Вы тут

У Гродне пасля напружанай барацьбы вызначыліся з лагатыпам горада


Больш як паўгода грамадскасць абласнога цэнтра сачыла за тым, які з прапанаваных малюнкаў стане брэндам. Напачатку было прадстаўлена больш за 30 работ. У двух турах праз адкрытае галасаванне і прысуд журы вызначылася 11 фіналістаў. Пасля працяглых і гарачых «за» і «супраць» пераможцу ўсё ж такі назвалі.


Абарона ўсіх праектаў праходзіла даволі актыўна. У ліку аўтараў як асобныя дызайнеры, так і студыі. Галоўная ідэя — турыстычны брэнд павінен улічваць гістарычную аснову, але больш адпавядаць новым, сучасным тэндэнцыям. Вядома, быць зразумелым і пазітыўным.

— Мы павінны ўвасабляць у ім нашу мінуўшчыну, увесь культурны пласт, — выказаў свае разважанні член журы, выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы Віталь Карнялюк. — З другога боку, лагатып павінен сведчыць аб тым, што ствараецца сённяшнім маладым пакаленнем, накіраваны ў будучыню і з'яўляецца нечым крэатыўным. Я аддаў перавагу выяве моста, які пракладвае шлях з мінулага ў будучыню.

Дарэчы, дызайн-студыя прапанавала адразу восем варыяцый на тэму мастоў. І сапраўды, асацыяцыя з мастамі быццам бы і да месца. Успомніць хоць бы старажытны мост, які вядзе да Старога замка. А яшчэ вядомы мост цераз Нёман, які можна ўбачыць на многіх панарамных здымках горада. Ёсць таксама чыгуначны мост, Румлёўскі, увогуле генеральны план горада прадугледжвае ў будучым наяўнасць ажно 11 мастоў.

Яшчэ адзін пасыл — да каралеўскага горада. Было прапанавана некалькі лагатыпаў з выявай кароны. І невыпадкова. Гродна было месцам многіх каралеўскіх рэзідэнцый. Менавіта такія лагатыпы набралі большасць галасоў у папярэднім туры.

— Мне падабаецца брэнд каралеўскага горада, — гаворыць вядомы гродзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч. — Але ёсць пэўныя заўвагі. Напрыклад, кароль на адным з лагатыпаў атрымаўся падобны на Нептуна. Яшчэ адзін, на мой погляд, яркі брэнд з мноствам сімвалаў, дзе вялікую сэнсавую нагрузку нясе сам шрыфт. Можна было б яшчэ папрацаваць над канчатковым выглядам лагатыпа, падключыць сталічных дызайнераў...

Трэба сказаць, што ўдзельнікамі конкурсу ў пераважнай большасці сталі гродзенцы. Многія з іх лічаць падзею вельмі значнай для горада, бо яна настройвае на пазітыў. У той жа час сімвал — свайго роду маркетынгавы ход.

— З'явілася моладзь, якая ўмее даносіць і адстойваць свае пазіцыі і бачанне. Вельмі цікавая каляровая гама, матывы Каложскай царквы, гэта добры турыстычны матыў, — падкрэсліў член журы, кіраўнік шэрагу трансгранічных праектаў Сяргей Каляда.

Некалькі аўтараў увасобілі ў сваіх работах выяву аленя, і гэта выклікала нямала спрэчак.

— Паколькі брэнд горада — гэта цэлая філасофія, яна ў нейкай ступені адлюстроўвае гарадскую геральдыку, але разам з тым робіць крок у перспектыву, — заўважае гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. — Я лічу, што ў нас яшчэ не вельмі выкарыстаны патэнцыял гарадской сімволікі, у тым ліку алень святога Губерта.

Паколькі выява аленя — адна з самых адметных для горада, яна і стала пераможцай конкурсу. І, як ні парадаксальна, аўтары гэтай работы не гродзенцы, а дызайнеры з Брэста.

— Можа здацца, што алень з герба — гэта банальна, але ў горада ёсць моцны сімвал, які мае прыгожую легенду, і ён можа працаваць, — тлумачыць сваю пазіцыю брастаўчанін Уладзімір Платоненка. — Мы распрацавалі брэнд менавіта турыстычнага Гродна, а алень з герба — самы пазнавальны вобраз. За аснову мы ўзялі сіні колер герба, дапоўнілі колерам плінфаў Каложы, і атрымаўся фірменны арнамент горада. Мы бачым брэнд з пазіцыі турыстаў, якімі самі тут і з'яўляемся.

Аўтары зрабілі лагатып гібкім у адносінах да родных мерапрыемстваў — напрыклад, з улікам музыкі, тэатра, грамадскага харчавання. Усе яны выкананы ў аднолькавай стылістыцы. Менавіта такі комплексны падыход дадаў плюсоў лагатыпу, які атрымае далейшае жыццё ў рэкламнай прадукцыі, архітэктуры горада, на транспарце. Зараз вядзецца работа над слоганам да лагатыпа.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: З пункту гледжання турыста

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».