Вы тут

Фестываль сучаснай харэаграфіі рыхтуецца да сустрэчы з гледачамі


ХХХІІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (ІFMC) пройдзе чарговы раз з 18 да 23 лістапада і збярэ артыстаў з Беларусі, Бельгіі, Расіі, Украіны, Іспаніі, Нідэрландаў. Афіша ІFMC-2019 прадстаўлена сёлета рознафарматнымі пастаноўкамі, якія будуць дэманстравацца на канцэртных пляцоўках у Мінску і ў Віцебску.


Начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга падкрэслівае: «Гэты фестываль — найбуйнейшы сярод прафесійных фестываляў сучаснай харэаграфіі, якія праводзяцца ў нашай краіне. Тыя пастаноўкі, з якіх складаецца праграма, заўсёды адрозніваюцца высокім густам, якасцю і прафесійным узроўнем».

У рамках фестывалю таксама адбудуцца інтэрактыўныя лекцыі, майстар-класы, семінары, круглыя сталы, выстаўкі. Сярод іх фотапраект «Сучасны танец у Віцебску. Канец ХХ — пачатак ХХІ стагоддзя» фатографа Ігара Гусакова, які перадасць атмасферу ІFMC за гады яго існавання. Таксама тут будзе прадстаўлена выстаўка скульптуры «На краі Сусвету» мастака Сяргея Сотнікава.

Аднак эпіцэнтрам ІFMC-2019 стане Беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі. Для ўдзелу ў ім запрошаны харэаграфічныя калектывы, балетныя трупы і артысты танцавальных праектаў, творчасць якіх суадносіцца з паняццем «сучасная харэаграфія».

— Кожны год наш фестываль пашырае маштабы, аднак неад'емнай часткай з'яўляецца конкурс. Калі мы толькі пачыналі, то гэта была вялікая палітра, бо нам дасылалі заяўкі эстрадныя калектывы, нумары ад вар'етэ і тады яшчэ мала хто меў уяўленне пра тое, што такое «сучасная харэаграфія». Зразумела, паралельна з гэтай сферай адбываўся пэўны творчы селект, і мы, паступова займаючыся самаадукацыяй, цяпер маем паўнавартаснае разуменне, што гэты кірунак сабой уяўляе, — падзялілася намеснік генеральнага дырэктара ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» Марына Раманоўская. — Сёлета конкурс беларускі, на яго паступілі 33 заяўкі, і зараз працуе камісія адборачнага відэатура. Удзельнікі прадставілі 38 твораў, сярод якіх ёсць мініяцюры, аднаактавыя балеты і іншыя жанры. Па выніках камісія вызначыць тых, чыя творчасць будзе прадстаўлена на конкурснай сцэне.

Ацэньваць узровень майстэрства сучасных харэографаў будзе міжнароднае журы і экспертны савет (яго задача — адсачыць творы на наяўнасць плагіяту).

Акрамя конкурсных выступленняў, гледачы ўбачаць пастаноўкі розных кірункаў і тэматыкі. Аматарам класікі ў сучасным прачытанні будуць прадстаўлены харэаграфічны спектакль «Ганна Карэніна» Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгена Вахтангава. Чакае нас і сусветная прэм'ера — адна з самых страшных гісторый Мікалая Гогаля ў балеце паводле аповесці «Вій». А калі вы даўно хацелі ўбачыць харэаграфічную эклектыку, то вам на спектакль «OSKARA» калектыву з Іспаніі. Сюрпрыз падрыхтавала Віцебская абласная філармонія: тут пакажуць бельгійска-галандскі танцавальны праект «Sweаt baby sweаt», дзе элементы буто, ёгі і акрабатыкі пераплятаюцца ў кантэксце гісторыі аднаго кахання.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Пра важнае — на мове танца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».