Вы тут

Жыллё ў сталiчных раёнах будуць мадэрнiзаваць згодна з яго ўзростам


Максiмальнага эфекту пры мiнiмальных затратах хочуць дасягаць камунальнiкi падчас капрамонту. З 2020 года па ўсёй Беларусi плануецца штогод рамантаваць ужо па тры i больш працэнты жылля. У сталiцы, напрыклад, гэта будзе 247 дамоў агульнай плошчай больш за мiльён квадратных метраў.


Падыходы да капрамонту ў сталiцы сёлета кардынальна змянiлiся. Перш за ўсё гэта датычыцца правядзення рамонту жылля з долевым удзелам грамадзян у фiнансаваннi работ. У Мiнску да такога гатовы чатыры сталiчныя дамы. Пры выкананнi стандартнага комплексу мерапрыемстваў на доме (без улiку мадэрнiзацыi сiстэмы ацяплення) ад кожнай кватэры мусяць на працягу дзесяцi гадоў заплацiць прыкладна 1200 долараў, каб пакрыць сваю долю ўдзелу ў мадэрнiзацыi. Гэта прыблiзна 17—23 рублi штомесяц.

Яшчэ адна змена закранула размеркаванне запланаванай лiчбы капрамонту (2,8 % ад агульнай колькасцi дамоў, што маюць у гэтым патрэбу). Раней яна была аднолькавая для ўсiх дзевяцi раёнаў Мiнска. Цяпер жа планавыя лiчбавыя паказчыкi будуць падзелены па раёнах з улiкам гадоў забудовы жылфонду.

— Калi параўноўваць жыллё ў Партызанскiм раёне, дзе пераважвае стары фонд 40—50-х гадоў забудоўлi, i Фрунзенскi, якi адносна малады, то пры аднолькавых лiчбах капрамонту ў iх гадоў праз дзесяць мы б выйшлi ў Фрунзенскiм раёне на рамонт дамоў, збудаваных у 80—90-х, а ў Партызанскiм — захраслi б на 50-х. Каб такога не адбылося, плошча рамантаванага жылля будзе вызначацца адпаведна з часам яго стварэння. У Партызанскiм будзе рамантавацца больш, чым у Фрунзенскiм, — расказаў Уладзiмiр ЛЕБЕДЗЬ, галоўны iнжынер Мiнскай жыллёвай гаспадаркi.

Для кожнага раёна Мiнска распрацоўваецца перспектыўная праграма на 2021—2025 гады, дзе асаблiвая ўвага будзе ўдзелена комплекснасцi падыходу да капрамонту — яго правядзенню па кварталах.

— Гэтая работа пачалася ўжо сёлета, — падкрэслiў спецыялiст. — Калi мы ўваходзiм з капрамонтам у квартал, мы адразу робiм гэта на пяцi-шасцi дамах. I ўжо на гэтай стадыi правядзення капрамонту праектуюцца за кошт бюджэту Мiнска i распрацоўваюцца планы капiтальнага рамонту i двароў. Як толькi з дамоў сыходзяць будаўнiкi, прыходзяць рамонтнiкi па двары.

— У Мiнскай вобласцi за дзевяць месяцаў гэтага года пасля капрамонту ўведзена ў эксплуатацыю 219,4 тысячы квадратных метраў пры плане 214,7 тысячы. Праведзена iнвентарызацыя жыллёвага фонду. Па кожным доме па вынiках мiнулага ацяпляльнага сезона вызначаны лiчбы цепласпажывання, устаноўлены клас энергаэфектыўнасцi, — расказаў Павел ШЭЙПАК, намеснiк генеральнага дырэктара па жыллёвай гаспадарцы ЖКГ Мiнскай вобласцi.

Тыя некалькi дамоў рамантуюцца ў межах аднаго праекта, над якiм працуе адзiн праекцiроўшчык. Гэта робiцца дзеля адзiнага падыходу да капрамонту. Пасля ўзгаднення праектна-каштарыснай дакументацыi праект будзе выстаўляцца на таргi, каб абраць адну падрадную арганiзацыю для выканання рамонтных работ. Такiм генпадрадчыкам (буйным арганiзацыям, якiя паказалi сябе з найлепшага боку на будаўнiчым рынку) будуць створаны асаблiвыя ўмовы. Такiм чынам мяркуюць выключыць магчымасць удзелу ў конкурсе дробных арганiзацый, якiя сёння ёсць, а заўтра няма.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: Капрамонт па кварталах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».