Вы тут

У "Тэатральным куфары БДУ—2019" возьмуць удзел калектывы з 9 краін


XVI Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў  “Тэатральны куфар, БДУ-2019” стартуе 19 лістапада (вул. Ульянаўская, 8. Пачатак у 17.00). Асноўныя тэатральныя дзеянні разгорнуцца на сцэнах Мінска цягам тыдня. 


Сёлета праграма “Тэатральнага куфара, БДУ-2019” уключае 14 аматарскіх і прафесійных спектакляў, у якіх задзейнічана больш як 150 артыстаў з 9 краін: Інданэзіі, Непала, Грузіі, Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Францыі і Эстоніі.

У гэтым годзе будзе зроблены акцэнт на пластычных пастаноўках без слоў, у якіх асноўны змест перадаецца праз рухі цела. Адкрые праграму гэтага цыклу спектакль “Прабелы” тэатра танца “Адлюстраванне” БДУІР.

Падчас фестывалю пройдзе серыя “чытак” сучаснай беларускай драматургіі. Тры рэжысёра паставяць з удзельнікамі фестывалю тры сучасныя беларускія п'есы на трох розных мовах. Кіраўніком праекта выступіць педагог, акцёр, рэжысёр тэатра “На балконе” БДУ Андрэй Саўчанка.

Спецыяльным госцем фестывалю стане Тбіліскі дзяржаўны тэатр кінаакцёра імя М.Туманішвілі. Акцёры тэатра пакажуць 24 лістапада спектакль “Лысая спявачка” паводле п'есы Э. Іанэскі (Палац культуры прафсаюзаў, пр-т Незалежнасці, 25. Пачатак у 19.00). Пастаноўка была ўдастоена розных міжнародных узнагарод, сярод якіх прыз папулярнага Эдынбургскага фестывалю мастацтваў.

Адным з самых відовішчных дзеянняў абяцае стаць традыцыйны праект “Куфар-in-Motion”. За тыдзень з “нуля” будзе падрыхтаваны арыгінальны спектакль з акцёрамі з розных краін. У гэтым сезоне яго пастаноўка пройдзе пад кіраўніцтвам рэжысёра маладзёжнага  тэатра “Кола” і Цэнтра культуры "Віцебск" Уладзіслава Цвікі. Прэзентацыя адбудзецца 24 лістапада на цырымоніі закрыцця фестывалю (арт-прастора HIDE, вул. Кастрычніцкая, 19/4. Пачатак у 21.30).

Пераможцу “Тэатральнага куфара, БДУ-2019” па традыцыі вызначыць глядач. А журы дасць пастаноўкам прафесійную ацэнку.

Праграма фестывалю размешчана тут.

Фестываль "Тэатральны куфар" праводзіцца ў БДУ з 2004 года. Штогод на мерапрыемства збіраюцца да 20 тэатраў, больш як 250 удзельнікаў з розных краін свету і 12 тысяч гледачоў. За гады існавання ў фестывалі прынялі ўдзел 230 тэатраў з 65 краін свету.

“Тэатральны куфар БДУ" мае статус міжнароднага фестывалю, з 2006 года ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў і з 2008 года — у выканаўчы камітэт асацыяцыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.