Вы тут

У Мінск прывезлі «Белы горад» з Тэль-Авіва


Сёлета ў свеце адзначаюць 100-годдзе Вышэйшай школы будаўніцтва і мастацкага канструявання Баўхаус. Заснаваная ў 1919 годзе ў нямецкім Веймары, яна абвясціла стварэнне новага архітэктурнага кірунку — будынкаў будучага, узведзеных па прынцыпах мэтазгоднасці, функцыянальнасці і зручнасці (менавіта ў гэтым, на думку архітэктараў-наватараў, і ёсць сапраўдная прыгажосць эпохі электрычнасці і несупыннага тэхнічнага прагрэсу). Прынцыпы Баўхауса распаўсюдзіліся па розных краінах свету і сталі асновай для стылю мадэрнізму.


У 1933 годзе пад ціскам нацысцкага ўрада школа ў Германіі закрылася, але яе настаўнікі і вучні працягнулі работу ў іншых краінах. Найбольш поўнае ўвасабленне ідэі архітэктараў знайшлі ў Тэль-Авіве — якраз тады горад імкліва рос, прымаючы ўсё новых насельнікаў, якім патрабаваліся жыллё і грамадскія будынкі. За шэсць гадоў быў узведзены асноўны корпус пабудоў у стылі баўхаус — больш за тры тысячы будынкаў! Архітэктурны ансамбль квартала Белы горад стаў адной з самых значных і маштабных «калекцый» гэтага кірунку.

У 2003 годзе Белы горад быў унесены ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як «выдатны ўзор новага горадабудаўніцтва і архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя». Гістарычны квартал, які перажыў маштабнае аднаўленне і рэканструкцыю, з’яўляецца адной з турыстычных славутасцяў.

...Паглядзець, які быў ізраільскі архітэктурны мадэрнізм 1930–1940-х і які стаў у наш час, можна і ў Беларусі. Прынамсі на экспазіцыі Ізраільскага культурнага цэнтра «Натыў» пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі «Баўхаус. Белы горад Тэль-Авіва», якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі. Выстаўка фота- і відэаматэрыялаў створана спецыялістамі ізраільскага музея-цэнтра Баўхаус, каб пазнаёміць шырокую аўдыторыю з найбольш удалымі прыкладамі рэканструкцыі архітэктурнай спадчыны горада і яго ўключэнні ў сучасны кантэкст.

— Дзіўная рэч: Тэль-Авіў — наш любімы горад, аднак апошнія тры гады я знаходжуся ў музейных залах у Мінску часцей, чым у Тэль-Авіве, — пажартаваў на адкрыцці выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам. — Сто з нечым гадоў для горада — з аднаго боку, не так і шмат, але для краіны, якой крыху больш за семдзесят — ужо нямала. Мы ганарымся і хвалімся Тэль-Авівам не толькі таму, што ён малады і ў ім малады дух, і сёння якраз карыстаемся магчымасцю паказаць адну са знакавых мясцін горада, і яшчэ раз пахваліцца. Усе карцінкі сапраўдныя, даю чэснае слова, я асабіста жыў і гуляў па многіх вуліцах і бачыў гэтыя будынкі, а цяпер хачу, каб вы таксама ўбачылі наш любімы горад, атрымалі задавальненне і захацелі туды прыехаць, каб паглядзець усё на ўласныя вочы».

Кіраўнік гістарычнага музея Павел Сапоцька нагадаў, што праекты па папулярызацыі культурнай і гістарычнай спадчыны заўжды вельмі добра прыжываюцца і прымаюцца мінскай публікай, да таго ж яны карысныя з пазіцыі вывучэння вопыту па ўключэнні знакавых аб’ектаў у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: «Таму я шчыра рады, што і нашы супрацоўнікі, і госці музея адкрыюць для сябе такую ўнікальную з’яву і мастацкі кірунак, як баўхаус».

Даследчыкі могуць расказаць і пра ўплыў Баўхауса на архітэктуру СССР і сувязь з Беларуссю (напрыклад, менавіта дзякуючы гэтай школе ў 1927 годзе ўбачыла свет першая кніга Казіміра Малевіча «Супрэматызм. Свет як беспрадметнасць», а архітэктар віцебскай школы, авангардыст Эль Лісіцкі стаў фактычна сувязным паміж мастакамі Захаду і Савецкага Саюза). Але перадусім, канешне, баўхаус — гэта пра гарадскую забудову, мінімалізм, строгія і лаканічныя абрысы, гарызантальныя «стужкавыя» вокны і балконы якой пазнаюцца з першага погляду. Плаўныя бесперапынныя лініі дамоў Белага горада, не сапсаваныя дэкорам, зачароўваюць, а беражлівая рэканструкцыя і арганічнае спалучэнне забудовы 1930-х з сучаснымі хмарачосамі выклікаюць сапраўднае захапленне і надзею — у рэаліях беларускіх гарадоў таксама так можна?

Выстаўка, што працягнецца да 12 лістапада, арганічна спалучылася з мерапрыемствамі фестывалю «Беларуская архітэктурная восень — 2019» — гэты форум збірае майстроў беларускага і замежнага дойлідства і маладых архітэктараў, даючы пляцоўкі для абмену вопытам. «У архітэктуры ёсць свая мода: то мадэрн, то сталінскі ампір... Спадзяюся, што дзякуючы такім выстаўкам адбудзецца культурны рост і калег, і наогул усіх беларусаў, і што нарэшце папулярная ва ўсім свеце сучасная архітэктура ўвойдзе ў моду і ў Беларусі», — заўважыў намеснік старшыні Беларускага саюза архітэктараў Міхаіл Гаўхфельд.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Убачыць архітэктурную рэвалюцыю — і натхніцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».