Вы тут

Iгар Яўсееў правёў асабiсты прыём грамадзян у Валожыне


Падчас асабiстага прыёму грамадзян, якi правёў у Валожыне памочнiк Прэзiдэнта — iнспектар па Мiнскай вобласцi Iгар Яўсееў, да яго звярнулася каля дваццацi чалавек. Пытаннi былi самыя розныя. Але, бадай, большасць датычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Гэта i зразумела — на парозе зiма. I кожны чалавек хоча, каб у доме, кватэры было цёпла i ўтульна.


Вось i Зiнаiда Iванаўна паскардзiлася, што каторы год у пад'ездзе шматкватэрнага дома па вулiцы Мiру, дзе яна жыве, не грэе батарэя. Жанчына неаднаразова звярталася да камунальнiкаў з просьбай яе замянiць. Ёй абяцалi паставiць новую, калi з'явiцца на складзе. Але, як кажуць, воз i сёння тут. Iгар Яўсееў выказаў заўвагу ў адрас камунальнiкаў: «Калi далi абяцанне, то трэба яго выконваць. Для гэтага не трэба вялiкiх грошай. Але калi ў вас няма сродкаў, то будзем шукаць». Дырэктар раённага ўнiтарнага прадпрыемства «Валожынскi жылкамунгас» Мiхаiл Унучак запэўнiў, што ў найблiжэйшы час пытанне будзе вырашана. Тады Iгар Яўсееў пацiкавiўся, калi канкрэтна, i даў даручэнне ўладкаваць прыбор да сёмага лiстапада. Пытанне ён узяў на асабiсты кантроль. Акрамя таго, Зiнаiда Iванаўна выказала хваляванне, што ў яе суседкi дачка, iнвалiд-калясачнiк, практычна не бывае на вулiцы — у пад'ездзе няма пандуса. Iгар Яўсееў пагадзiўся, што гэта ненармальная сiтуацыя, i запатрабаваў дапамагчы сям'i. Мiхаiл Унучак паабяцаў, што да 15 лiстапада пандус будзе зроблены.

Iрына Сяргееўна жыве ў iнтэрнаце, перададзеным на баланс Валожынскага жылкамунгаса. З вясны да позняй восенi яна перабiраецца ў вёску ў бацькоўскi дом. Факт пражывання там пацвярджаюць даведкi, якiя выдае мясцовы сельвыканкам. Разам з тым у iнтэрнаце з яе бяруць плату за электраэнергiю, бо там устаноўлены агульны лiчыльнiк. Мiж iншым, у тым жа iнтэрнаце без рэгiстрацыi пражывае каля трынаццацi чалавек, якiя карыстаюцца вадой, святлом, аднак за гэтыя паслугi з iх не бяруць нi капейкi. Iрына Сяргееўна прасiла ўстанавiць ёй iндывiдуальны прыбор улiку электраэнергii. Iгар Яўсееў даручыў навесцi парадак у iнтэрнаце, калi магчыма, зарэгiстраваць тых, хто жыве нелегальна, i налiчваць iм плату за камунальныя паслугi.

Дадам, што на прыём да памочнiка Прэзiдэнта прыехалi i жыхары сталiцы, iншых раёнаў Мiнскай вобласцi. У прыватнасцi, Наталля Гiль з Маладзечна расказала, што яны з мужам жылi ў аднапакаёвай кватэры, якую не змаглi прыватызаваць. I цяпер яна перайшла ў разрад арэнднага жылля. Праз колькi гадоў яны з сужэнцам развялiся. Мужчына, якi стаяў у чарзе на жыллё як сiрата, атрымаў сацыяльную кватэру праз дваццаць гадоў. А былая жонка з трынаццацiгадовым сынам жыве па старым адрасе. Нядаўна яна атрымала пiсьмо з райвыканкама вызвалiць жылплошчу. Iнакш — iск у суд.

Iгар Яўсееў канстатаваў, што гэта ненармальна, калi на зiму жанчыну з непаўналетнiм высяляюць на вулiцу. Ён запэўнiў, што разбярэцца ў сiтуацыi. «А пакуль жывiце спакойна, аб высяленнi не можа быць гаворкi», — супакоiў памочнiк Прэзiдэнта заяўнiцу.

Частка пытанняў, якiя хвалююць заяўнiкаў, патрабуе дадатковага вывучэння. Iгар Яўсееў узяў iх на кантроль. А спецыялiстам канкрэтных службаў даручыў дэталёва разабрацца ў сiтуацыi.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: bobr.by

Загаловак у газеце: Даў абяцанне — выконвай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?