае прырода, якая абуджаецца: вербныя коцікі, далікатнае першае лісце і зялёная трава, якая прабіваецца на праталінах, першыя кветкі, цёплыя сонечныя промні. Усё знаходзіць водгук у душы аўтара! Ён заўважаў гэтыя ператварэнні прыроды і імкнуўся захаваць у сваіх работах: «Ранняя вясна», «Бярозы, асвечаныя сонейкам», «Вясновыя бярозкі». Канстанцін Іванавіч быў не толькі выдатным жывапісцам, але і таленавітым графікам.

Простым алоўкам за некалькі хвілін напрыканцы 1970 — пачатку 1980-х гадоў мастак зрабіў замалёўкі будаўніцтва мікрараёна «Паўночны». Цікава бачыць гэта і ўяўляць, як забудоўваўся новы раён. Творца прыкмеціў усе змяненні і захаваў для нас на паперы.

У горадзе, дзе мастак пражыў 60 гадоў, яго помняць. У 2009 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Іванавіча былі адкрыты выстаўка і памятная шыльда на сцяне дома № 14 па вуліцы Царука. У гэтым доме размяшчалася майстэрня, дзе 40 гадоў працаваў мастак. У 2013 г. адна з вуліц горада была названа ў гонар Максімцова.

Работы творцы ўпрыгожваюць сцены дзіцячай мастацкай школы ў Баранавічах, захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Саюза мастакоў Беларусі, Брэсцкім краязнаўчым музеі, Магілеўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Наталля ЯРАШ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.