Вы тут

Мастакі гавораць з горадам на мове стрыт-арту


У сярэдзіне лістапада ў Мінск прыедзе мастацкі дуэт з Іспаніі, каб завяршыць манументальны стрыт-арт-трыпціх на вуліцы Прытыцкага. Два з трох муралаў на адной з галоўных транспартных артэрый сталіцы ўжо радуюць вока прахожых і аўтамабілістаў. А ўсе разам шматметровыя карціны на тарцавых фасадах дамоў №№ 134,136, 150 — часткі адзінай канцэпцыі міжнароднага праекта «Будучыня», які прадстаўляе Беларусь заўтрашняга дня.


Зрэшты, асаблівасць праекта не ў ягоным маштабе і інтэрнацыянальнай творчай камандзе, а перадусім ва ўнікальным прыкладзе трох- (а па вялікім рахунку, нават пяці-) сектарнага ўзаемадзеяння дзяржавы, бізнесу і гарадскіх актывістаў. Ідэя нарадзілася і рэалізоўвалася супольна — адміністрацыя Фрунзенскага раёна сталіцы, стрыт-арт-пленэр Urban Myths і кампанія А1 вырашылі не толькі ўпрыгожыць родны горад, але паказаць рух Беларусі ў будучыню праз вобразы маладых людзей — герояў новага часу. Больш за тое, перад тым, як прыступіць да работы, арганізатары праекта з дапамогай спецыялістаў Белдзяржуніверсітэта правялі сацыялагічнае апытанне сярод жыхароў гэтых і навакольных шматпавярховікаў, як яны ставяцца да перамен — амаль 86 %, альбо больш чым чатыры пятыя, горача падтрымалі ідэю стварэння муралаў на фасадах, а больш за 50 % адзначылі, што абліччу раёна неабходнае паляпшэнне. Таксама пракансультаваліся з выкладчыкамі кафедры манументальнага мастацтва Акадэміі мастацтваў, каб будучы трыпціх не дысанаваў, а гарманічна спалучаўся з існуючай забудовай.

«Фрунзенскі раён — самы буйны па колькасці жыхароў у сталіцы. Ідэя запрасіць мастакоў, каб надаць тыпавым жылым дамам, збудаваным 30—40 гадоў таму, больш сучасны выгляд, падалася нам цікавай, — кажа першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Дзяніс Драпей. — Сёння мы шукаем новыя падыходы да добраўпарадкавання і змянення аблічча раёна, і для нас важна, як жыхары ставяцца да гэтага».

Безумоўна, дзеля большай эфектнасці арганізатары стараліся як мага даўжэй трымаць праект у сакрэце, аднак муралы плошчай каля 250 квадратных метраў — не тыя карціны, якія можна да часу прыкрыць палатном і схаваць з вачэй пільных гараджан. Таму ўжо ў кастрычніку мінчане ўбачылі, як ствараюцца ў тэхніцы фотарэалізму работы «Фрыланс» і «Лічбавы свет». Дарэчы, усе часткі і праект у цэлым носяць менавіта беларускамоўныя назвы, і гэта, акцэнтуе кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў, прынцыповы момант.

«Мне здаецца, гэта першы такі праект у Мінску, ад пачатку да канца зроблены прадумана і асэнсавана, з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых», — падсумоўвае каардынатар Urban Myths Алег Ларычаў. Зрэшты, праўдзівасць гэтага сцвярджэння можна будзе праверыць нашмат пазней, калі грамадства, медыя, архітэктары і прадстаўнікі навуковай супольнасці ацэняць ужо гатовы трыпціх.

Левая яго частка — аўтарства сербскага мастака Artez, які ўклаў у партрэт дзяўчыны-фрылансеркі свае ўражанні ад цэнтра Мінска — раёна тусовачнай Зыбіцкай і старой Нямігі. Тут можна ўбачыць і «па-моднаму» надзеты рукзак з ноўтбукам, і колішні талончык на метро, якое прывяло мастака ў захапленне, і валошку як адзін з нацыянальных сімвалаў Беларусі... Гераіня правага мурала «Лічбавы свет» беларускага мастака Mutus (псеўданім пінчаніна Яўгена Сасюры) — таксама цалкам рэальная дзяўчына, фота якой аўтар убачыў у сацсетках. Ад фота да канчатковай выкрышталізаванай ідэі, гаворыць Яўген, прайшло некалькі месяцаў напружанай працы і звыш 60 варыянтаў эскізаў. У гатовай рабоце аб'ядналіся міфалогія і тэхналогіі: нітка лёсу — яе сплятае дзяўчына, як калісьці славянская багіня часу і лёсу людскога, апякунка жанчын Макаш — бярэ пачатак з лічбавага «воблака». «Спачатку жыхары дома не вельмі разумелі, што адбываецца, а калі з фрагментаў пачаў складвацца малюнак, прыходзілі мяне падтрымліваць — хто прапаноўваў бутэрброды, хто чай або віно», — усміхаецца мастак.

У завяршальнай частцы трыпціха «Мы — героі будучыні» малады, але ўжо вельмі вядомы мастак з Каталоніі Slіm разам з напарнікам Jofre Olіveras паспрабуе ўвасобіць вобраз сям'і, узаемнай падтрымкі і клопату, як самых важных каштоўнасцяў — не толькі для беларусаў або іспанцаў, а для людзей усіх нацыянальнасцяў. Героямі трэцяй работы, анансавалі арганізатары, таксама сталі ўбачаныя на вуліцах звычайныя гараджане, але гэтым разам маленькія — якраз тыя, у чыіх руках прагрэс і новыя тэхналогіі, каму жыць і працаваць у Мінску заўтрашнім. І нават калі муралы да гэтага часу маральна састарэюць ці будуць замаляваныя, аўтары па-філасофску заўважаюць: галоўнае — упрыгожыць Мінск сённяшні, натхніць жыхароў і гасцей сталіцы і прымусіць іх задумацца пра важныя рэчы, а не захаваць як мага даўжэй свой аўтограф на фасадзе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: З любоўю, Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».