Вы тут

Пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылі пагранзаставу «Пясчатка»


Застава «Пясчатка» ў Камянецкім раёне, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Івана Барсукова, ахоўвае 13 кіламетраў Дзяржаўнай граніцы. Паводле слоў вайскоўцаў, сігналізацыя падае знак на пульт да дзесяці разоў за суткі. І кожны раз трывожная група выязджае на месца, каб упэўніцца, што на мяжы поўны парадак, а тэхніка спрацавала ад парыву ветру альбо неасцярожнага кроку лясной жывёліны. Але бываюць сігналы, якія сведчаць пра парушальніка Дзяржаўнай граніцы. Тады яго затрымаюць і даставяць на заставу.


Пра будні вартавых мяжы згадвалі шматлікія госці «Пясчаткі», якія прыбылі сюды на своеасаблівае наваселле. Цэлы год вяліся работы па рэканструкцыі, рамонце, уладкаванні памяшканняў заставы і ваеннага гарадка. У казармах і дамах афіцэрскага складу пражывае каля паўсотні вайскоўцаў. Дзякуючы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі асабовы склад заставы атрымаў новую якасць жыцця і службы. Адрамантаваны будынак заставы з вучэбнымі класамі, казарма, а таксама дамы для сем'яў афіцэраў. Абноўлены ангар для тэхнікі, добраўпарадкавана тэрыторыя ваеннага гарадка.

Салдаты не без гонару паказвалі гасцям сваё жылое памяшканне з новенькай мэбляй, трэнажорную залу, вучэбныя класы. Адным словам, застава поўнасцю пераўтварылася, стала новай. Старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА адзначыў ролю галіновых прафсаюзаў, раённага і абласнога аб'яднанняў, якія зрабілі свой унёсак у абнаўленне заставы і тым самым паспрыялі бяспецы краіны. А яшчэ прафсаюзны лідар падарыў вартавым мяжы чатырохногага памочніка — шчанюка ўсходнееўрапейскай аўчаркі. Ён падрасце і будзе заступаць у нарады разам з баявой групай.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта краіны Анатоль ЛАПО выказаў удзячнасць органам мясцовай улады, грамадскім арганізацыям і прадпрыемствам, якія ўважліва ставяцца да патрэб вартавых мяжы, нярэдка аказваюць ім самую розную дапамогу. Кіраўнік памежнага ведамства адзначыў таксама, што работа па добраўпарадкаванні застаў у краіне будзе працягвацца.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС павіншаваў ваеннаслужачых з наваселлем на старой заставе і падкрэсліў іх вялікую ролю ў захаванні бяспекі нашай краіны, бо яны стаяць на пярэдніх яе рубяжах.

Побач з заставай знаходзіцца памежны пераход «Пясчатка». Зараз праводзіцца вялікая работа па рэканструкцыі дарогі, якая вядзе на пераход. З яе ўводам у строй паток машын і людзей павялічыцца. Але для тых, хто захоча знайсці абходныя шляхі, вартавыя мяжы паабяцалі стварыць надзейны заслон.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: На пярэднім рубяжы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.